Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
«Маўчанне»: вельмі сучасная гісторыя
Пераклады
01.02.2017 11:57

Не гуляйце з сатаною ў шахматы. І ў лато, і ў футбол, і ўвогуле не гуляйце — рагаты будзе падманваць і мяняць правілы на сваю карысць, а перахітрыць бацьку ілжы вы ўсё роўна не здолееце. Выйграць у махляра можна толькі адным шляхам — зусім адмовіцца гуляць. «Vade retro, satanas», «адыдзі ад мяне, сатана» — адзіна правільны адказ адразу і без доўгіх размоваў.

Гэтую простую праўду, падобна, забыўся галоўны герой фільма Марціна Скарсэзэ «Маўчанне», святар езуіт Себасцьян Радрыгес (Эндру Гарфілд), а нехта яшчэ з персанажаў, напэўна, ніколі і не ведаў. Напрацягу ўсяго фільма мы бачым (УВАГА! СПОЙЛЕРЫ!), як маленькімі крокамі чалавек ідзе да вялікай здрады.

«А вось наступі на вобраз Хрыста», — кажа яму сатана голасам японскага чыноўніка. Падумаеш, гэта звычайная фармальнасць, пры патрэбе можна нават зразумець гэты абрад фумі-э як знак любові і ўседаравання ад Пана. Наступі і пойдзеш сабе спакойна, не ствараючы лішніх праблем ані сабе, ані мне.

Наступіў? Малайчына. Цяпер плюнь на Распяцце і назаві Марыю агідным словам. Таксама фармальнасць, у прынцыпе — Яна зразумее, Яе і не так называлі. (Сатана, ён жа чыноўнік, ведае, што ты наступіў не на выяву, а на веру ва ўласным сэрцы — ён ведае, а ты сам зразумееш гэта не адразу.) Цяпер давай далей: ты ж ужо адрокся, значыць, будзеш і іншых заклікаць да адрачэння.

Вось так, малайчына. А цяпер зрабіся, сябрачку, даносчыкам — будзеш завабліваць святароў у пастку, як Кіцідзіра (Ёсукэ Кубадзука), ці зробішся экспертам па выяўленні тых, хто дзеля сваёй і былой тваёй веры пойдзе на катаванні і смерць...

Можна супраціўляцца, але — ці ёсць сэнс? Насамрэч, што добрага прынеслі місіянеры гэтым няшчасным людзям, якія зараз вымушаныя жыць у вечным страху? У грамадстве эпохі сёгуната, дзе сацыяльная мяжа паміж звычайным чалавекам і самураем была большай, чым у любой еўрапейскай краіне часоў прыгоннага права, чыноўнікаў мала турбуе лёс сялян (хоць сярод хрысціянаў былі і самураі, у тым ліку самыя ўплывовыя, і нават князі-даёмё, якія кіравалі цэлымі правінцыямі). Па меркаванні чыноўнікаў, хрысціянства проста непатрэбнае — яно небяспечнае для ўсяго грамадскага парадку, пагражае ледзь не самім асновам светабудовы. Але ж і самі святары не знаходзяць у фільме адказу на гэтае пытанне. Ведаеце, чаму? Таму што, калі вы заўважылі, такія паняцці, як «пасмяротны лёс», «уратаванне душы», «неба» —гучаць толькі з вуснаў саміх японцаў.

 

 

Ана-цурусі (катаванне над ямай) — пакаранне смерцю, якое выдумалі спецыяльна для хрысціянаў. Часам людзі пакутавалі да дзевяці дзён. На малюнку выява пакутніцтва благаслаўлёнага Юліяна Накаўры SJ.

У рамане Сюсаку Энда, па матывах якога зняты фільм, двойчы ці тройчы паўтараецца адзін і той жа вобраз (у фільме яго няма): катаваны не п’е — вада толькі цячэ па сухіх губах. Езус, які дае жывую ваду, не можа заліць яе праз вусны мёртвага, і дарма абвінавачвае Бога ў маўчанні той, хто сам не хоча слухаць.

Усемагутны Бог пакуль што літасціва не выпрабоўвае нас нават у малой ступені так, як герояў «Маўчання». Нам дадзена тое, пра што стагнаў Кіцідзіра, шкадуючы, што не ў час нарадзіўся: каб жыў на пару дзясяткаў гадоў раней, гэтак бы і памёр прыстойным і нават паважаным хрысціянінам, не ведаючы ўласнай слабасці. Але што мы робім з гэтым падарункам? «Гэтая краіна ніколі не будзе каталіцкай», «на гэтай дрыгве нічога не вырасце», «тое, што праўда ў Іспаніі і Партугаліі, можа быць няпраўдай у Японіі» — чые гэта словы? Адступнікаў і прыгнятальнікаў XVII стагоддзя? Ці нашых сучаснікаў?

Гісторыя, якую распавядае «Маўчанне», настолькі сучасная, што здаецца фантазіяй (ці, дакладней, узятай з натуры, але перанесенай у экзатычную эпоху). Аднак насамрэч, у адрозненні ад сваіх маладых братоў, вобразы якіх зборныя, Крыставан Ферэйра (Ліам Нісан) — чалавек, які існаваў у рэчаіснасці, езуіт, які пад катаваннямі адрокся ад веры і яшчэ доўга жыў у Японіі ў якасці перакладчыка, вучонага і, як бы мы зараз сказалі, прапагандыста. Каб разрэдзіць свае змрочныя думкі пра фільм і рэчаіснасць вакол нас, падзялюся пад канец добрай навіной. Існуюць сведчанні, што ў канцы свайго жыцця рэальны Ферэйра — 80-гадовы стары, які ўжо не ўставаў з ложка — пакаяўся ў сваім адступніцтве і голасна абвяшчаў хрысціянскую ісціну і гатоўнасць памерці за яе. Пра гэта стала вядома губернатару, і Ферэйра быў закатаваны над ямай (верагодна, 4 лістапада 1650 года)...

P.S. Парафіі падпольных хрысціян (какурэ-кірысітан), якія засталіся без святароў, існавалі ў Японіі аж да канчатковай легалізацыі хрысціянства ў 1873 годзе; асновы веравучэння і тэксты малітваў на лацінскай мове перадаваліся з пакалення ў пакаленне. У нашы часы лічба католікаў у Японіі ацэньваецца прыкладна ў 500 тысяч (многія з іх — у першым пакаленні), у краіне служыць больш за 1,5 тысячы святароў, а пра ступень «сацыяльнай дапушчальнасці» хрысціянства можна судзіць па тым факце, што тры прэм'ер-міністры краіны ў  XX-XXI стст. былі католікамі, а яшчэ пяць — пратэстантамі. Традыцыйную лацінскую літургію беражэ нацыянальня асацыяцыя Una Voce Japan (http://uvj.jp/).

P.S.S.: Дык ці небяспечны гэты фільм для душы? Для тых, хто ўжо гатовы да адрачэння (па тых ці іншых прычынах) і толькі шукае апраўдання — так, несумненна.

Скарсэзэ ідзе куды далей, чым аўтар рамана «Маўчанне» японец-католік Энда Сюсаку (1923-1996): Ферэйра ў выкананні Ліама Нісана выклікае хутчэй спачуванне — у кнізе ён выклікае агіду; наадварот, Радрыгес, які ў фільме хаваецца і больш ніяк не праяўляе хвалёную «веру, якая ў сэрцы, а не ў касцёле» — пад канец кнігі не проста спачувае здрадніку Кіцідзіра, але і адпускае яму грахі, рызыкуючы тым, што японец яго выдасць.

Кніга — сваеасаблівая споведзь чалавека, бо Энда, які хрысціўся ў 11 гадоў, сам часам змагаўся са спакусай адысці ад хрысціянства.

Фільм пры жаданні можна зразумець як панегірык адступніцтву, бо для культурнага мэйнстрыма нашых дзён адзіная прымальная цнота хрысціяніна — гэта сумнеў: «героі стужкі становяцца перад выбарам паміж выкананнем дагматаў і правільным учынкам», як шчыра піша аўтар нейкай амерыканскай рэцэнзіі.

Аднак для гледача (ці чытача), які не імкнецца чорнае называць белым, «Маўчанне» хутчэй можа быць карысным, яскрава паказваючы, адкуль бяруцца і куды вядуць папулярныя ў наш час разважанні. А вось якую мэту перад сабой ставіў Марцін Скарсэзэ — гэтага я не ведаю.

Алег-Міхаіл Мартынаў
Пераклад Аляксандра Гелагаева

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.