Папа Францішак скіраваў адмысловае пасланне з нагоды юбілейнага Ігнацыянскага года, які распачаўся 20 мая і прымеркаваны да 500-годдзя навяртання святога Ігнацыя Лаёлы і 400-годдзя яго кананізацыі.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец заўважыў, што навяртанне — гэта справа, якая рэалізуецца штодзённа. Яна рэдка мае месца раз і назаўсёды. Навяртанне святога Ігнацыя распачалося ў Памплоне, але на гэтым не скончылася.
«Ён навяртаўся ўсё жыццё, дзень пры дні: ён усё жыццё ставіў Хрыста ў цэнтры. Рабіў гэта праз праніклівасць, якая заключаецца не ў імгненным і пастаянным поспеху, а ў навігацыі і наяўнасці компаса для таго, каб выйсці ў дарогу. На ёй шмат паваротаў, але важна, каб мы кіраваліся Духам Святым, які вядзе да сустрэчы з Панам», — падкрэсліў Папа Францішак, які сам належыць да заснаванага святым Ігнацыем ордэна езуітаў.
Пастыр паўсюднага Касцёла заўважыў, што наша навяртанне часта звязана з сустрэчай з іншымі. Яны дапамагаюць нам ісці па дарозе і пастаянна навяртацца.
«Давайце слухаць іншых. Давайце чытаць сітуацыі. Мы самі таксама з’яўляемся знакамі, якія паказваюць іншым Божы шлях.
Навяртанне заўсёды адбываецца ў дыялогу, у дыялогу з Богам, у дыялогу з іншымі людзьмі, у дыялогу са светам», — звярнуў увагу Святы Айцец.
Папа запэўніў у малітве за ўсіх, хто натхняецца ігнацыянскай духоўнасцю, каб здзейснілі падарожжа Юбілейнага года разам як адна ігнацыянская сям’я; каб многія іншыя адкрылі для сябе багацце духоўнасці, якую Бог даў Касцёлу праз святога Ігнацыя Лаёлу.