Пошук

02.01.2019 17:33   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / grodnensis.by

Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, Касцёл на Гродзеншчыне мае шмат прычын для ўдзячнасці Богу, бо 2018 стаў для яго годам, багатым на падзеі. Прапануем узгадаць галоўныя з іх.

НАБЫТКІ ГОДА

  • Тэалагічны каледж

Напрыканцы жніўня Гродзенская дыяцэзія атрымала пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі «Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра» Гродзенскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь. Галоўнай задачай духоўнай навучальнай установы з’яўляецца падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці ў Гродзенскай дыяцэзіі.

  • Дом для маці ў цяжкіх жыццёвых абставінах

17 мая ў Гродне адкрыўся першы ў Беларусі дом для маці, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах, пад назвай «Дом для мамы — Назарэт». Заснавалі яго сёстры Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта.

  • Інфармацыйна-турыстычны цэнтр Гродзенскай дыяцэзіі

14 красавіка ў Гродне асвяцілі Інфармацыйна-турыстычны цэнтр Гродзенскай дыяцэзіі, які знаходзіцца пры пабрыгіцкім кляштары. Пасля афіцыйнага ўвядзення ў эксплуатацыю цэнтр будзе актыўна папулярызаваць турыстычны патэнцыял Гродзенскай дыяцэзіі.

  • Дом міласэрнасці ў Каменцы

22 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў благаслаўленне Дома міласэрнасці ў Каменцы (Шчучынскі дэканат), які ўдалося адрамантаваць і абсталяваць дзякуючы прыязнасці мясцовых уладаў, а таксама людзей з шырокім сэрцам. Домам апякуецца Кангрэгацыя Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай).

  • Санктуарый благаслаўлёных назарэтанак з Навагрудка
Фота: dialog1994.by

29 ліпеня фарны касцёл Перамянення Пана ў Навагрудку быў абвешчаны санктуарыем Гродзенскай дыяцэзіі благаслаўлёнай Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц, мучаніц з Навагрудка.

ЮБІЛЕІ ГОДА

  • 75-годдзе мучаніцтва бл. Мар’яны Бярнацкай і благаслаўлёных назарэтанак з Навагрудка
Фота Віталія Палінеўскага

У ліпені адзначалася 75-годдзе смерці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай і благаслаўлёных Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц, мучаніц з Навагрудка, якія былі расстраляныя падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыі сённяшняй Гродзенскай дыяцэзіі.

  • 400-годдзе найстарэйшай каталіцкай святыні Гродна
Фота: charter97.org

13 чэрвеня адбыліся ўрачыстасці 400-годдзя кансэкрацыі касцёла Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) у Гродне. Гэта найстарэйшая каталіцкая святыня ў горадзе над Нёманам пасля знішчанай у 1961 г. фары Вітаўта.

  • 400-годдзе касцёла і кляштара ў Гальшанах
Фота: radzima.org

23 чэрвеня ў Гальшанах адзначылі 400-годдзе касцёла і кляштара айцоў францішканаў, фундаваных Паўлам Стэфанам Сапегам, стайнікам Вялікага Княства Літоўскага і ашмянскім старастам, а пазней — літоўскім падканцлерам.

  • 550-годдзе парафіі ў Астраўцы
Фота Аляксандра Стэльмаха

30 верасня ў Астраўцы святкавалі 550-годдзе ўтварэння парафіі, 200-годдзе святыні, 100-годдзе вяртання католікам касцёла свв. Космы і Дам’яна. Парафія была паклікана да існавання ў 1458 годзе. Сённяшняй святыні ў 2016 г. Пастановай Савета Міністраў РБ нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі рэгіянальнага значэння.

  • 300 гадоў прысутнасці на шчучынскай зямлі айцоў піяраў

13 кастрычніка Ордэн Духоўных Рэгулярных Убогіх Маці Божай Пабожных Школаў (айцы піяры) адзначыў юбілей — 300-годдзе з дня прыбыцця членаў Ордэна ў Шчучын. Айцоў піяраў запрасіў у Шчучын у 1718 г. Юрый Юзафовіч-Глябіцкі, звязаны сямейнымі повязямі са славутым родам Сцыпіёнаў.

***

Гэта толькі некаторыя важныя падзеі, якія мелі месца ў Касцёле на Гродзешчыне ў 2018 г. Увагі таксама заслугоўвае Агульнабеларуская сустрэча моладзі, якая прайшла ў Гродне і галоўным госцем якой стаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Было і шмат іншых падзей, якія, безумоўна, увайшлі ў гісторыю дыяцэзіі і прынеслі плён узрастання веры ў сэрцах людзей.

Абноўлена 02.01.2019 17:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа