Папа скіраваў ліст да моладзі, прымеркаўшы яго да выйсця новага выдання Youcat — катэхіза Каталіцкага Касцёла, адрасаванага маладым пакаленням. 22 студзеня 2024 года яго зварот пад загалоўкам «Пароль для радасці» (La password della gioia) апублікавала італьянскае выданне La Stampa.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у сваім звароце Папа Францішак заахвоціў юнакоў і дзяўчат рупліва вывучаць моладзевы катэхізіс, нагадаўшы ім, што «любоў — гэта першая прычына існавання Касцёла».
«Я кажу, перадусім, пра пяшчотную і міласэрную любоў Бога Айца да кожнага чалавека, якую Езус Хрысту адкрыў нам сваім жыццём, смерцю і ўваскрасеннем», — падкрэсліў Пантыфік, заклікаўшы адказаць на любоў Бога нашай любоўю да Яго і да братоў і сясцёр.
Святы Айцец спаслаўся на словы Бэнэдыкта XVI, які пісаў у сваёй першай энцыкліцы Deus caritas est: «Імкненне быць хрысціянінам не з’яўляецца вынікам этычнага выбару або нейкай вялікай ідэі, але вынікам спаткання з падзеяй, з Асобай, якая надае жыццю новую перспектыву і тым самым выразны накірунак». Пастыр паўсюднага Касцёла падкрэсліў, што быць хрысціянамі значыць быць закаханымі ў Езуса Хрыста, сустракацца з Ім і распавядаць пра Яго — прагнуць знаёміць з Ім іншых людзей.
Евангелізаваць азначае несці любоў Хрыста ў свет, а новае выданне моладзевага катэхізіса Youcat з’яўляцца плёнам такой любові, — напісаў Пантыфік, адзначыўшы, што ў гэтай кнігі няма іншых мэт, акрамя абуджэння і аднаўлення ў моладзі моцнай любові да Езуса.
«Гэта яе адзіная мэта», — сцвердзіў Папа.
Ён нагадаў словы Бэнэдыкта XVI, які заклікаў моладзь прысвячаць час на вывучэнне катэхізісу і рабіць гэта не толькі самастойна, у цішыні ўласнага пакою, але таксама разам з сябрамі і братамі ў веры, абмяркоўваючы прачытанае і размаўляючы пра сваю веру.
Пантыфік заахвоціў юнакоў і дзяўчат ніколі не губляць сувязі з Хрыстом, наследуючы прыклад святога Альбэрто Уртада з Чылі, які, сутыкаючыся з неабходнасцю прыняць рашэнне ці зрабіць пэўны выбар, заўсёды задаваўся пытаннем пра тое, што б зрабіў на яго месцы Езус.
Папа Францішак адзначыў, што, спалучаючы вывучэнне Youcat з чытаннем Евангелля і штодзённай малітвай, маладыя людзі могуць навучыцца глядзець на свет і штодзённыя падзеі вачыма Хрыста, а гэта — «пароль для па-сапраўднаму актыўнага і радаснага жыцця».