Пошук

08.08.2018 00:50   Паводле: Vatican News / Catholic.by
© Vatican Media

«Дзесяць дзён у абарону міру» — так называецца штогадовае мерапрыемства, якое праходзіць з 6 па 15 жніўня пад эгідай японскага епіскапату ў памяць пра ахвяраў атамнай бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі.

З гэтай нагоды каталіцкія біскупы Японіі выступілі са спецыяльнай заявай. У ёй адзначаецца, што сур’ёзныя рэгіянальныя канфлікты, тэрарызм, пагроза ядзернай зброі, праблемы бежанцаў, розныя формы дыскрымінацыі, эканамічная няроўнасць працягваюць пагражаць міру ва ўсім свеце.

У ліпені мінулага года Генеральная асамблея ААН прыняла Дамову аб забароне ядзернай зброі, аднак да гэтага часу яе ратыфікавалі толькі некалькі краін. Прынцып стрымлівання — гэта спроба захаваць мір з дапамогай зброі, але далейшае нарастанне такіх фактараў канфлікту, як варожасць, узаемны недавер і супрацьстаянне інтарэсаў, паступова руйнуюць асновы яднання, міру і ўзаемаразумення, падкрэсліваецца ў пасланні.

Папа Францішак казаў аб пагрозе ядзернай вайны менавіта ў кантэксце трагедыі Хірасімы і Нагасакі. 15 студзеня, пачынаючы сваё «падарожжа міру» ў Чылі і Перу, падчас кароткай сустрэчы з супрацоўнікамі СМІ на борце самалёта свой заклік да прадухілення ядзернай вайны Пантыфік увасобіў у паштоўцы з рэпрадукцыяй фатаграфіі з трагічным сюжэтам наступстваў бамбардзіроўкі японскага Нагасакі.

На чорна-белай фотакартцы 1945 г. амерыканскі фатограф адлюстраваў маленькага хлопчыка з Нагасакі, які трымае на плячах цела памерлага падчас ядзернага выбуху малодшага браціка ў чаканні яго крэмацыі.

«Убачыўшы гэта, я ўзрушыўся, і наважыўся толькі напісаць „Плён вайны“. Я вырашыў раздрукаваць фота і раздаць, бо такія выявы ўздейнічаюць мацней, чым тысячы словаў», — сказаў Святы Айцец.

На пытанне журналістаў, ці баіцца ён ядзернай вайны, папа Францішак прызнаўся: «Так, вельмі баюся. Мы знаходзімся на мяжы, дастаткова нейкага выпадку. Мы не можам цярпець такой сітуацыі. Нам неабходна ліквідаваць ядзерную зброю».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа