26 лістапада, вяртаючыся са свайго тыднёвага Апостальскага падарожжа ў Тайланд і Японію, папа Францішак даў традыцыйную прэс-канферэнцыю на борце самалёта, у якой выказаў пажаданне, каб забарона ядзернай зброі была ўключана ў Катэхізіс Каталіцкага Касцёла.
«Выкарыстанне ядзернай зброі з’яўляецца амаральным, і гэта павінна быць унесена ў Катэхізіс Каталіцкага Касцёла; і не толькі выкарыстанне, але таксама і валоданне ёю, таму што трагічная выпадковасць або шаленства нейкага кіраўніка, шаленства аднаго чалавека можа знішчыць усё чалавецтва», — адзначыў Святы Айцец.
Як паведаміла італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, у размове з журналістамі падчас пералёту з Токіо ў Рым Пантыфік адказаў на шматлікія пытанні прадстаўнікоў СМІ. Перадусім ён яшчэ раз, як і ў Хірасіме, выступіў з асуджэннем ядзернай зброі, каб падкрэсліць яго значнасць для веравучэння.
Пры гэтым пастыр паўсюднага Касцёла таксама выказаў сумнеў адносна мэтазгоднасці эксплуатацыі атамных электрастанцый, пакуль не можа быць гарантавана абсалютная бяспека іх функцыянавання.