Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Адказ на цярпенне
Пераклады
07.04.2017 16:39

Шмат гадоў таму адзін вядомы псіхолаг спытаўся ў сваёй аўдыторыі: «Калі я сцісну апельсін, што з яго выйдзе?» Праз некалькі секундаў хтосьці крыкнуў у адказ: «Апельсінавы сок!» Псіхолаг рассмяяўся: «Так, апельсінавы сок. Чаму?»

Амаль адразу іншы ўдзельнік адказаў: «Таму што ён знаходзіцца ўнутры апельсіна». Псіхолаг зноў усміхнуўся: «Так, вы не можаце сціснуць апельсін і атрымаць яблычны сок. З апельсіна вы выціскаеце апельсінавы сок, таму што ён знаходзіцца ўнутры. Мы можам сказаць, што сок — гэта сутнасць апельсіна».

Абводзячы позіркам аўдыторыю, псіхолаг задаў яшчэ адно пытанне: «Дык што выходзіць з вас, калі хтосьці на вас цісне? Калі хтосьці прыдзіраецца да вас, альбо руйнуе вашыя планы, разносіць пра вас плёткі?» Цішыня. Ніхто не даў адказу. Прынамсі, уголас.

Што выходзіць з нас, калі мы трапляем у стрэсавую сітуацыю?

Што ж выходзіць з нас, калі хто-небудзь ці што-небудзь нас прыцісне? Што выходзіць з нас, калі мы трапляем у стрэсавую сітуацыю? Калі марнуюцца ўсе планы? Калі мы аказваемся замураванымі ў аўтамабільных заторах? Калі нас хтосьці падвёў? Калі мы маглі б прысягнуць, што на нашым рахунку было значна больш грошай, чым паказвае выпіска з яго? Што выходзіць з нас? Гнеў? Крытыка? Сум? Дэпрэсія? Расчараванне? Страх? Прага помсты? Я перажыў увесь спектр гэтых эмоцый у часы расчараванняў і няпэўнасці.

Божа мой, што гэта гаворыць пра мяне і пра тое, што ўнутры мяне?

Затым узнікае іншае пытанне: што выходзіла з Езуса, калі свет прыціснуў Яго, калі Яго высмейвалі, білі і прыбівалі да крыжа? Мы ведаем, былі слёзы, кроў і вада. Але таксама — сіла, гераізм, спачуванне, смутак, лагоднасць, удзячнасць, любоў і прабачэнне. Былі супакой і прыняцце.

Падобна таму, як мы пазнаём, што знаходзіцца ў апельсіне, калі яго сціскаем, мы даведваемся і пра тое, што ўкрыта ў нас саміх, калі аналізуем свае рэакцыі на выклікі, з якімі сутыкаемся. Гэтак жа мы можам лепш пазнаць Езуса, разважаючы над тым, што выходзіла з Яго ў той балючы перыяд жыцця.

Хоць Езус выглядае пасіўным на працягу ўсёй сваёй Мукі: Ён ні разу не падняў нават пальца супраць каго-небудзь, Ён амаль нічога не гаворыць, — тым не менш, Яго прыняцце, прабачэнне і ненасілле з’яўляюцца рэвалюцыйнымі, нясуць нам з першага стагоддзя контркультурнае разуменне таго, як жыць справядліва ў ХХІ стагоддзі.

Мы можам бачыць гэта ў рэакцыях Езуса падчас Яго Мукі, разважаючы над прыпынкамі Крыжовага шляху. Напрыклад, наступным чынам:

  • Езус у Гетсіманскім садзе. Ён моліцца.
  • Сінедрыён выносіць Езусу прысуд. Ён спакойны і мужны.
  • Пётр выракаецца Езуса. Ён прымае слабасць іншага чалавека.
  • Езус сустракае ерузалемскіх жанчын. Ён думае пра іншых.
  • Езус абяцае сваё Валадарства добраму злачынцу. Езус прабачае.
  • Езус гаворыць апошнія словы да Маці і вучня. Езус клапоціцца пра блізкіх.

Сваім адказам на цярпенні Езус выяўляе нам лепшае з таго, што значыць быць чалавекам. У гэтым усім няма цудаў. Няма неспадзяваных аздараўленняў. Няма выгнаных дэманаў. Няма прыпавесцяў.

Калі б хтосьці ўпершыню даведаўся пра Езуса менавіта падчас Яго Крыжовай пакуты, нічога больш не ведаючы з Евангелля, то ён мог бы вырашыць, што Езус быў звычайным чалавекам, які перажыў самоту, душэўны і фізічны боль, знясіленне і, у канчатковым выніку, смерць. Езус нічым не адрозніваецца ад нас.

Тым не менш ёсць нешта незвычайнае, і мы можам выразна гэта заўважыць у тым, як Езус адказвае на ўціск. Ён не шалее, не бядуе, не шкадуе сябе. Не, замест гэтага Ён супрацьстаіць ударам, катаванням і здзекам з годнасцю, любоўю і прабачэннем. Ён паказвае нам, што значыць быць сапраўдным чалавекам.

Гэры Янсэн
Паводле prastoramalitvy.by.
Пераклад Тэрэсы Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.