Пошук

28.10.2018 13:29   Catholic.by

28 кастрычніка, у дзень завяршэння Сіноду Біскупаў на тэму «Моладзь вера і распазнанне паклікання», быў абнародаваны ліст, з якім Айцы Сіноду звярнуліся да моладзі.

Ліст Айцоў Сіноду да моладзі

Да вас, моладзь усяго свету, мы, сінадальныя айцы, звяртаемся са словам надзеі, даверу, суцяшэння. У гэтыя дні мы былі сабраныя разам, каб слухаць голас Езуса, «заўсёды маладога Хрыста», і пазнаць у ім вашыя шматлікія галасы, вашыя радасныя воклічы, вашыя стогны, вашае маўчанне.

Нам вядомыя вашыя ўнутраныя пошукі, вашыя радасці і надзеі, болі і трывогі, з якіх складаецца ваша занепакоенасць. Нам хочацца, каб цяпер вы паслухалі слова ад нас: мы хочам быць супрацоўнікамі вашай радасці, каб вашыя чаканні ператварыліся ў ідэалы. Мы ўпэўненыя ў тым, што вы са сваёю жыццярадаснасцю гатовыя прыкласці намаганні да таго, каб вашыя мары здзейсніліся ў вашым жыцці і ў гісторыі чалавецтва.

Няхай нашыя слабасці вас не знеахвочваюць, а недасканаласці і грахі няхай не стануць перашкодаю для вашага даверу. Касцёл — вашая маці, ён вас не пакідае, ён гатовы суправаджаць вас на новых шляхах, на сцежках на вышынях, дзе подых Духа вее мацней, разганяючы хмары абыякавасці, павярхоўнасці, расчаравання.

У той час, калі свет, які Бог так палюбіў, што даў свайго Сына Езуса, схіляецца да рэчаў, да імгненнага поспеху, да задавальнення і падаўляе найслабейшых, вы дапамажыце яму выпрастацца і скіраваць позірк да любові, да прыгажосці, да праўды, да справядлівасці.

На працягу месяца мы ішлі разам з некаторымі з вас, а таксама з многімі іншымі, з’яднанымі з намі ў малітве і любові. Цяпер мы жадаем працягваць шлях ва ўсіх кутках зямлі, куды Пан Езус скіроўвае нас як вучняў-місіянераў.

Касцёл і свет маюць пільную патрэбу ў вашым энтузіязме. Станьце спадарожнікамі самых безабаронных, бедных, параненых жыццём людзей.

Вы — гэта сённяшні дзень; будзьце ж больш светлай будучыняй.

28 кастрычніка 2018 г.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця