Пошук

21.07.2020 13:13   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота National Catholic Reporter

Кангрэгацыя па справах духавенства выдала інструкцыю «Парафія на службе евангелізацыі» — кананічна-душпастырскі інструмент на службе рэформы парафіяльных супольнасцяў і дыяцэзіяльнай рэарганізацыі.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дакумент не ўтрымлівае новаўвядзенняў заканадаўчага характару, а толькі прапануе спосабы найлепшага прымянення ўжо існуючых нормаў для спрыяння ўзаемнай адказнасці ўсіх ахрышчаных, душпастырству блізкасці і супрацоўніцтву паміж парафіямі.

Як падкрэсліваюць аўтары, у Касцёле кожны можа знайсці сваё месца ў залежнасці ад уласнага паклікання.

11 раздзелаў, з якіх складаецца інструкцыя, можна ўмоўна падзяліць на дзве тэматычныя часткі: першая (раздзелы 1-6) прапануе разважанні адносна душпастырскага навяртання, сэнсу місійнасці і вартасці парафіі ў сучасным кантэксце; другая (раздзелы 7-11) засяроджваецца на структуры парафіяльных супольнасцяў, на разнастайных ролях, якія ў ёй выкованваюцца, і на спосабах рэалізацыі адпаведных нормаў.

У першай частцы сцвярджаецца, што парафія, пастаянны знак прысутнасці Уваскрослага сярод людзей, — гэта «дом сярод дамоў», і яго місійны сэнс надзвычай важны для евангелізацыі.

Зазначаецца, што глабалізацыя і лічбавы свет відазмянілі спецыфічную сувязь парафіі з тэрыторыяй, якая сёння ўвасабляе не толькі геаграфічную, але і экзістэнцыяльную прастору. Аднак менавіта ў такіх умовах выявілася «гнуткасць» парафіі, здольная разумець патрэбы часу і прыводзіць у адпаведнасць сваё служэнне вернікам і гісторыі. Таму дакумент падкрэслівае важнасць абнаўлення парафіяльных структур у місійным ключы: далёкія ад самазасяроджанасці і закасцянеласці, яны павінны рабіць упор на духоўны дынамізм і на душпастырскае навяртанне, заснаванае на абвяшчэнні Божага Слова, сакрамэнтальным жыцці і сведчанні любові.

«Культура сустрэчы» павінна быць неабходным асяроддзем для таго, каб пашыраць дыялог, салідарнасць і адкрытасць на ўсіх: тады парафіяльныя супольнасці змогуць развіваць сапраўднае «мастацтва блізкасці».

У прыватнасці, інструкцыя рэкамендуе сведчыць аб веры ў любові і праяўляць асаблівы клопат пра ўбогіх, якім парафія прапаведуе і якія, у сваю чаргу, самі евангелізуюць парафію.

Другая частка дакумента пачынаецца з аналізу парафіяльнага ўладкавання.

Найперш, усе яе структуры павінны кіравацца прынцыпам блізкасці, улічваючы аднароднасць насельніцтва і рысы тэрыторыі.

Інструкцыя апісвае спецыфічныя працэдуры, звязаныя з далучэннем, зліццём і падзелам парафій, а таксама тыя, што датычаць дэканатаў, якія аб’ядноўваюць некалькі парафіяльных адзінак, і душпастырскіх зон, якія аб’ядноўваюць некалькі дэканатаў.

Далей увага звяртаецца на асаблівасці даручэння душпастырскага клопату аб парафіяльных супольнасцях: у першую чаргу падкрэсліваецца роля пробашча як «непасрэднага душпастыра» супольнасці. Менавіта ён служыць парафіі, а не наадварот, нагадвае дакумент. Таму пробашчам павінна быць асоба, якая атрымала прэзбітэрскае пасвячэнне; ніякі іншы варыянт немагчымы.

Пробашч, як распарадчык парафіяльнымі дабротамі і юрыдычны прадстаўнік парафіі, павінен прызначацца на неакрэслены час, таму што добры стан душаў парафіян патрабуе стабільнасці і ведання парафіі, блізкасці да яе.

