Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Да Бога ніколі не позна: гісторыя навяртання Гэры Купера — кіназоркі Галівуда
Пераклады
14.06.2017 19:07

Ён быў адным з найбольш знакамітых акцёраў залатой эры Галівуда. Галоўныя ролі ў больш чым 80 фільмах, безліч узнагародаў, у ліку якіх два «Оскары» і «Залаты Глобус». Але мала хто ведае, што ў сваім жыцці акцёр перажыў навяртанне да Бога.

Гэры Купер — легенда кіно. Сёння яго імя асацыюецца найперш з вестэрнамі і вобразам героя-каханка, які бясстрашна пераадольвае цяжкасці на сваім шляху.

Гэта быў высокі і вельмі харызматычны мужчына — прыклад для многіх хлопцаў таго часу. Купер валодаў незвычайнай рысай праецыраваць якасці сваёй асобы на герояў, якіх іграў, а таму быў акцёрам, які пакарыў многіх сваёй натуральнасцю.

Вобраз каханка

Добрыя знешнія даныя мелі і дадатковы эфект. Галівуд трашчаў ад плётак пра раманы акцёра. Гэта было праўдай — Купер ніколі не быў абдзелены ўвагай жанчын, а асабліва актрыс, з якімі працаваў. І карыстаўся гэтым.

Але аднойчы ён пазнаёміўся з Веранікай «Рокі» Бэлф, маладзейшай за яго на 12 гадоў, якая становіцца яго жонкай. Рокі была пастаяліцай нью-ёркскіх салонаў прыгажосці, але разам з тым веруючай каталічкай.

Неўзабаве ў іх нарадзілася дачка Марыя, пра якую Купер казаў: «Ніколі не чуў, каб яна рабіла штосьці, што не было б добрасумленна. Яна — маё жыццё».

Сужэнства дапамагло акцёру крыху астыць, але не надоўга. Купер хоць і клапаціўся пра сям’ю, але ў 1946-47 гг ён вярнуўся да часовых раманаў з актрысамі на здымачнай пляцоўцы. «Ён нарадзіўся для ігры перад камерай, але не толькі — да спакушэння жанчын таксама. Яму прыносіла задавальненне глядзець на жанчын і быць у іх асяродку. Такі чалавек не змяняецца», — прыгадваў акцёра Тэд Нугент са студыі Paramount.

Любоўныя раманы верагодна і справакавалі асабісты крызіс акцёра. Хоць роля шэрыфа Уіла Кэйна ў фільме «Роўна ў поўдзень» і прынесла яму «Залаты Глобус« і «Оскар», у 1951 годзе ён развёўся з жонкай.

Праз два гады ён выбраўся ў Еўропу. Адным з запланаваных месцаў для наведвання быў Ватыкан, які акцёр наведаў разам з дачкой.

Сустрэча, якая змяніла ўсё

Якраз у Ватыкане і адбылася сустрэча, якая паўплывала на ўсё будучае жыццё акцёра. Яго сябры ведалі, што Купер атрымае аўдыенцыю ў папы Пія XII, таму папрасілі яго прывезці благаслаўлёныя Пантыфікам памяткі.

Дачка Марыя пасля прыгадвала, што рука бацькі была ўся абвешаная ружанцамі, а ў момант, калі Папа Рымскі зайшоў у пакой, Купер хацеў пакланіцца і стаць на адно калена, але, маючы праблемы з пазваночнікам, не разлічыў сілы і зваліўся долу.

Усе ружанцы і абразкі, якія трымаў у далонях, разляцеліся па падлозе і калі акцёр, усё яшчэ лежучы, пачаў іх збіраць, неўзабаве заўважыў побач са сваім тварам чырвоныя туфлі і белую сутану Пантыфіка — Папа падышоў прама да яго. Куперу было вельмі сорамна, але папа Пій XII глядзеў на яго з зычлівай усмешкай.

Навяртанне

Тая сустрэча шмат у чым паўплывала на галівудскага «каханка». Разам з жонкай і дачкой ён пачаў рэгулярна хадзіць на нядзельную Імшу. Вялікае ўражанне рабілі на яго гаміліі ксяндза Гаральда Форда.

Неўзабаве ксёндз Форд пачаў праводзіць з Куперам штораз больш часу — падчас рыбалкі ці нырання з аквалангам. І акцёр пачаў змяняцца. Ксёндз Форд стаў для Купера духоўным кіраўніком, а падчас супольных вандровак яны ўсё часцей закраналі пытанні веры. У выніку 9 красавіка 1959 Гэры Купер прыняў хрост у касцёле ў Беверлі Хілс.

Сам акцёр так прыгадваў тую дарогу да каталіцтва: «Мінулай зімой я пачаў часцей разважаць на тым, пра што і так доўгі час думаў. Я казаў сабе: “Купер, хлопец, ты павінен быць удзячны за ўсе добрыя рэчы, якія спазнаў у гэтым свеце”. Тады я пачаў сур’ёзна думаць пра рэлігію. Я ведаю, што я ніколі не буду святым. У мяне няма такой сілы духа. Я проста імкнуся быць кімсьці лепшым, і, магчыма, у мяне гэта атрымаецца».

Праз два гады ён захварэў на рак прастаты. Сябры, якія наведвалі хворага, былі ўражаныя той атмасферай радасці і цеплыні ў яго доме.

Купер быў у куды больш аптымістычным настроі, чым яго наведвальнікі. Рокі прыгадвала, што сілы яму давала вера ў Бога.

Хвароба прагрэсіравала, але ён ніколі не задаваў пытання: «Чаму я?» і ніколі не наракаў. У той час ён чытаў кнігу арцыбіскупа Фултана Шына «Супакой душы» і зборнік вершаў каталіцкага паэта Томаса Мертана «Ніхто не з’яўляецца самотнай выспай», што давала патрэбную падтрымку ў апошнія тыдні яго жыцця.

Гэры Купер памёр 13 мая 1961 года. У апошнія дні ён развітваўся з блізкімі словамі: «Ведаю, што тое, што адбываецца, гэта Божая воля. Я не баюся будучыні».

(deon.pl/cath/il)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.