Завяршыўшы ў пятніцу 22 лістапада Апостальскі візіт у Тайланд святой Імшой з удзелам моладзі, папа Францішак скіраваўся ў Японію, дзе ў нядзелю наведаў Нагасакі і Хірасіму — гарады, якія падчас Другой сусветнай вайны пацярпелі ад ядзернай бамбардзіроўкі.
24 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара сусвету, з парка Міру ў Нагасакі — месца, якое 9 жніўня 1945 года было эпіцэнтрам ядзернага выбуху, — Святы Айцец скіраваў словы паслання аб неабходнасці цалкам пазбавіцца ад ядзернай зброі.
«Я веру, што свет без ядзернай зброі не толькі магчымы, але і неабходны», — падкрэсліў пры гэтым Пантыфік.
«Немагчыма пабудаваць мір паміж народамі на страху ці на пагрозе поўнага знішчэння. Яго можна заснаваць толькі на ўзаемным даверы», — дадаў Святы Айцец.
У парку, дзе знаходзіцца мемарыял памяці ахвяраў ядзернай бамбардзіроўкі, папа Францішак сустрэўся з жыхарамі горада. На сустрэчы прысутнічалі жонка і сын Джозэфа Роджэра О’Донэла — аўтара славутага здымку, які стаў поўным болю сімвалам жудаснай трагедыі. Гэты здымак вельмі ўзрушыў Святога Айца, і ён пажадаў яго распаўсюдзіць, каб паказаць людзям жахлівыя наступствы выкарыстання ядзернай зброі і асцерагчы ад яго магчымага паўтарэння.
У Нагасакі папа Францішак таксама ўшанаваў памяць першых японскіх мучанікаў, якія ў 1597 г. пралілі тут сваю кроў дзеля сведчання аб Хрысце. На месцы мучаніцкай смерці святога Паўла Мікі і ягоных паплечнікаў Святы Айцец нагадаў словы свайго папярэдніка святога Яна Паўла ІІ, які назваў гэтае месца «не столькі пагоркам мучанікаў, колькі гарою Благаслаўленняў», бо, паводле яго, адсюль святло Евангелля заззяла ў святле любові, што перамагла пераслед і меч.
Разам з тым пастыр паўсюднага Касцёла нагадаў і пра сённяшніх мучанікаў, якія ў розных частках свету церпяць і гінуць за сваю веру ў Хрыста.
«Мучанікі ХХІ стагоддзя заклікаюць нас сваім сведчаннем адважна ісці шляхам Благаслаўленняў. Будзем маліцца за іх і разам з імі будзем змагацца за тое, каб рэлігійная свабода была гарантавана ўсім людзям ва ўсіх кутках планеты», — заклікаў Пантыфік.
Падчас знаходжання ў Нагасакі папа Францішак узначаліў цэлебрацыю святой Імшы, якая адбылася на бейсбольным стадыёне. У прамоўленым Божым слове Святы Айцец зазначыў, што Евангелле ўрачыстасці Хрыста Валадара запрашае вернікаў на Кальварыю, дзе, падобна да ўкрыжаванага злачынцы, які пакаяўся, можна ўзвысіць голас у абарону нявінна Церпячага, а таксама вызнаць сваю веру, быць з Ім падчас мукі, падтрымаць у самотнасці і пакінутасці, а таксама пачуць, што Бог жадае адарыць збаўленнем усіх людзей.
Папа нагадаў, што ў гэтую ўрачыстасць хрысціяне асаблівым чынам моляцца аб тым, каб стаць закваскаю Божага Валадарства ва ўсіх сферах жыцця. Божае Валадарства — гэта не план на будучыню, а заданне на сёння, падкрэсліў пры гэтым Святы Айцец.
Увечары таго ж дня папа Францішак наведаў Хірасіму. У парку Памяці ён выступіў з прамовай, у якой, між іншым, заклікаў:
«Ад імя ўсіх ахвяраў бамбардзіровак, ядзерных эксперыментаў і ўсіх канфліктаў давайце разам усклікнем: Няхай ніколі больш не будзе вайны, ніколі больш не будзе грукату зброі, ніколі больш не будзе такога вялікага цярпення!»
Святы Айцец падкрэсліў, што нельга дапусціць, каб новыя пакаленні забыліся пра тое, што здарылася ў Хірасіме.
«Няхай гэтая бездань цярпення нагадвае нам пра мяжу, якую ніколі нельга пераходзіць», — адзначыў Папа.