Пошук


22 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў благаслаўленне новага будынка Дома міласэрнасці ў Каменцы.

Невялікая вёска Каменка, якая знаходзіцца ў 45 км ад Гродна, вядомая не толькі ў Шчучынскім раёне, але і далёка за яго межамі. Тут ёсць незвычайнае месца, дзе знаходзяць свой дом шмат пажылых і хворых людзей, закранутых невылечнымі хваробамі ці інваліднасцю. Гэтая ініцыятыва нарадзілася больш за 12 гадоў таму, калі Кангрэгацыя Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай) адчыніла дзверы свайго дома хворым.

Усе важныя і роўныя

Пачалося ўсё з аднаго чалавека і нечакана. Да сясцёр звярнулася бабуля з суседняй вёскі і сказала, што адна жыць ужо не можа. Родных у яе няма, і ёй няма куды пайсці. А потым сёстры нават і не заўважылі, як атрымалася, што пад іх апекай аказаліся і іншыя старыя людзі.

Сястра Фаўстына Цыдзік, генеральная настаяцельніца супольнасці і дырэктар Дома міласэрнасці сёння мае пад апекай больш за 80 чалавек з розных частак нашай краіны. У штодзённым служэнні гэтым асобам ёй дапамагаюць сацыяльныя работнікі і людзі добрай волі, якія стараюцца, каб кожны чалавек тут мог адчуваць сябе як найлепш. Тут жывуць і католікі, і праваслаўныя. Няма падзелу на «вашых» і «нашых». Таму жыхароў гэтага дома наведваюць як каталіцкі, так і праваслаўны святары. Кожны чалавек важны і патрэбны, усе — роўныя.

Дом, дзе ёсць жылыя пакоі і капліца, не быў у стане змясціць усіх. Таму с. Фаўстына паклапацілася аб яшчэ адным будынку, які знаходзіцца побач з ранейшым, адразу каля парафіяльнай святыні.

Дзякуючы прыязнасці мясцовых уладаў, а таксама людзей з шырокім сэрцам — спонсараў і ахвярадаўцаў — удалося адрамантаваць і абсталяваць адпаведнай мэбляй гэты новы будынак. У ім былі створаны 4-ох асабовыя пакоі для хворых. Тут пасяліліся ўсе асобы ў найцяжэйшым стане, якія не могуць самстойна перамяшчацца і патрабуюць спецыяльнага догляду. Таксама тут ёсць кухня, дзе гатуюцца пасілкі для жыхароў гэтага і другога дома.

Міласэрнасць не патрабуе рэкламы

22 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў благаслаўленне новага будынка. З удзелам святароў, сясцёр законных і шматлікіх гасцей адбылася спачатку святая Імша, падчас якой асабліва маліліся за ўсіх ахвярадаўцаў, якія духоўным і матэрыяльным чынам падтрымлівалі і працягваюць падтрымліваць гэтую ініцыятыву. Маліліся і за ўсіх жыхароў гэтых двух дамоў, за персанал, які штодзённа з вялікай любоўю і самаадданасцю служыць ім.

Іерарх падзякаваў найперш с. Фаўстыне за яе вялікую адвагу ў штодзённым нясенні усіх гэтых абавязкаў і яе памочнікам. Сама законніца адзначае, што не жадае ніякай рэкламы. «Мы проста хочам спакойна працаваць і несці людзям бескарыслівую дапамогу», — кажа яна, не з’яўляючыся прыхільніцай публічнасці, з дня на дзень займаючыся сваёй справай.

Спадарожнічаць хворым зблізку

За гэты час законная сястра стварыла ў Доме міласэрнасці такія ўмовы, што гэты прытулак больш нагадвае сапраўдны дом, куды з’ехаліся далёкія сваякі, дзе пануе цёплая атмасфера. Сястра Фаўстына ведае ўсіх сваіх падапечных і ўсе іх асаблівасці і звычкі, гісторыю хваробы кожнага з іх. Кожнаму яна ўмее сказаць добрае слова, з кожным можа пагутарыць і выслухаць.

З’яўляецца прыгожа сімвалічным тое, што благаслаўленне новага Дома міласэрнасці адбылося праз некалькі дзён пасля Сусветнага дня бедных, які адзначаўся ў паўсюдным Касцёле. Таму можна смела сказаць, што гэта яшчэ адзін доказ, што Касцёл прыкладае шмат намаганняў, каб кожны чалавек, асабліва той, які закрануты хваробай ці цярпеннем, адчуваў сябе патрэбным і любімым.

Такім людзям нічога не патрэбна больш за гэта. Дастаткова некалькіх добрых словаў і запэўнівання, што хтосьці іх любіць і памятае пра іх. І не баіцца наблізіцца да іх, каб спадарожнічаць ім зблізку, сваёй прысутнасцю, якая не асуджае, а заўсёды дае руку.

Фотарэпартаж з благаслаўлення ТУТ>>>

Абноўлена 23.11.2018 21:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа