19 cнежня з нагоды надыходзячых святаў Божага Нараджэння навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з духоўным айцом кс. Янам Сарэлам наведалі Дом міласэрнасці ў Каменцы — прытулак для пажылых і хворых, якімі апякуюцца манахіні з супольнасці сясцёр Маці міласэрнасці.
У размовах з жыхарамі прытулку семінарысты спрабавалі атуліць іх сваёй любоўю, якая надае жыццю глыбокі і непахісны сэнс. Кожны жадаючы меў магчымасць таксама прыступіць да сакрамэнту паяднання, каб у таямніцу надыходзячага свята ўвайсці з чыстым сэрцам і добрымі думкамі.
Уражанні, якія атрымалі семінарысты падчас сустрэчы, напэўна, надоўга застануцца ў сэрцах будучых святароў і паспрыяюць іх духоўнаму станаўленню на дарозе да служэння самым бедным і патрабуючым.