Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Шэсць аб’яўленняў і тры таямніцы — галоўныя фацімскія падзеі
Пераклады
11.05.2017 16:49

Ад 13 мая да 13 кастрычніка 1917 года тром пастушкам недалёка ад партугальскай вёскі Фаціма аб'яўлялася Марыя. Вестка пра гэта хутка разышлася, і ў Фаціму пачалі прыбываць дзясяткі тысяч пілігрымаў. Ад тых часоў Фаціма з’яўляецца адным з найбольш папулярных марыйных санктуарыяў у свеце.

Прыводзім самыя важныя падзеі, звязаныя з фацімскімі аб’яўленнямі.

1917 год
13 мая, а потым у 13 дзень кожнага наступнага месяца аж да кастрычніка тром маленькім пастушкам у Кова да Ірыя аб’яўляецца Марыя. «Ясная Пані» перадала ім тры «таямніцы», трэцяя з якіх была аб’яўлена толькі ў 2000 годзе.

Красавік 1919
Пачатак будаўніцтва капліцы. У гэтым месцы з-за эпідэміі грыпу памірае адзін з трох пастушкоў-візіянераў — Францішак Марту. Яго сястра Жасінта таксама памірае з прычыны грыпу ў 1920 годзе. Марыя падчас сваіх аб’яўленняў прадказала хуткую смерць двух з іх.

Чэрвень 1927
Біскуп Лейрыі цэлебруе першую Эўхарыстыю ў Кова да Ірыя.

13 мая 1928
Закладка вуглавога каменя базылікі, пабудаваць якую прасіла Марыя.

13 кастрычніка 1930
Біскуп Лейрыі выказвае згоду на ўшанаванне Панны Марыі ў Фаціме.

Кастрычнік 1953
Асвячэнне базылікі.

13 мая 1981
Замах на Яна Паўла ІІ на плошчы Святога Пятра. Папа цяжка паранены. Пазней Пантыфік засведчыць, што быў аздароўлены дзякуючы апецы Маці Божай Фацімскай.

12–13 мая 1982
Ян Павел ІІ пілігрымуе да Фацімы, а кулю, якая прабіла яго цела, змяшчае ў кароне фігуры Маці Божай.

13 мая 2000
Падчас свайго трэцяга падарожжа ў Фаціму Ян Павел ІІ беатыфікуе двух пастушкоў: Францішка і Жасінту Марту.

26 чэрвеня 2000
З дазволу Яна Паўла ІІ Ватыкан публікуе так званую трэцюю фацімскую таямніцу. Да гэтага часу яна захоўвалася ў таямніцы.

13 лютага 2005
Памірае трэцяя фацімская візіянерка — законная сястра Марыя Люцыя Сантас OCD. Праз некалькі тыдняў — 2 красавіка — памірае Ян Павел ІІ.

13 мая 2007
На ўрачыстасці 90-годдзя фацімскіх аб’яўленняў прыбывае легат Бэнэдыкта XVI кардынал Анджэла Садана, былы дзяржсакратар Апостальскай Сталіцы. У межах святкавання быў асвячаны новы касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы. Святыня з’яўляецца адной з самых вялікіх сярод каталіцкіх касцёлаў у свеце і самым вялікім сакральным будынкам ХХІ стагоддзя.

13 лютага 2008
У трэцюю гадавіну смерці с. Люцыі папа Бэнэдыкт XVI адкрывае беатыфікацыйны працэс візіянеркі, нягледзячы на прадпісаны кананічным правам пяцігадовы тэрмін пасля смерці.

13 мая 2010
Бэнэдыкт XVI (2005–2013) здзейсніў прыватны візіт у Фаціму.

13 мая 2013
Новаабраны папа Францішак давярае свой Пантыфікат Маці Божай Фацімскай.

13 мая 2017
Урачыстасць 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. Папа Францішак з візітам у Фаціме.

Пераклад Валянціны Грамыка паводле КАІ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.