Ваша Эксцэленцыя арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч,
Ваша Высокапраасвяшчэнства Мітрапаліт Павел,
Высокадастойныя прадстаўнікі ўладаў Рэспублікі Беларусь,
Вашы Эмінэнцыі, Вашы Эксцэленцыі, дарагія браты і сёстры ў Хрысце,
На самым пачатку гэтага нашага пленарнага пасяджэння я жадаю ад імя ўсіх удзельнікаў прывітаць і падзякаваць Яго найдастойнейшай Эксцэленцыі Тадэвушу Кандрусевічу, арцыбіскупу Мінска-Магілёўскаму і старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. Мы прыбылі сюды з вялікай радасцю, зацікаўленасцю і з вялікімі спадзяваннямі.
Вітаю таксама Яго Эмінэнцыю кардынала Марка Уэлле, прэфекта Кангрэгаці па справах біскупаў. Праз Вас, Ваша Эмінэнцыя, мы пацвярджаем нашую глыбокую лучнасць з Наступнікам Пятра, які сёння пэўным чынам прысутны сярод нас у Вашай асобе.
Гэтае прывітанне я кірую таксама Яго найдастойнейшай Эксцэленцыі Габару Пінтэру, Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі, прадстаўніку Святога Айца ў гэтай краіне.
Вітаю таксама з удзячнасцю за гасціннасць у гэтай краіне шаноўнага спадара Васіля Жарко, намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. Дзякую таксама шаноўнаму спадару Андрэю Шорацу, старшыні гарадскога выканаўчага камітэта Мінска, гэтага прыгожага і старажытнага горада, 950-годдзе першага ўспаміну якога мы сёлета адзначаем. Мы радыя магчымасці далучыцца да гэтага святкавання і дзякуем Вам за вашую гасціннасць у гэтай велічнай старадыўняй ратушы.
Асаблівым чынам мне б хацелася прывітаць Яго Высокапраасвяшчэнства Паўла, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Дзякуем яму не толькі за яго прысутнасць на гэтай цырымоніі адкрыцця, але таксама за абед, на якім ён пажадаў прыняць удзельнікаў нашай сустрэчы. Калі ўжо ў 2014 годзе, з нагоды IV Каталіцка-праваслаўнага форуму, РКБЕ магла пераканацца ў добрых адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой у Рэспубліцы Беларусь, мы ўдзячныя Пану Богу за магчымасць сёння канстатаваць і пацвердзіць добрую якасць гэтых адносінаў. Вашая прысутнасць сярод нас заклікае нас да таго, каб яшчэ раз пацвердзіць наш супольны клопат аб развіцці і распаўсюджванні на нашым кантыненце веры і вялікіх чалавечых каштоўнасцяў, якія з яе бяруць пачатак.
Я таксама з радасцю вітаю прадстаўнікоў розных веравызнанняў і рэлігій, прысутных у Беларусі, якія аказалі нам гонар сваёй прысутнасцю на пачатку нашай сустрэчы: пастыра Лютэранскай супольнасці Уладзіміра Татарнікава, рэбе Грыгорыя Абрамовіча, муфтыя Абу-Бекіра Шабановіча.
Асаблівую падзяку я скіроўваю таксама ўсім вам, біскупам Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі і архімандрыту Сяргею Гаеку МІС, Апостальскаму візітатару грэка-католікаў на Беларусі, за вашую прысутнасць і вашую гасціннасць. Мы даручаем сябе вашым малітвам, а таксама запэўніваем у нашай малітве за Касцёл на Беларусі.
Дарагія сабраты, члены РКБЕ, усім вам — маё братняе прывітанне з радасцю ад магчымасці правесці разам з вамі гэтыя дні, да якіх мы старанна падрыхтаваліся. Мы ўсведамляем важнасць быць разам, каб супольнымі намаганнямі глыбей засяродзіцца на пытаннях, якія турбуюць нашыя сэрцы.
А цяпер дазвольце мне асабліва прывітаць тых, хто ўпершыню бярэ ўдзел у такім пасяджэнні:
Яго Эмінэнцыю кардынала Гуалцьеро Бассэцці, старшыню Канферэнцыі біскупаў Італіі;
Яго Эксцэленцыю Ёханэса ван дэн Хэндэ, старшыню Канферэнцыі біскупаў Нідэрландаў;
Яго Эксцэленцыю Станіслава Зорэ, старшыню Канферэнцыі біскупаў Славеніі.
Шчыра вітаю таксама дэлегатаў, якія прадстаўляюць некаторых адсутных тут з розных прычынаў старшыняў: просім вас перадаць ім і ўсім сабратам біскупам вашых краінаў нашае цёплае і сардэчнае прывітанне.
Я не магу не ўзгадаць таксама і нашых запрошаных. Дзякую кожнаму з вас за вашую прысутнасць і за дапамогу, якую вы аказваеце нам у нашых разважаннях:
Монсіньёру Васілю Гавэру, дэлегату Канферэнцыі біскупаў Казахстана;
Монсіньёру Паоло Рудэллі, пастаяннаму назіральніку Святога Пасаду пры Радзе Еўропы і
Айцу Аліўе Пакіёну ОР, генеральнаму сакратару Камісіі Канферэнцый біскупаў Еўрасаюзу.
Дарагія сябры,
Уступ
«Свецкі, секулярны гуманізм нарэшце праявіўся ва ўсіх сваіх жахлівых маштабах і ў пэўным сэнсе стаў выклікам для Сабору. Рэлігія Бога, які стаўся чалавекам, сустрэлася з рэлігіяй (бо яна такой з’яўляецца) чалавека, які становіцца Богам». Словы, якія Павел VI сказаў у прамове на заканчэнне ІІ Ватыканскага Сабору (7 снежня 1965 г.) гучаць і надалей актуальна і дапамогуць нам на пачатку нашай працы. Да чаго прывяла гэтая сустрэча, якая магла стаць сутыкненнем? «Старадаўняя гісторыя пра самараніна стала ўзорам духоўнасці Сабору: вялізнае спачуванне цалкам яго прасянула», — адказвае благаслаўлёны Папа (тамсама).
Як рэха гэтага духу евангельскага спачування гучалі частыя заклікі святога Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI да Еўропы, і ў многіх сваіх выступленнях Святы Айцец Францішак зноў скіроўваў гэты пастырскі і прарочы позірк, жадаючы «новага і мужнага ўздыму для гэтага ўзлюбленага кантыненту». Узлюблены кантынент — гэта Еўропа, а нагодай было ўручэнне прэстыжнай прэміі Карла Вялікага (16 мая 2016 г.). Мы, якія маем гонар і заданне прадстаўляць тут пастыраў Каталіцкага Касцёла ў Еўропе, таксама падзяляем гэтае пажаданне і змяшчаем яго перадусім у сэрцы нашай малітвы, усведамляючы, што падзел паміж верай і жыццём «трэба залічыць да найцяжэйшых заганаў нашых часоў» (ІІ Ватыканскі Сабор, GS 43). У той жа час мы пацвярджаем кожнае заданне дзеля адкрытага абвяшчэння Евангелля і аднаўляем любоў, якую кожны з нас мае не толькі да свайго народа, але таксама да кожнага народа і нацыі, у гэтым усеагульным подыху, уласцівым Хрыстоваму Евангеллю.
Мы таксама цвёрда перакананыя разам з Папам, што Еўропа «мае моц, культуру, гісторыю якую нельга змарнаваць» (Папа Францішак, прэс-канферэнцыя падчас палёту з Мексікі, 17 лютага 2016 г.); што «да адраджэння Еўропы знясіленай, але ўсё яшчэ багатай энергіяй і магчымасцямі, можа і павінен прычыніцца Касцёл. Яго заданне супадае з яго місіяй» (Папа Францішак, Прамова падчас уручэння прэміі Карла Вялікага), штораз больш усведамляючы бясспрэчнае багацце двух «лёгкіх: усходнягя і заходняга» (Папа Францішак, Пасланне да пленарнага пасяджэння 2016 г.)
Такім чынам, Еўропа не павінна змарнаваць сама сябе, двухтысячагадовую гісторыю, што звязвае яе з хрысцінянствам і якая, нягледзячы на цёмныя чалавечыя бакі, прынесла плады цывілізацыі і культуры, але павінна лепш ставіцца да сябе, павінна паверыць у свае магчымасці, ведаючы, што «гэтую гісторыю, большаю часткаю, яшчэ трэба будзе напісаць» (Папа Францішак, Прамова да Еўрапарламента, 25 лістапада 2014 г.). Нават крыху знясіленая, магчыма, употай расчараваная, яна не павінна здавацца, павінна зноў адшукаць першапачатковы энтузіязм, безумоўна, не тое мінулае бачанне сябе ў цэнтры свету, але магчымасць падараваць штосьці прыгожае і асаблівае чалавецтву. Кожны рэгіён свету, сапраўды, мае штосьці вялікае і сваё ўласнае, што можа даць іншым: усе павінны навучыцца думаць пра сябе ў сувязі з іншымі рэгіёнамі, у велікадушным імкненні даваць і прымаць.
1. Пленарнае пасяджэнне
Адна з дзвюх асноўных тэмаў нашага пленарнага пасяджэння, як было вырашана летась у Монтэ-Карла, гэта адносіны паміж РКБЕ і еўрапейскім кантынентам, аддносіны, якія мы ведаем у святле нашых статутаў, але на якіх будзе карысна яшчэ раз засяродзіцца ў патоку гістарычных абставінаў, з мэтаю эфектыўнага служэння ў Духу Хрыста, які мые ногі апосталам. Другой тэмай, што стане прадметам нашых разважанняў і дыскусіі, будзе моладзь, таксама ў перспектыве Сіноду наступнага года.
Дарагія сабраты, на пачатку першага пленарнага пасяджэння, якое я маю гонар узначальваць, дазвольце мне яшчэ раз падзякаваць ад свайго імя і ад імя намеснікаў старшыні за давер, які вы выказалі нам, выбіраючы для выканання гэтых абавязкаў. Мы можам запэўніць вас у тым, што адразу ж узяліся за працу, каб зрабіць усё магчымае на карысць Рады. З належнай удзячнасцю вітаю кардынала Петэра Эрдо, які на працягу дзесяці гадоў самааддана і кампетэнтна кіраваў нашай структурай, а разам з ім таксама і сабратоў, якія працавалі ў якасці намеснікаў старшыні.
2. Секулярызм, які ізалюе
Вяртаючыся да Еўропы, адзначым, што вопыт пастыраў, якія маюць ласку жыць з народам, сведчыць пра тое, што наступ секулярызму распаўсюджваецца паўсюль, утвараючы сабою гэтую «масавую культуру, гэтую адзіную і стандартную думку», пра што часта гаворыць Святы Айцец і якую ён апісвае як «ідэалагічную каланізацыю». На Сінодах, што адбываліся ў апошняе дзесяцігоддзе, айцы адзначалі гэтую з’яву паўсюдна, ва ўсіх грамадствах і культурах. Часы і спосабы могуць адрознівацца, але намер заўсёды той самы: жыць, не зважаючы на Бога, нярэдка прымушаючы лічыць, што рэлігія супярэчыць шчасцю чалавека, ягонай свабодзе, дэмакратыі і здаровай свецкасці дзяржавы. Якая ж мэта такой ідэалогіі, што атаясамліваецца з поўнай асабістай незалежнасцю? Што не звязвае сябе ні з якімі чалавечымі і рэлігійнымі арыенцірамі? Што раскладае міжасобасныя, грамадскія і міжнародныя адносіны? Якія плады гэтага дрэва? Можа, чалавек сёння больш шчаслівы, а грамадствы больш гуманныя і жыццяздольныя? Насамрэч, шматлікія назіральнікі адзначаюць, што ў сэрцах пасялілася разгубленасць, калі наогул не трывога: «Еўропа стамілася ад дэзарыентацыі», — сцвярджае папа Францішак (Пасланне да пленарнага пасяджэння РКБЕ 2014 г.). А гісторыя вучыць, што дэзарыентацыя, калі яна шырока распаўсюджваецца і працягваецца доўгі час, можа задалёка завесці!
Нягледзячы на гэта, мы, пастыры, ведаем таксама іншую рэчаіснасць, якую маглі б назваць «народнай культурай» не ў тым сэнсе, што яна належыць толькі народу ці ўсяму народу, але ў тым сэнсе, што, як здаецца, яна пераважна знаходзіцца ў адчуванні народнага, таго асноўнага, найбольш простага, але дзякуючы гэтаму, магчыма, больш блізкага да рэчаіснасці і да чалавечнасці. Калі мы, насамрэч, з аднаго боку бачым, што пэўны пункт гледжання на рэчы схіляе паверыць у тое, што ўсё дрэнна, што ўсё безнадзейна, з другога боку мы бачым, што канкрэтныя перажыванні не вычэрпваюцца толькі балючым досведам. Сапраўды, калі мы прыўздымем покрыва таго, што непакоіць, мы ўбачым, што жыццё бруіць, сапраўднае жыццё, жыццё мноства простых людзей, якія з годнасцю нясуць цяжар штодзённых абавязкаў, якія з любоўю і самаахвярнасцю клапоцяцца пра сям’ю, якія сумленнна займаюцца выхаваннем дзяцей, якія даглядаюць сваіх хворых і дапамагаюць суседзям так, што гэта выклікае захапленне… Такім чынам, пад пенаю, што на паверхні, знаходзіцца звычайны штодзённы гераізм, і мы, пастыры, аддаем належнае гэтаму высакароднаму набытку, які не з’яўляецца навіною, а з якога складаецца гісторыя.
3. Вярнуць надзею
Што можам зрабіць мы, пастыры Касцёлаў Еўропы? Папы рознымі словамі паказалі шлях: яны казалі пра «новую евангелізацыю». Цяпер Папа Францішак кажа пра «Касцёл, які выходзіць». Захапленне, руплівасць і неадкладнасць — гэта глеба, з якой паўстаюць няпынныя, настойлівыя заклікі да Касцёла, прысутнага ў свеце.
Калі мы глянем на наш кантынент, магчыма, зможам сказаць, што сёння місія евангелізацыі павінна перадусім загучаць надзеяй. Еўропа не можа знаходзіцца ў дэпрэсіі, у няпэўнасці адносна сваёй душы, абцяжаранай трагічнай памяццю настолькі, што ўзнікае жаданне перакрэсліць сваё мінулае дзеля немагчымага і сумнага адраджэння, у якім намагаецца пераасэнсаваць і перапісаць усё, нават самыя чалавечыя азы. Хрысціянства, як душа для цела, мае заданне ажывіць еўрапейскія карані, карані старажытныя, але заўсёды здольныя даваць парасткі ў сённяшні дзень. Яно павінна вярнуць надзею!
Спасылка на ліст да Дыягнета, якая пралівае шмат святла, была ўжыта Папам у значэнні, блізкім да евангельскага вобразу закваскі ў цесце, што дае вялікую колькасць падказак і арыенціраў. Нашая надзея — гэта не чалавечая мудрасць, гэта Езус Хрыстус, спрадвечнае Слова Бога, якое сталася Чалавекам, Збаўцам свету. На працягу тысячагоддзяў надзея вызваліла найлепшыя сілы, моц ідэалаў, здольнасць да самаахвяравання, настойлівае вывучэнне прыроды, тэхналагічныя дасягненні, смак да філасофіі, літаратуры і навукі; яна стала зачынам калектыўнай свядомасці, натхніла на супольны лад жыцця, даўшы парасткі дэмакратыі і шэдэўры творчасці і мастацтва. Аднак гэта не перашкодзіла з’яўленню цёмных бакоў і прабуксовак, якія ніхто не адмаўляе.
Цяпер усё здаецца ўжо за плячыма кантынента, які робіць уражанне разгубленага, які здаецца бясплодным, няздольным нараджаць дзяцей, якія змогуць бачыць адзін у адным братоў у адной «сям’і народаў» (пар. папа Францішак, Прамова да Еўрапарламента).
4. Сказаць «Езус»
«Гэта не канец. Я лічу, што Еўропа мае шмат сілаў для таго, каб ісці наперад. <…> Самая вялікая сіла — гэта асоба Езуса. Еўропа, вярніся да Езуса! Вярніся да таго Езуса, пра якога ты сказала, што Яго не было ў тваіх вытоках. І гэта праца пастыраў: прапаведаваць Езуса» (папа Францішак, Прамова на пленарным пасяджэнні РКБЕ, 3 кастрычніка 2014 г.).
Ці секулярызм яшчэ пакідае магчымасць абвяшчаць, што Езус — Пан? Можа, ён ужо так ачмурыў і ўсыпіў сумленне паасобных людзей і народаў, што яны ўжо больш не ў стане чуць і бачыць? Можа, здаровая свецкасць, прызнаная настаўніцтвам Касцёла, перарадзілася ў ідэалагічны секулярызм? Ці мы сутыкнуліся з чымсьці непазбежным і непапраўным? Магчыма, пэўная культура і лічыць яго незваротнай з’явай, але, бясспрэчна, працэс не можа лічыцца непазбежным у сэнсе казуальнасці і непераадольнсці. І так, як зрабіць, каб імя Езуса зноў загучала ў сэрцах сучаснікаў? І што зрабіць, каб стала зразумелым, што Бог — гэта Хтосьці і што веру нельга блытаць з добрымі пачуццямі? Што яшчэ існуюць рэчы, дзеля якіх варта цярпець? Будзе карысным правесці супастаўленне, чым мы і зоймемся, на падставе словаў Езуса, скіраваных да апостала Паўла: «Не бойся, але кажы і не маўчы, таму што Я з табою і ніхто не адважыцца зрабіць табе зло, бо ў Мяне шмат людзей у гэтым горадзе» (Дз 18, 9–10).
Так, дарагія сабраты, гэтыя словы скіраваныя таксама і да нас, каб мы не паддаліся песімізму перад абліччам цяжкасці місіі, ведаючы, што калі нашая слабасць усклікае да Бога, тады яна становіцца месцам, дзе аб’яўляецца Божая моц. Каб мы ўсведамлялі, што гаворка ідзе не пра тое, каб стаць канкістадорамі — заваёўнікамі, а заваяванымі; што мы пасланыя ў свет, але што мы не са свету; што патрэбная любоў, каб бачыць свет, і свабода, каб не быць ім апанаванымі. І каб усведамлялі, што вырашальн позірк на чалавецтва — гэта толькі позірк Хрыста. Гэта той позірк, які дазваляе нам быць у свеце і не згубіць сваёй тоеснасці ў свецкасці.
5. Час абуджэння
Найлепшы саюзнік Евангелля — гэта не нашыя арганізацыі, сродкі і праграмы, а чалавек: чалавек ва ўсе часы, у кожнай сітуацыі, цывілізацыі, культуры. Сённяшняя культура не любіць слухаць ідэі, якія адрозніваюцца ад таго, што яна думае ў сваім перакананні, што ўся цывілізацыя павінна быць пераасэнсаваная і што самыя асноўныя праўды, як жыццё і смерць, любоў і свабода, належыць вызначыць па-новаму. Тым не менш, людзі маюць патаемнае жаданне: яны спадзяюцца сустрэць кагосьці, хто дапаможа зноў прабудзіцца іх свядомасці, зноў уздыме асноватворныя пытанні існавання, лёсу, будучыні пасля смерці, зла, што раніць чалавека, і бедстваў, што пагражаюць жыццю і сусвету: «Таямніца чалавечага лёсу найбольш адкрываецца перад абліччам смерці. <…> Паколькі насенне вечнасці, якое ён [чалавек] носіць у сабе, нельга звесці толькі да матэрыі, яно паўстае супраць смерці» (ІІ Ват. Сабор, GS 18).
Сярод найлепшых падзеяў у жыцці, сярод найбольш радасных перажыванняў і самых светлых пачуццяў чалавек адчувае, што ад яго заўсёды ўцякаюць дзве рэчы: «усё» і «назаўжды». Яму б хацелася поўнай радасці, якая ніколі не сканчваецца. Таму, у рэшце рэшт, ён адчувае, што існуе цудоўная, але незавершаная гармонія, стварэнне на памежжы паміж часам і вечнасцю, закранутае лёгкай тугою па «чымсьці большым», што ён не заўсёды можа растлумачыць і што не можа ўзяць у рукі. Гэтая туга — не праклён, а ласка!
Можна сказаць, што заходні чалавек выглядае разгубленым адносна свайго самаўсведамлення і сэнсу ўласнага існавання, але ў сярэдзіне гэтай блытаніны з’яўляецца перспектыва, там ёсць прастора, можа, яшчэ невялікая, але яна існуе і сведчыць пра абуджэнне, часта маруднае і няпэўнае, часам нечаканае, як маланка. Працэс ужо пайшоў, і ніхто не зможа яго спыніць, таму што чалавек не можа жыць без праўды і ў поўнай самотнасці. Гэта абуджэнне душы! Ці ж гэта не καιρός сённяшняга дня? На гэтым крутым павароце мы не жадаем застацца ў баку, а быць, як ранішняя варта, у чуванні і ў гатоўнасці для таго, каб паказаць новы дзень.
Аднак, магчыма, мы можам заўважыць і іншы сігнал, які паказвае прысутнасць Духа: людзі, асабліва маленькі народ, пачынаюць задаваць сабе пытанні адносна з’яваў настолькі ўнікальных, што выклікаюць пытанні ў духоўнай, этычнай, культурнай і грамадскай плоскасці. Адносна будучыні чалавецтва. Гэта таксама паказчык і заклік для нас, пастыраў. Святы Айцец узгадвае, што чалавек, атрымаўшы ад Бога ўсё стварэнне, каб панаваць над ім, каб зрабіць яго «культурай», у пэўны момант «пачынае сябе рабіць творцам» сваёй уласнай культуры і такім чынам «займае месца Бога. Чалавек самадастатковы»; і так прыходзіць да секулярызму «як таго, што нам пакінула ў спадчыну асветніцтва» (пар. папа Францішак, Прэс-канферэнцыя падчас палёту са Швецыі, 1 лістапада 2016 г.). Папа ля вытокаў цяперашняга становішча паказвае два гэтыя фактары: «самадастатковасць чалавека як творцы культуры, але які выходзіць па-за межы і адчувае сябе Богам, і ў пэўным сэнсе слабасць евангелізацыі, якая становіцца абыякавай, а хрысціяне — абыякавымі» (тамсама). У выніку ён настойвае на неабходнасці высветліць сэнс «здаровай самастойнасці», пра што кажа апошні Сабор, і прыгажосць «залежнасці, быцця стварэннем, а не Богам» (тамсама).
На заканчэнне гаворка ідзе пра тое, каб узняць пытанні, што дрэмлюць у глыбіні душы: яны могуць быць таксама заглушаныя, але не могуць памерці, таму што Творца ўпісаў іх у сумленне як дабрадатны неспакой, каб чалавек не змог задаволіцца нічым, што меншае за Бога. Таму задача евангелізацыі як у тым, каб абудзіць вырашальныя пытанні, так і ў тым, каб абвяшчаць Пана жыцця і надзеі.
У нашай працы прадугледжана таксама сур’ёзна засяродзіцца на моладзі. Мы будзем размаўляць на гэтую тэму ў групах і ўсе разам. Цяпер скажам толькі, што маладыя пакаленні знаходзяцца на даляглядзе еўрапейскага кантыненту: Касцёл глядзіць на іх з асаблівай сімпатыяй не з-за ўласнай зацікаўленасці, але дзеля дабра для іхняга жыцця і для еўрапейскай цывілізацыі. У нас будзе нагода крыху занурыцца ў той чароўны ўзрост, пра які ідзе гаворка і які трымае ў руках будучыню.
6. Еўрапейскі Саюз
Сэрца кожнага з нас, біскупаў еўрапейскага кантыненту, хвалюе таксама Еўрасаюз. І да ўсіх жыхароў гэтай вялікай тэрыторыі — якую б ролю не адыгрываў кожны з іх — мы звяртаемся з павагай і ўпэўнена. Мара пра гэты саюз як пра «сям’ю народаў» і «дом народаў» усё яшчэ актуальная, тым больш, калі мы глядзім на свет, на «старых і новых гігантаў». Не нашая справа займацца эканамічнымі і гандлёвымі разлікамі, але наш абавязак нагадаць усім, што Еўропа — гэта не проста геаграфічная агламерацыя, не толькі група народаў, а духоўнае і маральнае заданне; гэта не структурная схема, а жывы арганізм, супольнасць жыцця і лёсу.
Еўрапейскае ўяўленне пр асобу найглыбей паходзіць з хрысціянства: Евангелле стала рэчышчам, у якім зліліся розныя дасягненні, што былі ў гісторыі кантыненту. Пан Езус, робячы чалавека дзіцем Божым, надаў яму ўнікальную годнасць, даў яму праўду як крытэрый свабоды да такой ступені, што, адсякаючы корань Хрыста, які перамяняе, чалавечая годнасць рызыкуе пазбавіцца падставаў. Таму Святы Айцец настойліва падкрэслівае «трансцэндэнтную годнасць» чалавека (пар. папа Францішак, Прамова да Еўрапарламента), у якой гэтая «трансцэндэнтнасць» азначае крыніцу і найлепшую гарантыю непаўторнай каштоўнасці кожнай асобы, а таксама яе ўзаемасувязь з іншымі, што супрацьстаіць усяляка неталерантнай культуры эксклюзівізму.
Такім чынам, у падмурак Еўропы закладзены не проста нейкі агульны духоўны пачатак, а менавіта канкрэтна хрысціянскі. Таму Наваліс яшчэ ў 1799 годзе пісаў: «Калі б Еўропа цалкам адышла ад Хрыста, тады яна перастала б існаваць» («Еўропа і Езус Хрыстус»). А габрэйскі філосаф Карл Лёвіт з усёю яснасцю казаў: «Гістарычны свет, у якім мог скласціся „забабон“ пра тое, што кожны, хто мае чалавечае аблічча, сам па сабе ўжо мае «годнасць» і «прадвызначэнне» быць чалавекам, напачатку быў не свет <…> Адраджэння, а свет хрысціянства, у якім чалавек праз Богачалавека Хрыста адшукаў сваё месца адносна сябе самога і адносна бліжняга <…>. З затуханнем хрысціянства з’явіліся таксама праблемы з чалавечнасцю» (Von Hegel zu Nietzsche, 1941).
Ці зможа еўрапейскі Давід застацца сабою? Мы верым, што так, калі вярнуцца да мары сапраўдных айцоў-заснавальнікаў, людзей сабодных у праўдзе, а таму рэалістаў без усялякіх забабонаў, таксама і рэлігійных. Мы верым, што так, не таму, што Еўропа можа ўзяць верх над іншымі, але таму, што на сходзе народаў можа даць штосьці вырашальнае дзякуючы сваёй гісторыі, усё яшчэ плоднай.
Дарагія сябры, нашыя сціплыя галасы нясуць у сабе рэха стагоддзяў: менавіта таму яны могуць прамаўляць да сучаснага чалавека, які, нават у віры эпахальных зменаў, застаецца, як заўсёды, чалавекам.
Дзякуй за вашую братэрскую ўвагу. Цяпер возьмемся за працу з даверам і ўпэўненасцю, пад позіркам Марыі, Маці Касцёла і святых заступнікаў гэтага ўзлюбленага кантыненту.