Пошук

27.12.2018 08:16   Vatican News

Папа Францішак падчас благаслаўлення Urbi et Orbi. Фота: CNS/Paul Haring

Напрыканцы 2018 года беларуская рэдакцыя Vatican News узгадала асноўныя дакументы, падзеі і рашэнні Святога Айца, якія сталі вызначальнымі для місіі Касцёла ў гэтым годзе.

Год Пантыфік распачаў з публікацыі ў сярэдзіне студзеня Апостальскай канстытуцыі Veritatis gaudium аб касцёльных універсітэтах і факультэтах. Ён заклікаў каталіцкія вышэйшыя навучальныя ўстановы здзейсніць сапраўдную «культурную рэвалюцыю», быць больш місійнымі, здольнымі весці дыялог з грамадствам, развіваць міждысцыплінарны характар і ствараць сеткі супрацоўніцтва ў свеце.

У лютым папа Францішак сваім дакументам Іmparare a congedarsi («Навучыцца адыходзіць») унёс змены ў парадак адстаўкі з касцёльных пасадаў, на якія прызначае асабіста Пантыфік. Ён вырашыў, што нунцыі, біскупы і кардыналы, якія працуюць у рымскай курыі, не пераходзяць аўтаматычна на пенсію, калі ім споўніцца 75 гадоў. Папа, калі ён палічыць гэта неабходным, можа даверыць ім працягваць выконваць абавязкі.

У красавіку выйшла Апостальская адгартацыя Gaudete et exsultate аб пакліканні да святасці ў сучасным свеце. Мы становімся святымі, калі жывем евангельскімі благаслаўленнямі: гэта галоўны шлях, таму што ён вядзе супраць плыні гэтага свету, падкрэсліў Святы Айцец у дакуменце.

У чэрвені Папа пашырыў групу кардыналаў-біскупаў. Менавіта з іх шэрагу абіраецца дэкан Калегіі кардыналаў. Пантыфік дапоўніў групу чатырма іерархамі, якія працуюць у рымскай курыі: П’етро Паралінам, Леанардо Сандры, Маркам Уэле і Фэрнандо Філоні.

У жніўні Святы Айцец унёс змены ў параграф Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, які датычыцца смяротнага пакарання.

«Касцёл у святле Евангелля вучыць, што смяротнае пакаранне недапушчальнае, бо з’яўляецца замахам на непарушнасць і годнасць чалавека, і з рашучасцю спрыяе яго адмене ва ўсім свеце»,— гаворыцца ў новай рэдакцыі параграфа 2267.

20 жніўня Папа абвясціў «Ліст да народа Божага», у якім заклікаў да малітвы і пакаяння за грахі Касцёла. «Гледзячы ў мінулае, ніколі не будуць дастатковымі просьбы аб прабачэнні і выпраўленні нанесенай шкоды. Зазіраючы ў будучыню, ніколі не будзе дастаткова таго, што мы робім, каб стварыць культуру, здольную прадухіліць падобныя сітуацыі», — напісаў ён.

У верасні была апублікавана Апостальская канстытуцыя Episcopalis communio аб структуры Сінода Біскупаў. Новы дакумент прадугледжвае, што акрамя Звычайных, Надзвычайных і Спецыяльных Асамблей, калі існуюць прычыны экуменічнага характару, магчыма правядзенне іншых сінадальных сходаў.

Пантыфік можа паклікаць на Сінод асобаў, якія не з’яўляюцца біскупамі, у кожным асобным выпадку асабіста акрэсліваючы іх ролю. Ён можа пастанавіць, каб пасяджэнне адбывалася ў некалькі этапаў. У новай Канстытуцыі гаворыцца таксама пра тры фазы Сінода: падрыхтоўчую, цэлебратыўную і рэалізацыйную.

У кастрычніку папа Францішак прыняў удзел у Сінодзе Біскупаў на тэму моладзі.

На ім быў прыняты выніковы дакумент, што змяшчае канкрэтныя прапановы на тэму душпастырства моладзі ў сучасным свеце. Таксама быў абвешчаны кароткі Ліст да моладзі, у якім гаворыцца, сярод іншага, што Касцёл і свет маюць вострую патрэбу ў энтузіязме маладых людзей.

У снежні Папа рэарганізаваў Ватыканскі Губернатарат. Прынцыпамі і крытэрыямі рэформы сталі: рацыяналізацыя, эканомія, спрашчэнне, функцыянальнасць, транспарэнтнасць, нарматыўная паслядоўнасць і арганізацыйная гібкасць. Былі спрошчаны бюракратычныя працэдуры і ўведзены новыя механізмы кантролю. Адбылося скарачэнне колькасці дырэкцый і аддзелаў.

Аб намаганнях Касцёла па барацьбе са злоўжываннямі духавенства заявіў Францішак падчас традыцыйнай перадсвяточнай сустрэчы з супрацоўнікамі Рымскай курыі. Ён узгадаў і шмат дасягненняў Касцёла ў адыходзячым годзе: Сінод Біскупаў, чарговыя крокі па рэфармаванні Рымскай курыі, добрыя вынікі Ватыканскага банка, новыя ватыканскія законы.

Абноўлена 27.12.2018 17:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця