Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хто скраў нашую хрысціянскую радасць?
Пераклады
25.01.2016 00:00

Чаму мы губляем радасць быць хрысціянамі? Чаму радасць жыцця не з’яўляецца сталым пачуццём? Як пачаць радавацца штодзённым падзеям? Пра гэта піша польскі айцец аблат Вацлаў Грыневіч OMI.

Сіла радасці дапамагае па-іншаму паглядзець на сваё існаванне. Выпраменьванне цяпла і радасці аб'ядноўвае людзей і адкрывае іх адзін на аднаго. Гэта пачуццё, якое не падзяляе, а наадварот — аб’ядноўвае і стварае сяброўства.

Многім хрысціянам сёння цяжка зразумець патрэбу вызвалення і выратавання ўласнай чалавечнасці. Гэтыя паняцці падаюцца занадта абстрактнымі і непрактычнымі. Можа, мы павінны думаць аб збаўчай працы Езуса, як аб аднаўленні радасці і ўнутранага супакою ў самой глыбіні існавання чалавека?

Невыпадкова, што Новы Запавет часта аб’ядноўвае радасць і спакой. Штодзённы вопыт вучыць, што мы адчуваем радасць у той час, калі мы можам прымірыцца адзін з адным, з іншымі людзьмі і з Богам. У адваротным выпадку нас перапаўняе пачуццё адзіноты і ізаляцыі. Радасць, у сваю чаргу, ажыўляе і дае жыццю іншы тон.

Калі Езус казаў пра неабходнасць змены мыслення і новую арыентацыю (Metanoia), ці не меў Ён на ўвазе таксама здольнасць па-новаму глядзець на жыццё?

Трывожны і перагружаны няўдачамі чалавек не мае мужнасці, каб нават падняць вочы. Ён мае патрэбу ў новым святле, каб знайсці матывы радасці і надзеі.

Радасць з'яўляецца спецыфічным выразам таго, што мы называем ласкай і адчуваннем Божага асвячэння.

Знікненне радасці ў хрысціянскіх цэрквах — з’ява сапраўды трагічная. Калі яна знікае, то на яе месца прыходзіць аскетычная строгасць, далёкая ад духу Евангелля.

Калі з хрысціянства знікае радасць і надзея, яно становіцца сумным хрысціянствам, пазбаўленым мудрасці, духоўнай раўнавагі і ўнутранай свабоды.

Незразумелая тэалогія радасці сумная і бясплодная. Рэлігійнасць можа прымаць форму змрочнага і фанатычнага дагматызму, які выяўляе варожасць у адносінах да людзей і свету, бачыць усюды падман, зло і хлусню.

Радасць і пачуццё гумару абараняюць ад гэтай небяспекі. Яны з'яўляюцца адной з формаў духоўнай тэрапіі і самаабароны.

Чалавек, надзелены пачуццём гумару, любіць свет, нягледзячы на яго недахопы. Унутраная свабода дазваляе яму таксама пасмяяцца з сябе. Гэта адна з прыкмет псіхічнага і духоўнага здароўя.

Хрысціянін знаходзіць канчатковую крыніцу спакою ў пераможнай любові Бога, у якога паверыў і якому даверыўся. Радасць і гумар з’яўляюцца прыкметай духоўнага прасвятлення, унутранага апраменьвання і цяпла.

Хрысціянства з’яўляецца рэлігіяй радасці і надзеі — вялікай, адважнай, накіраванай у бясконцасць і вечнасць самога Бога.


На мой погляд, яно стварае больш матываў для паяднання з самім сабой і іншымі людзьмі, а таксама для канчатковага прымірэння ўсіх, нават найбольш узбунтаваных, з самім Створцам і Збавіцелем.

Я абвяшчаю такую надзею на працягу многіх гадоў, нягледзячы на супраціў і абвінавачванні. Яна дазваляе мне спакойна змагацца з ракам. Дзякуючы ёй я прыняў без узрушэнняў некалькі гадоў таму навіну аб сваім стане.

Надзея з'яўляецца саюзнікам хрысціянскага пачуцця радасці і гумару, а гумар — саюзнік надзеі. Нельга атаясамліваць гумар з самім смехам, так часта пустым і павярхоўным.

Гумар — гэта асаблівая форма чалавечай здольнасці да смеху, знак прыняцця самога сябе і паяднання з сабой. Дзякуючы яму я магу знайсці ўнутраную дыстанцыю ў адносінах да сябе і ўсіх цяжкасцяў, з якімі сутыкаюся. Менавіта гумар дапамагае мне падняцца над самім сабой.

Гэта адна з формаў незалежнасці і трансцэндэнтнасці ў адносінах да ўласнага «я». Я разумею, што не з’яўляюся цэнтрам сусвету, і пачынаю заўважаць навакольны свет.

Гэтая духоўная трансцэндэнтнасць дапамагае пераадольваць усе негатывы жыцця і суіснавання людзей. Дзякуючы ёй я не станаўлюся вязнем самога сябе, розных сваіх абмежаванняў і досведаў.

Дзякуючы гэтаму я не губляю здольнасці смяяцца і ўсміхацца, нягледзячы на неспрыяльную сітуацыю і балючыя перажыванні.

Спакой і пачуццё гумару дапамагаюць прымаць жыццё такім, якім яно ёсць — з траўмамі, жорсткасцю і няшчырасцю.

Многія біблейскія і раннехрысціянскія тэксты напоўнены вялікай надзеяй і радасцю. Тады лягчэй зразумець, што пазбаўленыя пачуцця радасці хрысціяне ўнеслі свой уклад у скажэнне Евангелля і скарачэння яго гарызонтаў.

Бог зрабіў больш, чым мы разумеем. Евангелле, Добрая Навіна, раскрывае неабсяжнасць Яго Міласэрнасці і пераўтваральнай моцы Уваскрасення. «Не ўцякайце ад Уваскрасення Езуса!» — заклікае Папа Францішак.

Ні смутак, ні віна, ні смерць не могуць адабраць у верніка ўпэўненасць, што Божая любоў здольная пераадолець сілу зла і ўрэшце перамагчы.

Узрадаваны ў Святым Духу, апостал Павел напісаў аднойчы да вернікаў у Рыме: «Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым» (Рым 8, 38-39).

Нельга ставіцца да Бога, як да кагосьці вельмі сумнага і беспачуццёвага. Калі ёсць любоў, пра якую два разы ўзгадвае Пісанне (Ян 4, 8-16), то ёсць таксама і тое, што моваю людзей завецца радасцю: як жаніх радуецца нявесце, так будзе радавацца табою Бог твой (Іс 62, 5). Не без прычыны прыпавесць Езуса кажа пра радасць на нябёсах і радасць анёлаў Божых, звязаную з навяртаннем грэшніка.

Бачанне Бога злым і тым, хто карае вечным праклёнам, паспрыяла таму, што многія хрысціяне страцілі веру і сталі няверуючымі або абыякавымі. Расійскі літаратар Павел Еўдакімаў часта нагадваў, што так званая пэнітэцыярная тэалогія з’яўляецца адной з крыніц сучаснага атэізму. Не кожнае бачанне Бога абуджае радасць. Бывае і такое, якое можа гэтую радасць, а разам з ёй і веру, знішчыць. «Вашую радасць ніхто ў вас не адбярэ», — казаў Езус сваім вучням.

Але адбіраецца яна ў людзей веруючых, і так часта адбіраецца! Часта я ўзгадваю драматычныя словы Фрыдрыха Ніцшэ, скіраваныя да вучняў Езуса: «Яны павінны былі б мне спяваць лепшыя песні, каб я паверыў у іх Збавіцеля; больш збаўленымі павінны былі б выглядаць Яго вучні».

А. Вацлаў Грыневіч OMI, Deon.pl

Пераклад з польскай мовы Марыны Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.