Пошук

06.08.2019 13:13   Паводле: pl.aleteia.org / Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота pl.aleteia.org

Збор ахвяраванняў падчас Імшы з’яўляецца важным элементам літургіі, які існуе з даўніх часоў.

Ужо на пачатку Дзеяў Апосталаў выразна гаворыцца пра глыбокае пачуццё ўзаемнай адказнасці вернікаў за Касцёл і адзін за аднаго:

«Яны трывалі ў вучэнні Апосталаў і ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах. Страх быў у кожнай душы: шмат цудаў і знакаў чынілі Апосталы. Усе ж вернікі былі разам, і ўсё ў іх было супольнае. Яны прадавалі набытак свой і маёмасць і дзялілі паміж усімі, хто меў патрэбу. Штодня збіраліся аднадушна ў святыні і, ламаючы дома хлеб, спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца» (Дз 2, 42–46).

З гэтага тэксту не вынікае адназначна, што складанне дароў адбывалася менавіта падчас літургіі, але эўхарыстычны канстэкст вельмі выразны — ажно два разы св. Лука ўзгадвае тут ламанне хлеба.

У часы св. Юстына (ІІ ст.) збор дароў стаў ужо пастаянным элементам святой Імшы, што ён і апісвае ў сваёй Апалогіі.

Чарговыя сведчанні мы знаходзім у Тэртуліяна і св. Кіпрыяна (II–III стст.). Aбодва ўзгадваюць збор дароў як пастаянны элемент літургіі, звязаны з падрыхтоўкай дароў хлеба і віна, якія праз хвіліну павінны стаць Целам і Крывёю Хрыста. Разам з хлебам і віном да алтара прыносяць усе іншыя дары.

Такім чынам Касцёл (супольнасць вернікаў) уключаецца ў эўхарыстычную справу самога Пана. У Эўхарыстыі Ён ахвяруе сябе Айцу і нам, а мы ў гэтую Яго ахвяру ўключаем саміх сябе — плёны нашай працы, штодзённага жыцця.

Як ахвяра Езуса прыходзіць да нас з дапамогай, так мы дапамагаем братам і сёстрам.
Спачатку дары складаліся ў форме прадметаў і прадуктаў харчавання, а таксама грошай. Нярэдка здаралася, што ў якасці дару прыносіліся акты ўласнасці дома або зямлі. Гэта заўсёды былі дары «на патрэбы Касцёла», значыць супольнасці. Галоўным чынам яны прызначаліся на дабрачыннасць — дапамагчы бедным, хворым.

З цягам часу, з пашырэннем хрысціянскіх супольнасцяў і з’яўленнем месцаў культу, пра якія належала клапаціцца (раней хрысціяне сустракаліся на Эўхарыстыі галоўным чынам па дамах), пачалі складацца і ахвяры, прызначаныя на патрэбы культу ці місіянерскую дзейнасць, а таксама на ўтрыманне духавенства.

Пачалі пераважаць дары ў форме грошай, бо імі зручней карыстацца ў вялікіх супольнасцях. Аднак звычай прынясення ў працэсіі прадметаў, прадуктаў харчавання і іншых рэчаў заставаўся як мінімум да XI ст.

Збор ахвяраванняў, вядомы нам сёння, мае вельмі доўгую традыцыю. З самага пачатку гэта было літургічнае дзеянне, якое мела глыбокі духоўны сэнс.

Разам з эўхарыстычнымі дарамі мы складаем свой матэрыяльны дар — плён нашай штодзённай працы.
Такім чынам маё звычайнае штодзённае жыццё становіцца часткай Пасхі Езуса. Менавіта пра гэта нагадвае заклік: «Маліцеся, каб маю і вашу ахвяру прыняў Бог Айцец Усемагутны».

Абноўлена 06.04.2020 23:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця