У Касцёле абмяркоўваюць новую ватыканскую інструкцыю адносна арганізацыі жыцця ў парафіях. Асаблівую ўвагу прыцягнула пытанне «імшальных інтэнцый», адзначае беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Інструкцыя Кангрэгацыі па справах духавенства пад назвай «Душпастырскае навяртанне парафіяльнай супольнасці на службе евангелізацыйнай місіі Касцёла» была апублікавана 20 ліпеня.
У дакуменце выкарыстоўваюцца словы «ахвяраванне», «добраахвотнае ахвяраванне», а не «плата». Папа Францішак неаднаразова падкрэсліваў, што святары не павінны патрабаваць грошы за цэлебрацыю Эўхарыстыі.
«Колькі за гэта трэба заплаціць? Ніколькі, бо за святую Імшу не плацяць! Святая Імша — гэта ахвяра Хрыста, дадзеная Ім задарма. Адкупленне дадзена задарма. Калі жадаеш даць ахвяру — зрабі гэта, але за святую Імшу не плацяць. Важна гэта разумець», — сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі 7 сакавіка 2018 г.
У інструкцыі, распаўсюджанай у панядзелак, гаворыцца, што «ахвяраванне па сваёй прыродзе павінна быць добраахвотным актам з боку ахвярадаўцы, памер якой пакідаецца яго сумленню і пачуццю адказнасці за Касцёл, а не ўстаноўленай «цаной», «абавязковым тарыфам», «сакрамэнтальным падаткам».
Адзначым, што гаворка ідзе менавіта пра ахвяраванне за Імшу ў пэўнай інтэнцыі, аб якой просіць вернік, а не пра збор ахвяраванняў падчас Імшы.
Акрамя таго, «важна выхоўваць вернікаў, каб яны ахвотна садзейнічалі задавальненню патрэб парафіі, якія з’яўляюцца «іх справай», і каб яны вучыліся вырашаць іх самастойна, асабліва ў краінах, дзе ахвяраванні на св. Імшу па-ранейшаму з’яўляюцца адзінай крыніцай утрымання для святароў і адным з матэрыяльных сродкаў, неабходных для евангелізацыі».
Было адзначана, што варта строга сачыць за тым, каб ахвяраванне на Імшу не ператваралася ў «здзелку» ці «гандаль».
Святарам настойліва рэкамендавана цэлебраваць Эўхарыстыю, нават не атрымаўшы грошай ад вернікаў, асабліва бедных.
Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News пры гэтым заўважае, што некаторыя касцёльныя правінцыі вызначаюць памер ахвяравання на св. Імшу. Там многія святары адмаўляюцца ад грошай і прызначаюць іх на дабрачыннасць і грамадскія праекты. У шматлікіх іншых мясцовых Касцёлах, у тым ліку ва Усходняй Еўропе, імшальныя інтэнцыі з’яўляюцца практычна адзіным сродкам утрымання для святара і рэалізацыі душпастырскіх ініцыятыў.