
Рэдакцыя каталіцкага часопіса Ave Maria прапануе пераклад на беларускую мову катэхезы Святога Айца Льва XIV з Генеральнай аўдыенцыі ад 8 красавіка 2026 года.
Папа Леў XIV
Дакументы Другога Ватыканскага Сабору.
Дагматычная канстытуцыя Lumen gentium.
Святасць і евангельскія парады ў Касцёле
З Першага паслання святога Апостала Паўла да Тэсаланікійцаў
(1 Тэс 4, 1–3)
Браты, просім вас і заклікаем у Пану Езусе, каб вы, прыняўшы ад нас тое, як трэба вам сябе паводзіць і дагаджаць Богу, а вы так сябе паводзіце, каб больш вы ў гэтым узрасталі. Вы ведаеце, якія мы далі вам наказы ад Пана Езуса. Бо воля Божая — гэта вашае асвячэнне.
Дарагія браты і сёстры, добры дзень! Вітаю вас усіх! У канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору Lumen gentium (LG) пра Касцёл увесь пяты раздзел прысвечаны пакліканню да святасці ўсіх вернікаў: кожны з нас пакліканы да жыцця ў Божай ласцы праз практыкаванне цнотаў і прыпадабненне да Хрыста. Святасць — згодна з саборнай канстытуцыяй — не прывілей для некаторых, а дар, які абавязвае кожнага ахрышчанага імкнуцца да дасканаласці любові, або паўнаты любові да Бога і бліжняга. Любоў жа — сутнасць святасці, да якой пакліканыя ўсе веруючыя: улітая ў сэрца Айцом праз пасрэдніцтва Сына — Езуса — гэтая цнота «кіруе ўсімі сродкамі асвячэння, фармуе іх і вядзе да мэты» (LG, 42). Найвышэйшаю ступенню святасці, як і ў першыя часы існавання Касцёла, ёсць мучаніцтва, «найвышэйшае сведчанне веры і любові» (LG, 50): па гэтай прычыне саборны тэкст навучае, што кожны веруючы павінен быць гатовы вызнаваць Хрыста ажно да праліцця крыві (гл. LG, 42), як гэта заўсёды было і ёсць таксама ў наш час. Гэтая гатоўнасць даваць сведчанне рэалізуецца кожны раз, калі хрысціяне пакідаюць у грамадстве знакі веры і любові, выступаючы за справядлівасць.
Усе сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыя — гэта спажытак, дзякуючы якому ўзрастае святасць жыцця, прыпадабняючы кожнага чалавека да Хрыста — прыкладу і меры святасці. Ён асвячае Касцёл, Галавою і Пастырам якога з’яўляецца: у гэтым разуменні святасць — Яго дар, які аб’яўляецца ў нашым штодзённым жыцці кожны раз, калі мы прымаем Яго з радасцю і актыўна адгукаемся. У гэтым кантэксце святы Павел VI падчас Генеральнай аўдыенцыі 20 кастрычніка 1965 года нагадаў, што Касцёл для таго, каб быць сапраўдным, прагне, каб усе ахрышчаныя «былі святымі, гэта значыць, сапраўды годнымі, мужнымі і вернымі дзецьмі». Гэта рэалізуецца як унутраная перамена, дзякуючы якой жыццё кожнага чалавека прыпадабняецца да жыцця Хрыста моцаю Духа Святога (гл. Рым 8, 29; LG, 40).
Lumen gentium апісвае святасць Каталіцкага Касцёла як фундаментальную рысу, якую належыць прыняць з вераю, бо мы верым, што ён «бездакорна святы» (LG, 39): гэта не значыць, што ён святы поўнасцю і дасканала, але ён пакліканы да ўмацавання гэтага Боскага дару падчас свайго пілігрымавання да вечнай мэты, ідучы «сярод пераследу свету і Божага суцяшэння» (святы Аўгустын, De civitate Dei, 51, 2; LG, 8). Сумная рэальнасць граху ў Касцёле, гэта значыць, у нас усіх, мабілізуе кожнага да сур’ёзнай перамены жыцця праз адданне сябе Пану, які аднаўляе нас у любові. Менавіта гэтая бязмежная ласка, якая асвячае Касцёл, вызначае нам місію, якую мы павінны выконваць дзень за днём, а менавіта місію нашага навяртання. Таму святасць мае не толькі практычны характар, нібыта яе можна звесці да нейкага этычнага абавязку, нават вельмі вялікага, але датычыць самой сутнасці хрысціянскага жыцця, асабістага і грамадскага.
У гэтай перспектыве вырашальную ролю адыгрывае кансэкраванае жыццё, пра якое саборная канстытуцыя гаворыць у шостым раздзеле (гл. LG, 43–47). У святым Божым народзе яно з’яўляецца прарочым знакам новага свету, які мы бачым тут і цяпер у гісторыі. Знакамі Божага Валадарства, ужо прысутнага ў таямніцы Касцёла, з’яўляюцца евангельскія парады, якія фармуюць кожны досвед кансэкраванага жыцця: убоства, чыстасць і паслухмянасць. Гэтыя тры цноты — не наказы, якія скоўваюць свабоду, а вызваленчыя дары Духа Святога, дзякуючы якім некаторыя вернікі цалкам прысвячаюць сябе Богу. Убоства выяўляе поўны давер да Божага Провіду, вызваляючы ад карыслівасці і пошукаў уласнай выгады; паслухмянасць бярэ за прыклад прынясенне самога сябе ў дар, як гэта ўчыніў Хрыстус перад сваім Айцом; яна вызваляе ад падазронасці і імкнення дамінаваць; чыстасць — гэта ахвяраванне сэрца, цэльнага і чыстага ў любові, у служэнні Богу і Касцёлу.
Прымаючы гэты стыль жыцця, кансэкраваныя асобы даюць сведчанне паўсюднага паклікання да святасці ўсяго Касцёла ў форме радыкальнага наследавання Хрыста. Евангельскія парады заклікаюць да поўнага ўдзелу ў жыцці Хрыста, ажно да прыняцця крыжа: менавіта дзякуючы ахвяры Укрыжаванага ўсе мы адкупленыя і асвечаныя! Разважаючы над гэтаю праўдаю, мы разумеем, што няма такога людскога досведу, які Бог не адкупіў бы: нават цярпенне, калі яно перажываецца ў еднасці з мукаю Пана, становіцца шляхам да святасці. Ласка, якая навяртае і перамяняе жыццё, умацоўвае нас такім чынам у кожным выпрабаванні, паказваючы нам як мэту не далёкі ідэал, а сустрэчу з Богам, які з любові да нас стаў чалавекам. Няхай Панна Марыя, Найсвяцейшая Маці ўцелаўлёнага Слова, заўсёды падтрымлівае нас і ахоўвае ў нашым вандраванні.






