Пошук

30.07.2022 11:22   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Ігнацый пілігрым. Фігура ў Loyola House непадалёк ад Гўэлфа (Антарыё, Канада). Скульптар Уільям МакЭлчэран

1 чыт.: Экл 1, 2; 2, 21–23;
Пс 90 (89), 3–4. 5–6. 12–13. 14 і 17;
2 чыт.: Клс 3, 1–5. 9–11;
Ев.: Лк 12, 13–21

Багацце і марнасць

«Марнасць марнасцяў і ўсё марнасць», — гэтай знакамітай фразай, якая сталася крылатай, распачынаецца сённяшняя Літургія слова. Эклезіяст, біблійны аўтар, які напісаў цэлую кнігу ў падобным духу, можа нам здацца песімістам, які надта негатыўна ўспрымае рэчаіснасць і не ўмее радавацца жыццю. Аднак такі погляд, канечне, несправядлівы і перашкаджае прыняць мудрасць, змешчаную ў вучэнні гэтага старазапаветнага настаўніка і паэта.

Эклезіяст дапамагае нам у правільным святле ўбачыць матэрыяльныя даброты і вартасць чалавечага высілку.

Так, створаныя Богам стыхіі і рэчы прыгожыя і цудоўныя, яны неабходныя нам для існавання ў гэтым матэрыяльным свеце, а чалавечая праца — гэта спосаб клапаціцца пра той сад, які быў давераны Богам Адаму, і такім чынам служыць Стварыцелю і Ягоным дзецям. Але і рэчы, і праца ў чалавечых руках могуць таксама ператварыцца ў самамэту, якая не дапамагае праслаўляць Крыніцу ўсяго існага, а, наадварот, засланяць Яго.

У евангельскім эпізодзе Пан Езус таксама прадстаўлены як настаўнік мудрасці. У адказ на запыт — магчыма, справядлівы і слушны — з боку чалавека, які адчувае сябе пакрыўджаным матэрыяльна праз брата, Езус пашырае перспектыву і ўказвае на тое, аб чым насамрэч павінен клапаціцца чалавек. «Нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці», — сцвярджае Пан.

Альтэрнатывай таму, каб «збіраць скарбы сабе», з’яўляецца «багацець перад Богам».

Ці гэта азначае адмовіцца ад усялякага карыстання матэрыяльнымі дабротамі? — Дакладна не! Але ўмець не быць іх «закладнікамі», не быць залежнымі ад створаных рэчаў — так.

«Пачатак і аснова»

Каб лепш зразумець гэтую евангельскую праўду, звернемся да духоўнай спадчыны святога Ігнацыя Лаёлы — Божым Провідам сёння акурат прыпадае дзень яго ўспаміну і адначасова апошні дзень юбілейнага ігнацыянскага года. Паводле святога Ігнацыя, «ключом» да шчаслівага жыцця з’яўляецца правіла, якое ён фармулюе як «Пачатак і аснову»:

«Чалавек створаны, каб хваліць Бога, нашага Пана, шанаваць Яго і служыць Яму, і праз гэта збавіць сваю душу. Усё іншае на зямлі створана дзеля чалавека, каб дапамагчы яму дасягнуць мэты, для якой створаны».

У падарожжы добра не забываць пра мэту, інакш можам апынуцца ў зусім не тым месцы, куды хацелі трапіць; тое ж датычыцца і падарожжа нашага жыцця: калі не памятаць, дзеля чаго мы прыйшлі ў гэты свет і які пункт прызначэння, можна згубіцца альбо таптацца на месцы.

Наша мэта — сустрэча з Богам у вечнасці, а дарога да яе — праведнае жыццё ў праслаўленні Бога і ў любові, якая ўцелаўляецца ў служэнні іншым.

«Пачатак і аснова» нагадвае: усё тое, што нам дадзена ў жыцці, існуе дзеля таго, каб дапамагаць нам дасягнуць нашай мэты.

Як тлумачыць далей святы Ігнацый, «чалавек павінен у той меры карыстацца ўсім створаным, у якой яно дапамагае яму ў дасягненні мэты, і ў той меры павінен пазбывацца яго, у якой яно ў дасягненні мэты яму перашкаджае».

Тут знаходзіцца крытэрый, паводле якога ў святле веры мы глядзім на ўсе матэрыяльныя даброты, што нас акружаюць і якімі валодаем ці імкнемся завалодаць, а таксама крытэрый таго, як успрымаем нашыя таленты, здольнасці і ўменні, адносіны з іншымі, нашыя звычкі і г.д.: ці гэта дапамагае мне рухацца ў кірунку маёй мэты ў Богу?

Быць свабоднымі ад рэчаў

Разгледзім гэты прынцып на прыкладах. Амаль у кожнага сёння ёсць смартфон: гэта выдатны сродак камунікацыі і крыніца самай рознай інфармацыі. Але ўсе мы, напэўна, сутыкнуліся з сітуацыяй, калі смартфон паглынае занадта шмат часу, а занураючыся ў паток (ці «стужку») навінаў, застаемся з пачуццём пустаты ці непакою.

Альбо калі гаворка пра нашыя здольнасці і таленты: часам вельмі хочацца паказаць свой розум ці ўменне, але, засяродзіўшыся выключна на сабе, ці не перашкаджаем іншай асобе праявіць сябе, дайсці да чагосьці самой? А можа быць і наадварот: фальшывая пакора (ці элементарная лянота) змушае нас «не высоўвацца» тады, калі трэба прымяніць свае здольнасці дзеля дабра агульнага ці канкрэтных людзей.

Святы Ігнацый прапануе імкнуцца і практыкавацца ва ўнутранай свабодзе адносна ўсіх створаных рэчаў: гэтая цнота дазваляе ў правільным святле ўспрымаць усе Божыя дары, дадзеныя нам у жыцці, не адмаўляючы іх добрых якасцяў, але і не дазваляючы, каб яны станавіліся перашкодай на нашым шляху да Бога.

Гэта парадокс, але калі задумаемся, наш досвед яго пацвердзіць: мы па-сапраўднаму атрымліваем асалоду ад рэчаў, калі ставімся да іх свабодна, калі мы вольныя вырашаць, выкарыстоўваць іх ці не. Цнота свабоды (якую духоўная традыцыя таксама называе «бясстраснасцю» ці «святой абыякавасцю») дазваляе карыстацца ці, наадварот, устрымлівацца ад рэчаў, магчымасцяў, адносінаў у той меры, у якой яны служаць майму прызначэнню ў Богу ці яму перашкаджаюць.

Гаворка не проста пра сілу волі, аскезу і дысцыпліну (хоць яны — выдатныя сродкі ў гэтай справе), але пра паслухмянасць Божаму Духу, які жадае прывесці нас да поўнай свабоды ў Хрысце. «Ён, хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам», — сцвярджае апостал Павел (2 Кар 8, 9). Пан Езус, Умілаваны Айца, які выбірае служэнне нам, якіх палюбіў да канца, — вось узор дасканалай свабоды.

Сапраўднае і адзінае багацце

«Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное», — кажа сённяшняе другое чытанне, нагадваючы пра неба — тое «месца», дзе захоўваецца наш скарб.

Калі мы кажам пра неба, варта нагадваць сабе, што гаворка не толькі пра жыццё, якое чакае нас пасля смерці — хоць, канечне, гэта праўда веры, што толькі ў будучым жыцці цалкам адкрыецца для нас Божае збаўленне. Але «неба», месца, дзе прабывае ў хвале Айца Пан Езус, насамрэч ёсць побач з намі і адкрываецца нам, калі мы робім правільны выбар у паслухмянасці Духу Святому.

Адзіны наш скарб у небе, наша «багацце перад Богам» — гэта не тое, што мы здабылі ці атрымалі, а тое, што ў нашых руках сталася дарам для іншага.

Будзем жа ісці за натхненнем Духа, каб ператвараць атрыманыя ў гэтым свеце даброты ў сапраўднае багацце перад Богам. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.