20 мая ў іспанскай Памплоне генерал Таварыства Езуса айцец Артуро Соса SI афіцыйна распачне юбілейны Ігнацыянскі год.
Роўна 500 гадоў таму, 20 мая 1521 года Інацый Лаёла, у той час — вайсковец у арміі іспанскага караля, быў сур’ёзна паранены ў нагу, з чаго распачаўся шлях яго навяртання. Ігнацыянскі год працягнецца да ўспаміну святога Ігнацыя, які будзе адзначацца 31 ліпеня 2022 года, і завершыцца ўрачыстай цэлебрацыяй святой Імшы ў галоўнай святыні езуітаў — касцёле del Gesù ў Рыме.
Як перадае Польская рэдакцыя парталу Vatican News, сакратар генерала ордэна айцец Джан-Джакамо Ратэллі SI звяртае ўвагу на тое, што Ігнацыя Лаёлу адрознівала пастаяннае ўсё больш глыбокае спасціжэнне праўды пра ўласнае жыццё. Ён быў пілігрымам у няспынным пошуку, прычым да такой ступені, што гэта прывяло яго да моманту, калі ён усё пакінуў. Ён стаў пілігрымам па Божай волі: з вязніцы тагачасных касцёльных уладаў у Іспаніі ён скіраваўся ў Італію, з Італіі — у Ерузалем з жаданнем застацца там назаўжды, але, выгнаны адтуль кусташам Святой Зямлі, здзейсніў падарожжа ў Парыж, дзе сеў за парту ў Сарбоне, а потым вандраваў па ўсёй Еўропе і нарэшце як падарожнік дайшоў да Рыма, дзе ў 1538 годзе пасяліўся пастаянна, таму што яго выбралі першым генеральным настаяцелем толькі што створанага Таварыства Езуса, і ён ім заставаўся ажно да смерці ў 1556 годзе.
«Таварыства Езуса распачынае святкаванне Ігнацыянскага года 2021–2022 не толькі для сябе і не з мэтай пазнаёміць іншых з яго духоўнасцю, але перадусім для таго, каб ушанаваць справу Бога, здзейсненую ў гэтым вайсковым і прыдворным чалавеку, якім быў Ігнацый Лаёла. Бог перамяніў яго дзякуючы сур’ёзнаму раненню ў нагу ў бітве, што перакрэсліла для яго ўсе перспектывы і дало адчуць блізкасць смерці, дало стаць пакорным і вялікім пілігрымам Божай волі. З таго ранення ён пачаў бачыць усё па-новаму, — падкрэсліў айцец Джан-Джакамо Ратэллі. —
Гэтая ігнацыева перамена заахвочвае нас у час пандэміі перамяніць сваё асабістае жыццё і жыццё грамадства, у якім мы жывем, каб прорва паміж купкай тых, хто валодае вялізнымі багаццямі, і беднымі не павялічвалася, але каб па магчымасці паменшылася.
Акрамя таго, каб кожны з нас, сутыкнуўшыся ў асабістым вымярэнні з хваробай і смерцю многіх людзей, у тым ліку нашых блізкіх, мог замацаваць сваё жыццё на сапраўдных чалавечых каштоўнасцях, каб быць паяднаным і справядлівым», — дадаў сакратар генерала езуітаў.
Цэлебрацыю інаўгурацыйнай святой Імшы ў Памплоне на распачацце Ігнацыянскага года ўзначаліць Генеральны настаяцель Таварыства Езуса айцец Артуро Соса SI. Прамая трансляцыя з Памплоны распачнецца 20 мая ў 19.00 па мінскім часе.