Пошук


Упершыню ў гісторыі Мінск прымаў у сябе пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы.

У беларускую сталіцу прыехалі старшыні і прадстаўнікі мясцовых епіскапатаў 45 краін Еўропы. Разам з імі — эксперты з Ватыкана, тэхнічныя спецыялісты і журналісты.

Catholic.by сабраў 5 выказванняў асамблеі і далучыў здымкі, якія не ўвайшлі ў афіцыйную хроніку.

1. «Царква паказвае прыклад, якім шляхам трэба ісці, каб наблізіцца да вырашэння канфліктаў»

У пачатку свайго візіту ў Беларусь каталіцкія іерархі былі запрошаныя на сустрэчу з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у Палац Незалежнасці ў Мінску.

«Існуючая ў нас сістэма неканфліктных адносін паміж дзяржавай, рэлігіяй і грамадствам можа і павінна быць прыкладам для іншых краін, — агучыў тады кіраўнік Беларусі.

Прэзідэнт дадаў, што Рада Канферэнцый Біскупаў Еўропы — прыклад таго, што Царква, як заўсёды, паказвае прыклад, якім шляхам трэба ісці, каб наблізіцца да вырашэння тых складаных застарэлых і новых канфліктаў, якія ёсць сёння ў свеце.

«І тым больш важкім становіцца статус нашага Мінска, як важнай пляцоўкі для перамоў, на якой абмяркоўваюцца і прымаюцца рэзалюцыі па самых цяжкіх рэгіянальных і сусветных праблемах», — нагадаў беларускі лідар.

2. «Пытанні дазволу на працу для замежных святароў можна вырашыць праз дыялог»

«Дзяржава і Касцёл разумеюць, што яны пакліканыя разам спрыяць супольнаму дабру і ўсебаковаму развіццю асобы ў духу ўзаемнага прызнання і ўзаемапавагі», — зазначыў кардынал Баньяска, выступаючы з прамовай перад Прэзідэнтам Беларусі.

«Мы высока ацэньваем працу і дыялог, якія дзяржаўныя ўлады вядуць з рознымі хрысціянскімі Цэрквамі краіны», — сказаў іерарх.

«У гэтай атмасферы добрага супрацоўніцтва мы ўпэўненыя, што пытанні адносна дазволу на пражыванне і працу для замежных святароў і адносна касцёльнай маёмасці — а яны абодва жыццёва важныя для місіі евангелізацыі — могуць быць вырашаны ў эфектыўным і актуальным дыялогу з удзелам усіх», — зазначыў кардынал.

Працягам знаёмства еўрапейскіх іерархаў з Беларуссю стала наведванне грэка-каталіцкай парафіі Св. Язэпа ў Мінску.

«Я тут для таго, каб не толькі ўдзельнічаць у гэтай канферэнцыі, але таксама каб сустрэцца з нашымі братамі грэка-католікамі Беларусі, […] і зрабіць усё для таго, каб узаемаразуменне і супрацоўніцтва паміж Цэрквамі было добрай будучыняй нашых краін, нашых народаў і нашых Цэркваў», — заключыў Вярхоўны арцыбіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Святаслаў Шаўчук.

3. «З гэтым форумам распачынаецца новая гісторыя адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у Беларусі»

  

На чале з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам іерархі наведалі таксама Свята-Духавы праваслаўны сабор на Нямізе.

«Такога, каб асобны праваслаўны іерарх прымаў усіх біскупаў Еўропы  яшчэ не было. Я прысутнічаў амаль на ўсіх пасяджэннях Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы пачынаючы з 1991 года, але такога яшчэ ні разу не бачыў», — зазначаў Мітрапаліт Кандрусевіч.

«З гэтым форумам распачынаецца новая гісторыя адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у Беларусі», — сказаў каталіцкі іерарх.

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Павел у сваю чаргу адзначыў, што Царква будзе ўдзячная за перайманне вопыту ў Касцёла.

Як дадаў Мітрапаліт Павел, Касцёлу ўдаецца збіраць шматмільённыя аўдыторыі, што не заўсёды характэрна для Праваслаўнай Царквы. «Таму мы звяртаем увагу на вашыя дыскусіі і будзем удзячныя, калі вы падзеліцеся сваім вопытам з Праваслаўнай Царквой», — дадаў Мітрапаліт Павел.

4. «Абавязак біскупаў — нагадаць усім, што Еўропа —  духоўнае і маральнае заданне»

Пра гэта ў сваёй прамове на адкрыцці пасяджэння ў гарадской ратушы нагадаў старшыня РКБЕ кардынал Анджэло Баньяска.

«Не нашая справа займацца эканамічнымі і гандлёвымі разлікамі, але наш абавязак нагадаць усім, што Еўропа — гэта не проста геаграфічная агламерацыя, не толькі група народаў, а духоўнае і маральнае заданне; гэта не структурная схема, а жывы арганізм, супольнасць жыцця і лёсу».

5. Вырашэнне сітуацыі са служэннем замежных святароў у Беларусі «прыйдзе не раптоўна, а паступовымі крокамі»

Старшыня польскага епіскапату арцыбіскуп Познаньскі Станіслаў Гандэцкі адзначыў, што адсутнасць дастатковай колькасці святароў у каталіцкіх парафіях Беларусі — сапраўдная праблема мясцовага Касцёла, якая можа быць вырашана прысутнасцю святароў з-за мяжы.

Біскуп выказаў сваё шкадаванне ў сувязі з тым, што польскім святарам не працягваюць тэрмін візы ў Беларусі і дадаў, што «вырашэнне гэтай сітуацыі прыйдзе тут не раптоўна, а паступовымі крокамі».

«У Беларусі справы вырашаюцца па-іншаму, чым на захадзе Еўропы. Тут усё адбываецца крыху даўжэй», — заключыў іерарх.

Працяг будзе.

Абноўлена 06.10.2017 01:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця