Якая карысць чалавеку ад усёй яго працы
Чытанне кнігі Эклезіяста.
Марнасць марнасцяў, — кажа Эклезіяст, — марнасць марнасцяў і ўсё марнасць.
Бывае, што чалавек працуе з мудрасцю, веданнем і ўменнем, аднак павінен пакінуць надзел чалавеку, які над тым не працаваў. І гэта марнасць і вялікае зло.
Якая ж карысць будзе чалавеку ад усёй яго працы і клопату сэрца, з якімі ён працуе пад сонцам. Бо ўсе дні ягоныя — гэта пакуты, і смутак — праца яго, нават уначы яго сэрца не мае спакою. І гэта марнасць.
Гэта слова Божае.
аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Рэфрэн: Пане, Ты наш прытулак з пакалення ў пакаленне.
3. Ты вяртаеш чалавека ў пыл і кажаш: *
Вяртайцеся сыны Адама.
4. Бо тысяча гадоў перад вачыма Тваімі, †
як дзень учарашні, які мінуў, *
або як адна начная варта.
Рэфрэн:
5. Нібы разводдзем іх змываеш, †
яны становяцца нібы ранішні сон, *
як трава, што расце:
6. раніцай цвіце і зелянее, *
а ўвечары вяне і сохне.
Рэфрэн:
12. Навучы нас так лічыць дні нашыя, *
каб мы здабылі мудрасць сэрца.
13. Вярніся, Пане, колькі ж яшчэ? *
Пашкадуй слугаў сваіх!
Рэфрэн:
14. Напоўні раніцаю нас сваёй міласэрнасцю, *
і мы будзем цешыцца і весяліцца ва ўсе дні нашыя.
17. Няхай прыхільнасць Пана Бога нашага будзе над намі, †
і працу нашых рук умацуй, *
умацуй справу рук нашых.
Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ
Шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус
Чытанне паслання святога апостала Паўла да Каласянаў.
Браты:
Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу. Калі ж з’явіцца Хрыстус, жыццё вашае, тады і вы з’явіцеся разам з Ім у хвале.
Таму зрабіце мёртвымі тое, што зямное ў целе вашым: распусту, нячыстасць, моцнае захапленне, дрэнныя памкненні і хцівасць, якая з’яўляецца ідалапаклонствам. З-за гэтых рэчаў гнеў Божы сыходзіць на сыноў непаслухмянасці, сярод якіх і вы калісьці хадзілі, калі жылі сярод іх.
Цяпер жа і вы адкіньце гэта ўсё: гнеў, абурэнне, злосць, блюзнерства, зласлоўе з вуснаў вашых. Не хлусіце адзін аднаму, бо вы знялі з сябе старога чалавека разам з ягонымі ўчынкамі і апрануліся ў новага, які абнаўляецца для пазнання паводле вобраза таго, хто стварыў яго. І тут ўжо няма ні эліна, ні юдэя, ні абразання, ні адсутнасці абразання, ні варвара, ні скіфа, ні раба, ні свабоднага, але ўсё і ва ўсім – Хрыстус.
Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ
Шчаслівыя ўбогія духам,
бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Нехта з натоўпу сказаў Езусу: Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай. Але Езус адказаў яму: Чалавеча, хто паставіў Мяне судзіць або раздзяляць вас?
Пры гэтым сказаў ім: Глядзіце, сцеражыцеся ўсялякай прагнасці, бо нават калі хтосьці мае дастатак, жыццё яго не залежыць ад ягонай маёмасці.
І расказаў ім прыпавесць: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле. І ён разважаў сам-насам: Што мне рабіць? Няма куды мне сабраць ураджай мой. І сказаў: Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. І скажу душы маёй: Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся. Але Бог сказаў яму: Неразумны, гэтай жа ноччу забяруць душу тваю у цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў? Так бывае з тым, хто збірае скарбы сабе, а не перад Богам багацее.
Гэта слова Пана.
Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