Пошук

23.02.2024 12:02   Паводле: rkc.org.ua / Catholic.by
Біскуп Віталій Скамароўскі. Фота: radiomaria.org.ua

21 лютага Старшыня Канферэнцыі Рыма-Каталіцкіх Біскупаў Украіны біскуп Луцкі Віталій Скамароўскі скіраваў Зварот з нагоды другой гадавіны з пачатку вайны.

Зварот быў апублікаваны на партале Рыма-Каталіцкага Касцёла ва Украіне rkc.org.ua.

Старшыня ўкраінскага каталіцкага епіскапату напачатку з горыччу адзначае, што чаканні хуткага завяршэння вайны не спраўдзіліся, і Украіна «надалей нясе цяжар вайны, а шмат хто з украінцаў аплаквае смерць сваіх найбліжэйшых і чакае хоць нейкіх звестак ад палонных і тых, хто знік без вестак».

«Час Вялікага посту, які мы цяпер перажываем, — піша далей іерарх, — нагадвае нам пра патрэбу навяртання да нашага Бога, Бога любові і Бога свабоды. Чым больш мы ў сваім жыцці зробім прасторы для Божай ласкі, тым меншай будзе тэрыторыя граху, які спараджае шмат бедаў і сее смерць. Заахвочваю тых, хто даўно не спавядаўся, зрабіць перагляд свайго жыцця і паяднацца з Богам і бліжнімі.

Дарагія браты і сёстры, заахвочваю сябе і вас да таго, каб дзень 24 лютага перажыць у глыбейшай малітве і посце, каб перадусім адкрыць тугу па Богу, перажыць сустрэчу з Ім. Няхай гэты дзень стане чарговым крокам на шляху вяртання ў абдымкі Любячага Айца, які ведае нашыя сэрцы, чуе нашыя малітвы, і Яго Сэрца сціскаецца, калі ён бачыць нашыя слёзы і пакуты.

Затрымаемся ў малітве, каб прыняць Божае слова, і спынімся, як самаранін, побач з церпячым бліжнім. Перажывайма гэты час у справах міласэрнасці.

Наколькі мы перажывем гэты час у духу навяртання, настолькі мы адчуем новую надзею, якую прыносіць Хрыстус. Нягледзячы на тое, што нас бамбардуюць розныя ідэалогіі, маніпуляцыйныя і несуцяшальныя навіны, услухоўваймася ў Божае слова і ўглядаймася ў Езуса Хрыста! Шлях Вялікага посту вядзе праз боль і пакуты, аднак ён заўжды вядзе да новага світання — да Уваскрасення», — сцввярджае біскуп Віталій Скамароўскі, удзяляючы на заканчэнне Звароту благаслаўленне вернікам на час навяртання і ўзрастання ў Божай ласцы.

Абноўлена 24.02.2024 00:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.