Пошук

20.08.2018 20:18   Паводле: Vatican News / Catholic.by

Цытатай з Першага паслання да Карынцянаў «Калi церпiць адзін член, церпяць з ім усе члены» (пар. 1 Кар 12, 26) пачынаецца абнародаваны ў Ватыкане 20 жніўня Ліст да народа Божага папы Францішка адносна сексуальных злоўжыванняў духавенства.

Пасля апублікавання дакладу Вялікага журы прысяжных штата Пенсільванія (ЗША) выявілася, што ў шасці з васьмі каталіцкіх дыяцэзій штата 301 каталіцкі святар учыніў на працягу апошніх 70-і гадоў сексуальныя злоўжыванні адносна больш чым тысячы дзяцей.

Пантыфік прызнаўся, што менавіта гэтыя словы св. Паўла моцна гучаць у ягоным сэрцы, калі ў чарговы раз ён чуе, што «многія непаўналетнія пакутуюць ад сексуальнага выкарыстання і злоўжывання ўлады і сумлення, здзейсненых вялікай колькасцю святароў і кансэкраваных асобаў».

«Гледзячы ў мінулае, ніколі не будуць дастатковымі просьбы аб прабачэнні і спробы выправіць нанесеную шкоду. Зазіраючы ў будучыню, ніколі не будзе дастаткова таго, што мы робім, каб стварыць культуру, здольную прадухіліць падобныя сітуацыі», — напісаў Святы Айцец.

«Пакуты ахвяраў і іх сем’яў — гэта таксама і наш боль, таму нам трэба яшчэ раз падкрэсліць нашыя намаганні па забеспячэнні абароны непаўналетніх і дарослых у сітуацыях пагрозы», — дадаў ён.

Хоць можна сцвердзіць, што большасць выпадкаў датычацца мінулага, аднак пакуты ахвяраў не знікаюць, і гэта, па перакананні Святога Айца, прымушае да рашучага асуджэння такога роду злоўжыванняў.

«З сорамам і раскаяннем як супольнасць Касцёла мы прызнаем, што не змаглі быць там, дзе павінны былі быць, што не дзейнічалі своечасова, прызнаючы памер і сур’ёзнасць шкоды, нанесенай многім людзям», — гаворыцца ў Лісце да народа Божага.

Сёння кожны вернік закліканы ўзяць на сябе боль сваіх братоў, параненых у целе і душы, звярнуў увагу Папа. Калі мінулае адзначалася халатнасцю, сучаснасць павінна прынесці салідарнасць, якая разумеецца ў самым глыбокім і патрабавальным сэнсе, каб «ахвяры гвалту ўсіх відаў маглі знайсці руку дапамогі, якая абароніць і вызваліць ад болю».

Адной з прычынаў таго, што адбылося, папа Францішак называе няправільнае разуменне ўлады ў Касцёле, вынікам чаго з’яўляецца клерыкалізм; стаўленне, якое зводзіць на нішто хрысціянскую тоеснасць, памяншае і недаацэньвае ласку хросту.

«Я заклікаю ўвесь святы верны народ Божы да пакаяннай малітвы і посту, паводле загаду Пана», — кажа Пантыфік у Лісце.

Ён тлумачыць, што ўсе захады, скіраваныя на выкараненне культуры насілля ў каталіцкай супольнасці, не маюць сэнсу без актыўнага ўдзелу ўсіх членаў Касцёла.

«Пакаяннае вымярэнне посту і малітвы дапамогуць нам як народу Божаму стаяць перад Панам і нашымі параненымі братамі як грэшнікам, просячы прабачэння і ласкі сораму і раскаяння», — напісаў Папа.

У той жа час пакаянне і малітва, дадаў ён, дапамогуць католікам звярнуць сваю ўвагу на пакуты іншых і пераадолець імкненне да панавання і валодання, якія так часта становяцца крыніцай гэтага зла.

«Няхай Дух Святы дасць нам ласку навяртання і ўнутранага намашчэння, каб перад абліччам злачынства злоўжыванняў мы змаглі выказаць нашае пакаянне і нашую рашучасць мужна змагацца з імі», — напісаў у завяршэнне свайго Ліста да народа Божага папа Францішак.

Абноўлена 20.08.2018 23:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа