Пошук

11.03.2024 13:26   Catholic.by
Набажэнства Крыжовага шляху ў Вялікую пятніцу ў Ерузалеме. Фота: Peter Dejong / AP

У Вялікую пятніцу, якая сёлета прыпадае на 29 сакавіка, ва ўсім свеце абвечшаны спецыяльны Папскі збор ахвяраванняў на падтрымку Святой Зямлі. З гэтай нагоды Дыкастэрыя па справах Усходніх Касцёлаў 8 сакавіка апублікавала адмысловы ліст, скіраваны ўсім дыяцэзіям Касцёла, у якім выказваецца надзея на шчодры ўдзел у гэтай ініцыятыве Святога Айца.

Як адзначае Польская рэдакцыя парталу Vatican News, збор сродкаў мае тым большае значэнне, паколькі актуальнае ваеннае становішча ў Ізраілі і Палестыне цяжка адбіваецца як на мясцовых святынях, так і на вызнаўцах Хрыста, якія жывуць на Святой Зямлі.

«Акрамя клопату пра святыя месцы, якія бачылі Езуса, усё яшчэ жывуць і дзейнічаюць, нягледзячы на тысячы трагедый і цяжкасцяў, часта выкліканых эгаізмам моцных гэтага свету, хрысціяне Святой Зямлі. Многія з іх на працягу гісторыі загінулі як мучанікі, не жадаючы, каб былі адрэзаныя карані іх старажытнай веры», — гаворыцца ў звароце, падпісаным прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў кардыналам Клаўдыё Гуджэроцці.

У лісце адзначаецца, што гэтыя людзі з’яўляюцца неад’емнай часткай гісторыі і культуры Усходу. «Аднак сёння многія з іх ужо не спраўляюцца і пакідаюць месцы, дзе іх бацькі і маці маліліся і давалі сведчанне Евангелля. Яны пакідаюць усё і ўцякаюць, бо не бачаць больш надзеі. А драпежныя ваўкі падзяляюць здабычу, якая застаецца пасля іх», — сказана ў пасланні.

Таму ватыканская дыкастэрыя кіруе заклік аб тым, каб крык аб дапамозе вернікаў з Блізкага Усходу «не застаўся непачутым, і каб Святы Айцец мог падтрымліваць мясцовыя Касцёлы ў пошуку новых шляхоў, шанцаў мець жыллё, працу, школьную і прафесійную адукацыю».

У тэксце дакумента звяртаецца ўвага на тое, што на Захадзе гэтыя вызнаўцы Хрыста могуць згубіцца ў свеце, які культурна моцна адрозніваецца ад іх перажывання і выразу веры. Акрамя таго, «калі яны выедуць, калі ў Ерузалеме і ў Палестыне пакінуць свае маленькія прадпрыемствы, арыентаваныя на пілігрымаў, якія цяпер ужо туды не едуць, Усход страціць частку сваёй душы, магчыма, назаўжды», — выказваецца занепакоенасць у лісце.

«Зрабіце так, каб яны адчулі салідарнае сэрца Касцёла!» — кіруе заклік да вернікаў Дыкастэрыя па справах Усходніх Касцёлаў.

Традыцыйна сабраныя сродкі падзяляюцца паміж Кустодыяй Святой Зямлі, якая атрымлівае 65 працэнтаў ахвяраванняў, і Дыкастэрыяй па справах Усходніх Касцёлаў, якая атрымлівае рэшту. Ватыканская структура паведаміла, што летась атрымала больш за 6,5 млн еўра, якія былі патрачаныя на фінансаванне фармацыі святароў, манахаў і манахінь з Блізкага Усходу, дзейнасць адукацыйных установаў Лацінскага Патрыярхату Ерузалема, а таксама на звычайную і надзвычайную падтрымку мясцовых Касцёлаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця