17 красавіка ў памяшканні Інстытута статыстыкі Каталіцкага Касцёла ў Варшаве адбылася сустрэча, прысвечаная вынікам усеагульнага перапісу насельніцтва, які праводзіўся ў Польшчы ў 2021 годзе.
Навукоўцы прадставілі аналіз атрыманых дадзеных па канфесійнай прыналежнасці.
Было нагадана, што падчас перапісу да каталіцкага веравызнання аднеслі сябе 27 млн 121 тыс. 331 чалавек з агульнай колькасці насельніцтва ў 38 млн. Паводле абнародаваных у мінулым гогдзе дадзеных, не аднеслі сябе ні да якога веравызнання больш за 2,5 млн палякаў, а 7 млн 807 тыс. 553 чалавекі адмовіліся адказваць на пытанне пра веравызнанне.
Сацыёлагі звярнулі ўвагу на тое, што ў пасляваеннай гісторыі ўсеагульных перапісаў насельніцтва пытанне пра канфесійную прыналежнасць задавалася толькі двойчы: у 2011 і ў 2021 годзе.
За дзесяць гадоў амаль на 1,6 млн вырасла колькасць тых, хто не адносіць сябе ні да якога веравызнання, а колькасць тых, хто наогул адмовіўся адказваць на гэтае пытанне, павялічылася ажно амаль на 5 млн, што даволі шмат.
Паводле навукоўцаў, гэта прымушае задумацца над тым, чаму так шмат людзей наогул не пажадалі адказаць на пытанне адносна канфесійнай прыналежнасці. Сярод магчымых прычын былі названыя няведанне свайго веравызнання, жаданне скрыць гэты вельмі асабісты і ўразлівы аспект, захаваўшы яго як таяміцу прыватнага жыцця, а таксама жаданне дыстанцавацца ад пытанняў, звязаных з рэлігіяй, што можа быць выразам раздражнення ці нават прыхаванай варожасці або нежадання, каб дзяржава ўваходзіла ў гэтую сферу. Была звернута ўвага на тое, што адмовы ад адказу найчасцей фіксаваліся ў групах маладых асобаў, людзей лепш адукаваных і жыхароў вялікіх гарадоў — у тых самых, у якіх быў і найбольш працэнт людзей, якія не заязвалі сябе ні з якой канфесіяй.
Пры гэтым навукоўцы адзначылі, што адмаўленне ад адказу нельга лічыць выразам адсутнасці веравызнання. Такая пазіцыя можа сведчыць пра ваганні, няўпэўненасць і дыстанцаванасць, але гэта можа змяніцца.