Тым не менш, інструкцыя нагадвае, што там, дзе ажыццяўляецца практыка прызначэння пробашча дэкрэтам біскупскай канферэнцыі, біскуп можа прызначыць пробашча на вызначаны тэрмін, аднак не менш чым на пяць гадоў. Пры дасягненні пробашчам 75-гадовага ўзросту ён мае «маральны абавязак» падаць прашэнне аб адстаўцы, аднак працягваць выкананне сваіх абавязкаў, пакуль яго адстаўку не прыме і не пацвердзіць пісьмова біскуп.

У любым выпадку, прыняцце адстаўкі павінна вынікаць са «справядлівай і адпаведнай прычыны», каб пазбегнуць «функцыяналістычнага» разумення душпастырскага служэння.

Асобная частка восьмага раздзелу прысвечана дыяканам: супрацоўнікі біскупаў і святароў у адзінай евангелізацыйнай місіі, яны з’яўляюцца пасвячанымі служыцелямі і бяруць удзел, хоць і па-іншаму, у сакрамэнце святарства, у прыватнасці, у справах евангелізацыі і дабрачыннасці, у распараджэнні дабротамі парафіі, у абвяшчэнні Евангелля і служэнні пры Эўхарыстычным стале.

Таму нельга ўспрымаць дыяканаў «напалову святарамі, а напалову свецкімі», як і нельга глядзець на іх з пазіцый клерыкалізму ці функцыяналізму.

Што датычыць кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, то першыя ўнутры парафіяльнай супольнасці суадносяцца не столькі з дзейнасцю, колькі са «сведчаннем радыкальнай школы Хрыста», другія ж з’яўляюцца ўдзельнікамі евангелізацыйнай справы Касцёла і павінны рабіць руплівыя высілкі, каб сведчыць аб жыцці, згодным з Евангеллем і накіраваным на служэнне парафіяльнай супольнасці.

Акрамя таго, свецкія вернікі могуць быць лектарамі і міністрантамі на пастаяннай аснове, а ў выключных умовах могуць прызначацца біскупамі для выканання іншых заданняў, звязанымі з цэлебрацыяй Літургіі Слова і сакрамэнтаў.

Тым не менш, свецкія вернікі ні ў якім выпадку не могуць прамаўляць гаміліі падчас святой Імшы.

Дакумент разважае таксама пра парафіяльныя структуры, якія маюць сумесную касцёльную адказнасць.

Сярод іх — Рада па эканамічных справах: яна мае кансультацыйны характар, узначальваецца пробашчам і ўключае ў свой склад як мінімум тры асобы. Яе роля заключаецца ў распараджэнні дабротамі парафіі, «важным складнікам евангелізацыі і евангелізацыйнага сведчання Касцёла і грамадзянскай супольнасці».

Такім чынам, заданне Рады па эканамічных справах — спрыяць «культуры салідарнай адказнасці, адміністрацыйнай празрыстасці і дапамогі ў патрэбах Касцёла».

Кансультацыйнай з’яўляецца і Парафіяльная душпастырская рада: далёкая ад таго, каб быць бюракратычным органам, яна павінна нараджаць духоўнасць адзінства, падкрэсліваючы цэнтральную ролю Божага народу як актыўнага суб’екта евангелізацыі. Яе галоўная задача — пошук і вывучэнне практычных прапаноў у галіне душпастырскіх і дабрачынных ініцыятыў парафіі ў згодзе з агульным шляхам дыяцэзіі. Каб стаць аператыўнымі, такія прапановы павінны быць прыняты пробашчам.

Апошні раздзел прысвечаны ахвяраванням на цэлебрацыю сакрамэнтаў.

Падкрэсліваецца, што гэтыя ахвяраванні павінны быць «свабодным жэстам» ахвярадаўцаў і не разглядацца як пэўнага роду падатак.

Сакрамэнтальнае жыццё не павінна «ператварацца ў гандаль, а цэлебрацыя святой Імшы і іншых абрадаў не павінна станавіцца аб’ектам тарыфікацыі, кантрактаў ці камерцыі», — перасцерагае дакумент. Аўтары інструкцыі заахвочваюць святароў даваць прыклад высокамаральнага карыстання грашыма, дзякуючы памяркоўнаму жыццю і празрыстаму кіраванню парафіяльнымі сродкамі. Тады яны змогуць зрабіць вернікаў больш ахвочымі на добраахвотную падтрымку парафіі ў яе патрэбах, якія з’яўляюцца таксама «і іх справай».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа