Пошук


3 красавіка, у Вялікую пятніцу, у гродзенскай катэдры святога Францішка Ксавэрыя адбылася Літургія Мукі Пана. Узначаліў набажэнства біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

У літургіі ўдзельнічала духавенства катэдральнай парафіі на чале з пробашчам ксяндзом канонікам Янам Кучынскім. Перад Літургіяй адбыўся Крыжовы шлях, які ўзначаліў біскуп.

Літургія Мукі Пана  набажэнства другога дня Пасхальнага Трыдуума, Вялікай пятніцы, у якую святая Імша не цэлебруецца ў знак павагі да ахвяры Езуса Хрыста за грахі свету і ў якую Касцёл заклікае да роздуму, посту і ўшанавання крыжа. Гэтая Літургія складаецца з Літургіі слова, Адарацыі крыжа (падчас яе з крыжа здымаецца палатно, якое закрывае яго ў перыяд Вялікага посту) і абраду Камуніі.

У гаміліі біскуп адзначыў, што «ў цішыні Вялікай пятніцы чалавек перастае абараняцца, хавацца і становіцца перад Богам такім, якім ёсць, без маскі, без апраўданняў» і што «гэтая цішыня напоўнена болем і любоўю адначасова, таямніцай Бога, які не застаецца далёка ад чалавечых пакутаў, а ўваходзіць у іх, каб у самым сэрцы гэтай цемры адкрыць святло, якое ўжо ніхто не зможа пагасіць».

У пачатку Літургіі Мукі Пана святар, які яе цэлебруе, кладзецца перад алтаром. Біскуп назваў гэта «знакам таго, што перад таямніцай Крыжа чалавек не можа стаяць роўна, не можа заставацца абыякавым, а можа толькі схіліцца, прызнаючы, што тут адбываецца нешта большае за разуменне, нешта, што патрабуе пакоры, даверу і ўнутранага маўчання».

«Гэта не толькі жэст пакоры, але і праяўленне таго, што, стоячы перад Богам, які пакутуе, чалавек перастае апраўдвацца, кантраляваць, і дазваляе сабе быць проста чалавекам  слабым, грэшным, але адкрытым, гатовым прыняць тое, што Бог хоча яму даць,  патлумачыў іерарх.  Крыж  месца, дзе адкрываецца не толькі Бог, але і чалавек; гэта люстэрка, у якім чалавек бачыць не ідэальны вобраз сябе, а праўду  пра сваю слабасць, пра сваю здольнасць да здрады, пра сваю схільнасць уцякаць, маўчаць, адракацца, і ў той жа час пра сваю здольнасць любіць, вяртацца і давяраць».

«Хрыстус не толькі пакутуе, але і ўваходзіць у самую глыбіню чалавечага досведу, становіцца паслухмяным аж да смерці, і праз гэта  нашым Першасвятаром, які не стаіць па-за нашымі слабасцямі, а ведае іх знутры, не асуджае чалавека за яго слабасць, а становіцца побач з ім, каб правесці праз цемру»,

 сказаў біскуп.

Разважаючы над евангельскім фрагментам, дзе апісваецца Мука Пана, ён адзначыў, што «гэта гісторыя не толькі Хрыста, але і кожнага чалавека, бо ў ёй мы бачым не толькі Бога, але і сябе, свае страхі, свае слабасці, свае выбары». Таму, па словах біскупа, у Вялікую пятніцу да чалавека звернута пытанне: «Кім я з’яўляюся перад Крыжам, якое маё сэрца, калі Бог адкрывае сваё?» «Бо Крыж  гэта не толькі пакута, але і адкрытае сэрца Бога, якое не закрываецца перад грахом чалавека, не адказвае асуджэннем, а прапануе прабачэнне»,  дадаў іерарх.

Адарацыя крыжа, якая здзяйсняецца на Літургіі Мукі Пана, павінна, па словах біскупа, быць не толькі вонкавым жэстам: «Бо пакланіцца Крыжу  значыць прыняць праўду пра Бога і пра сябе, прызнаць, што мне патрабуецца збаўленне, што я не магу выратаваць сябе сам, што без Бога маё жыццё губляе сэнс, прызнаць, што любоў мацнейшая за грэх, прабачэнне мацнейшае за зло, надзея мацнейшая за смерць».

«Магчыма, у кожным з нас ёсць месца, дзе яшчэ пануе цемра,  сказаў біскуп.  Менавіта туды сёння Хрыстус прыходзіць з Крыжам. Не каб асудзіць, а каб адкрыць. Не каб зламаць, а каб аднавіць. Бо Крыж  гэта не канец гісторыі, гэта момант, у які пачынаецца новае жыццё, але яно пачынаецца не там, дзе чалавек усё разумее, а там, дзе ён пачынае давяраць».

У час абраду Камуніі, апошняй часткі Літургіі Мукі Пана, знак супакою не перадаецца, абрад распачынаецца малітвай «Ойча наш», а Камунія ўдзяляецца з Найсвяцейшага Сакрамэнту, кансэкраванага ў Вялікі чацвер. Потым Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў грабніцу ў капліцы катэдры і змешчаны там у манстранцыі, накрытай белым вэлюмам у напамін пра палатно, у якое было захінута цела Езуса пасля смерці. Усе ахвотныя маюць магчымасць маліцца перад гэтай капліцай.

Пасля літургіі распачалася Навэнна да Божай Міласэрнасці, якая доўжыцца да першай нядзелі пасля Вялікадня.

Абноўлена 04.04.2026 17:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа