Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Кардынал Зянон Грахалеўскі пракаментаваў магчымы прыезд у Беларусь Папы Рымскага
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.05.2016 14:03

Падчас Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса, які 24-26 мая праходзіць у Гродне, папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі адказаў на пытанне, што трэба зрабіць, каб Пантыфік наведаў Беларусь.

«Каб гэтая сустрэча стала плённай, фундаментальнай рэччу павінна стаць інфармаванне Святога Пасаду пра ўсе праблемы, з якімі сутыкаецца Касцёл у Беларусі. Я ведаю, што ў Беларусі, як і ў кожнай краіне, здараюцца часам цяжкасці. Але іх не трэба замоўчваць, але гаварыць, як ёсць – праўду, – адзначыў кардынал. – Разам з тым я цешуся, што Касцёл у вас расце і вы ў сваю чаргу цешыцеся вашай верай. Гэта вельмі важна».

Ватыканскі іерарх прыгадаў часы, калі быў прэфектам Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі і, як юрыст па адукацыі, прымаў удзел у пасяджэннях Кангрэгацыі Дактрыны Веры.

«Калі ад цябе залежыць нейкае рашэнне, ты павінен, нягледзячы на аўтарытэт кагосьці, гаварыць толькі праўду. Кодэкс Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла я прачытаў ужо некалькі разоў, але кожны раз, калі мне трэба было ставіць свой подпіс, я ізноў перачытваў пункты Кодэкса, каб яшчэ раз прыгадаць яго параграфы і выказаць тую думку, якую маю», — сказаў кардынал.



Іерарх прыгадаў, што Пантыфікі, з якімі яму даводзілася працаваць, заўсёды хацелі чуць розныя меркаванні і думкі.

«Я таксама заўсёды хацеў, каб мае супрацоўнікі гаварылі пра тое, што яны думаюць. Бо адзіны дасканалы – гэта Пан Бог, а ўсё астатняе можа мець хібы, але іх можна выправіць. Трэба толькі не баяцца пра іх казаць», — заключыў папскі пасланнік.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.