Пошук

04.04.2026 12:39   Тэкст: Іван Давыдаў / Фота: з архіва парафіі / Catholic.by

3 красавіка, у Вялікую пятніцу, у парафіі Беззаганнага Зачацця Панны Марыі ў Крычаве вернікі разам з духавенствам ушанавалі таямніцу другога дня святога Пасхальнага Трыдуума — дня, калі Езус Хрыстус цярпеў і прыняў смерць на крыжы дзеля збаўлення свету.

Літургію Мукі Пана ўзначаліў адказны за Магілёўскі рэгіён Генеральны вікарый Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Разам з ім маліўся ксёндз канонік Андрэй Далянскі, які нясе служэнне ў крычаўскай парафіі.

У гэты дзень ва ўсім свеце не цэлебруецца святая Імша — Касцёл збіраецца толькі на Літургію Мукі Пана, падчас якой адбываецца ўрачыстая адарацыя святога Крыжа, знака перамогі Хрыста над грахом і смерцю.

У гаміліі іерарх звярнуў увагу на асаблівую атмасферу Вялікай пятніцы:

«У апошнія дні Вялікага посту выгляд Божага дома змяніўся: алтары без кветак, абразы і крыжы закрытыя. Сёння брамы таямніцы Мукі Хрыстовай шырока адчынены. Касцёл з позіркам, поўным спачування, суправаджае Пана на Крыжовым шляху, на які Яго прывёў гнеў грэшнікаў»,

— адзначыў біскуп.

Ён падкрэсліў, што цішыня гэтага дня падобная да «зацішша перад бурай», калі чалавечая нянавісць ужо рыхтуе крыж, а сэрцы многіх застаюцца зацвярдзелымі.

Біскуп Аляксандр нагадаў, што Мукі Хрыста — гэта не проста гістарычны факт, але цэнтр усяго хрысціянскага жыцця: як Кароль, Хрыстус праз пакуты разбурае ўладу злога і прыцягвае ўсіх да сябе; як Прарок, Ён выконвае прароцтвы і вучыць любові, самаадданасці і паслухмянасці; як Першасвятар, прыносіць найсвяцейшую ахвяру Новага Запавету, якая прымірае зямлю з небам.

Іерарх падкрэсліў:

«Толькі Езус Хрыстус адкупіў нас праз пакуты і смерць. Таму правільна і карысна часта разважаць пра Яго Мукі, бо ў іх — крыніца асвячэння, благаславення і духоўнай моцы».

Паводле біскупа, сузіранне пакут Хрыста:

  • вучыць распазнаваць цяжар граху і пазбягаць яго;
  • дае мужнасць і суцяшэнне, калі чалавек сутыкаецца з уласнай слабасцю;
  • адкрывае веліч чалавечай душы, за якую Хрыстус аддаў жыццё;
  • натхняе несці свой крыж і змагацца з усялякай нізкасцю і вядзе да сапраўднай святасці.

«Каля падножжа крыжа святыя станавіліся тымі, кім мы сёння захапляемся. Таму і мы павінны сузіраць пакуты Хрыста з любоўю, удзячнасцю і жаданнем пераймаць Яго цноты», — падкрэсліў біскуп.

У завяршэнне гаміліі іерарх заахвоціў вернікаў удзельнічаць у Крыжовым шляху, асабліва па пятніцах; часта разважаць над балеснымі таямніцамі Ружанца; удзельнічаць у святой Імшы, дзе ахвяра Хрыста на Галгоце становіцца прысутнай на алтары.

«У крыжы — уся мудрасць і ўся надзея верных. Мы не ведаем большай сілы і дасканалай мудрасці, чым Езус Хрыстус укрыжаваны»,

— нагадаў біскуп словы святога Паўла.

Крычаўская парафія ў Вялікую пятніцу яшчэ раз перажыла глыбокую сустрэчу з таямніцай любові Бога, які аддаў жыццё за кожнага чалавека. Няхай плён гэтых разважанняў вядзе вернікаў да аднаўлення сэрцаў і да ўдзелу ў радасці Уваскрасення.

Абноўлена 04.04.2026 12:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.