Пошук

02.08.2018 15:24   Паводле: Vatican News / Catholic.by
© Reuters / Alessandro Bianchi

2 жніўня быў апублікаваны рэскрыпт Кангрэгацыі Веравучэння, у якім параграф 2267 Катэхізіса Каталіцкага Касцёла пра адносіны да смяротнага пакарання пададзены ў новай рэдакцыі.

Цяпер афіцыйнае веравучэнне Касцёла на тэму смяротнага пакарання выкладаецца наступным чынам:

«Выкарыстанне смяротнага пакарання з боку законных уладаў, пасля справядлівага працэсу, на працягу доўгага часу лічылася адэкватным адказам на некаторыя злачынствы і дапушчальным сродкам, нават калі і крайнім, для абароны супольнага дабра.

Сёння ўсё больш умацоўваецца свядомасць, што асоба не губляе сваёй годнасці нават пасля здзяйснення найцяжэйшых злачынстваў. Акрамя таго, распаўсюдзілася новае разуменне сэнсу карных санкцый з боку дзяржавы. Нарэшце, з’явіліся больш эфектыўныя сістэмы абмежавання свабоды, якія гарантуюць належную абарону грамадзян і адначасова не пазбаўляюць канчаткова вінаватага магчымасці выправіцца.

Таму Касцёл у святле Евангелля вучыць, што „смяротнае пакаранне недапушчальнае, бо з’яўляецца замахам на непарушнасць і годнасць чалавека“, і з рашучасцю спрыяе яго адмене ва ўсім свеце».

Цытата, прыведзеная ў тэксце новай рэдакцыі катэхетычнага тэксту, была ўзятая з прамовы папы Францішка падчас сустрэчы, арганізаванай Папскай радай спрыяння новай евангелізацыі, што адбылася 11 кастрычніка 2017 г.

Паведамляецца, што Святы Айцец зацвердзіў змены падчас аўдыенцыі для прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння кардынала Луіса Франсіско Ладарыі Фэрэра 11 мая гэтага года і распарадзіўся, каб новая версія параграфа была перакладзена на розныя мовы і ўключана ва ўсе выданні Катэхізіса. Адпаведны рэскрыпт падпісаны 1 жніўня, ва ўспамін св. Альфонса Марыі Лігуоры, біскупа і доктара Касцёла.

У папярэдняй рэдакцыі згаданага параграфу гаворка ішла пра тое, што пры ўмове, калі асоба і адказнасць вінаватага цалкам устаноўлены, традыцыйнае вучэнне Касцёла не выключае ўжывання смяротнага пакарання, калі гэта адзіны магчымы шлях дзейсна абараніць жыццё людзей ад несправядлівага агрэсара.

Разам з рэскрыптам быў апублікаваны ліст прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння да біскупаў ва ўсім свеце, у якім тлумачыцца, што новая фармулёўка параграфа 2267 выражае сапраўднае развіццё дактрыны і не знаходзіцца ў супярэчнасці з папярэднім вучэннем. На яго трэба глядзець у святле першаснай адказнасці грамадзянскіх уладаў за абарону супольнага дабра, у сацыяльным кантэксце, дзе карныя санкцыі разумеліся інакш і ўжываліся ў асяроддзі, дзе было складана гарантаваць, што злачынец не зможа паўтарыць сваё злачынства. Іерарх падкрэсліў, што аб неабходнасці адмены смяротнага пакарання неаднаразова казалі і Ян Павел ІІ, і Бэнэдыкт XVI.

Абноўлена 02.08.2018 16:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа