Кіраўнік Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Польшчы і віцэ-старшыня Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ) арцыбіскуп Познаньскі Станіслаў Гандэцкі ў размове з Catholic.by пракаментаваў сітуацыю з польскімі святарамі, якія нясуць служэнне ў Беларусі.
Польскі іерарх адзначыў, што адсутнасць дастатковай колькасці святароў у парафіях з’яўляецца сапраўднай праблемай для мясцовага Касцёла, якая можа быць вырашана прысутнасцю святароў з-за мяжы.
Той факт, што польскім святарам не працягваюць тэрмін візы ў Беларусі, арцыбіскуп пракаментаваў наступным чынам.
«Вырашэнне гэтай сітуацыі, я мяркую, прыйдзе тут не раптоўна, а паступовымі крокамі. Тут справы вырашаюцца па-іншаму, чым на захадзе Еўропы. Тут усё адбываецца крыху даўжэй», — заключыў іерарх.
«Я думаю, што гэтыя праблемы можна вырашыць толькі тады, калі паставім сабе пытанне: хочам мы іх вырашыць ці не? Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Польшчы выказвае сваю салідарнасць з намаганнямі беларускага епіскапату ў гэтым кірунку», — зазначыў арцыбіскуп.