Пошук

07.08.2024 11:22   Паводле: jezuity.by / Catholic.by

У нядзелю 4 жніўня ў парафіі святога Уладзіслава ў Віцебску, дзе нясуць служэнне манахі з Таварыства Езуса, адбыўся фэст у гонар святога Ігнацыя, заснавальніка езуітаў, тытул якога мае парафіяльны касцёл.

Як паведамляецца на сайце езуітаў у Беларусі Jezuity.by, свята распачалося са святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У прамоўленай гаміліі іерарх ахарактарызаваў асобу святога Ігнацыя Лаёлы як невыпадковую ў гісторыі Касцёла.

Біскуп заклікаў праз яго заступніцтва прасіць аб ласцы вернасці свайму жыццёваму пакліканню і Касцёлу.

Пасля святой Імшы парафіяне ў невялікай сцэнцы распавялі з гумарам і спевамі аб развіцці сваёй парафіі на працягу мінулага года.

Пачынаючы з восеньскага курса Альфа, у парафіі святога Уладзіслава з’явілася нямала ініцыятываў, у тым ліку біблійныя сустрэчы, групкі «12 крокаў да жыцця», моладзевая група, група руху «Маці ў малітве».

Да таго ж, пасля велікапосных рэкалекцый у жыццё людзей глыбока ўвайшла ігнацыянская духоўнасць, асабліва практыка штодзённай падзякі ў сем’ях.

Падчас сцэнкі закраналася і тэма мастацтва. Парафіянка Тэрэза Будкевіч распавяла пра сваё падарожжа ў Рым і падзялілася ўражаннямі пра касцёл святога Ігнацыя, які знаходзіцца ў вечным горадзе. Новая карціна з выявай незвычайных роспісаў столі ў тым касцёле сімвалічна яднае віцебскі касцёл святога Ігнацыя з касцёлам у Рыме.

Афіцыйная частка скончылася, і ўсе ахвотныя былі запрошаны на смачны пачастунак, пасля якога гасцей чакаў апошні пункт святочнай праграмы — танцы на свежым паветры.

 

Абноўлена 07.08.2024 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.