Эўхарыстычная малітва вучыць нас, «каб мы заўсёды і ўсюды складалі падзяку» нашага жыцця, ператваралі яго ў свабодны, бескарыслівы дар любові і ўтваралі еднасць Касцёла.
Пра гэта казаў папа Францішак на катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі 7 сакавіка, якая сабрала каля 11 тысяч слухачоў і стала працягам яго катэхезаў на тэму святой Імшы.
Эўхарыстычная малітва адлюстроўвае тое, што зрабіў Езус, калі быў за сталом разам са сваімі вучнямі падчас Апошняй Вячэры і «складаў падзяку» над хлебам, а потым — над келіхам з віном (гл. Мц 26, 27; Мк 14, 23; Лк 22, 17. 19; 1 Кар 11, 24).
«Яго падзяка нанава перажываецца ў кожнай нашай Эўхарыстыі, яднаючы нас з Яго ахвярай збаўлення».
У гэтай урачыстай малітве Касцёл паказвае, што ён здзяйсняе ў Эўхарыстыі, а таксама тое, чаму ён гэта робіць: дзеля ўсталявання еднасці-камуніі з Хрыстом, які сапраўды прысутнічае ў кансэкраваных постацях хлеба і віна.
Каб з’яднацца, неабходна разумець. Таму Касцёл пажадаў, каб святая Імша цэлебравалася на мове, зразумелай для людзей, якія яднаюцца ў супольным праслаўленні, у гэтай прыгожай малітве разам са святаром.
Распачынаецца Эўхарыстычная малітва з прэфацыі, якая з’яўляецца падзякай Богу за ўсе Ягоныя дары, асабліва за спасланне Сына — Збаўцы свету. Прэфацыя завяршаецца словамі «Святы, святы, святы…» і можа спявацца, каб такім чынам падкрэсліць, што супольнасць вернікаў у гэты момант злучае свае галасы з хваласпевам Анёлаў і святых, якія праслаўляюць Бога.
Пасля гэтага гучыць заклік да Святога Духа, каб Ён сваёю моцаю перамяніў хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста. Дзеянне Духа Святога і дзейснасць словаў Хрыста, якія прамаўляе святар, забяспечваюць рэальную прысутнасць у Эўхарыстыі Хрыста і Яго збаўчай ахвяры. Гэта і ёсць тая «вялікая таямніца нашай веры», якую вернікі вызнаюць пасля кансэкрацыі. Касцёл як таямніца еднасці-камуніі ў малітве яднаецца з ахвярай Хрыста.
«Ідучы на святую Імшу, мы ідзем туды для таго, каб увасобіць сабою Касцёл у малітве. Падобна да Хрыста, які працягнуў свае рукі на крыжы, Касцёл ахвяруе сябе і заступаецца за ўсіх людзей праз Яго, з Ім і ў Ім».
Эўхарыстычная малітва — гэта просьба да Бога з’яднаць усіх сваіх дзяцей у дасканалай любові, у еднасці з Папам і біскупам, якія называюцца па імені на знак таго, што Эўхарыстыя здзяйсняецца ў еднасці з паўсюдным і мясцовым Касцёлам. Эўхарыстычная малітва і ахвяра прыносіцца Богу за ўсіх членаў Касцёла — жывых і памерлых — у чаканні благаслаўлёнай надзеі і ўдзелу ў вечнай спадчыне Нябеснага Валадарства разам з Паннай Марыяй і ўсімі святымі.
«У Эўхарыстычнай малітве ніхто не забыты і нішто не забыта, але ўсё даручаецца Богу, і калі я сам або мае родныя маюць нейкую патрэбу або ўжо перайшлі з гэтага свету на той, я магу пра гэта ўзгадаць або пра сябе, або запісаўшы імя, каб яно было прачытана.
Колькі за гэта трэба заплаціць? Ніколькі, бо за святую Імшу не плацяць! Святая Імша — гэта ахвяра Хрыста, дадзеная Ім задарма.
Адкупленне дадзена задарма. Калі жадаеш даць ахвяру — зрабі гэта, але за святую Імшу не плацяць. Важна гэта разумець».
Форма эўхарыстычнай малітвы адлюстроўвае ўсё тое, што адбываецца падчас Эўхарыстыі, і чым лепш мы яе разумеем, тым больш свядома ў ёй удзельнічаем. Яна таксама вучыць нас тром рэчам: заўсёды дзякаваць (а не толькі тады, калі ў нас усё добра), ператварыць сваё жыццё ў свабодны і бескарыслівы дар любові, а таксама будаваць канкрэтную еднасць-камунію ў Касцёле і з усімі людзьмі.
Такім чынам, цэнтральная малітва святой Імшы паступова нас выхоўвае, каб мы ператварылі сваё жыццё ў Эўхарыстыю — у падзяку.