Пошук

29.07.2018 01:53   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

28 ліпеня ў Навагрудку распачаліся памятныя мерапрыемствы на ўшанаванне 75-годдзя мучаніцкай смерці адзінаццаці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак.

Сястра Марыя Стэла і яе дзесяць паплечніц былі расстраляныя нацыстамі ў Батароўскім лесе каля Навагрудка 1 жніўня 1943 г. Сёстры ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек — бацькаў сямей і святара, — арыштаваных і асуджаных на расстрэл. Смяротнае пакаранне было заменена для арыштаваных на прымусовыя працы ў Германіі. Усе яны перажылі вайну. Сёстры мучаніцы з Навагрудка былі беатыфікаваныя папам Янам Паўлам ІІ 5 сакавіка 2000 г. на плошчы св. Пятра ў Рыме.

Увечары на месцы расстрэлу сясцёр пад Навагрудкам сабраліся шматлікія вернікі, многія з якіх прыйшлі туды ў пешых пілігрымках з Гродна і з Пінскай дыяцэзіі. Цэлебрацыю св. Імшы на месцы мучаніцтва ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Войда, Мітрапаліт Беластоцкі (Польшча). Гамілію прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

На пачатку Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прывітаў удзельнікаў урачыстасці, а ў прамоўленым слове звярнуў увагу на хрысціянскае вымярэнне ахвяры сяцёр мучаніц.

«„Няма большай любові, калі хтосьці аддае сваё жыццё за братоў“. Гэтыя словы Езуса ўводзяць нас у таямніцу жыцця і мучаніцкай смерці благаслаўлёных мучаніц сясцёр назарэтанак. Яны таксама паказваюць сілу веры, якая з асабліваю моцаю праяўляецца ў наследаванні Хрыста ў хвіліны выпрабаванняў», — падкрэсліў іерарх.

Ён зазначыў, што прыгожы лес стаў кальварыяй, на якой сёстры па прыкладу Езуса ахвяравалі сваё жыццё за бліжніх.

«Яны загінулі, але жыццё засталося. Гэта азначае, што любоў заўсёды з’яўляецца жыццядайнай, нягледзячы ні на што», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Па словах іерарха, навагрудскі лес, як і многія іншыя месцы генацыду таталітарных рэжымаў, заклікае да новага асэнсавання Божага закону аб любові да бліжняга, каб пазбегнуць падобных трагедый у будучыні.

«Мы рэалізуем вобраз Бога ў сабе, калі любім бліжняга, прабачаем яму правіны, баронім жыццё ад зачацця да натуральнай смерці, умацоўваем мір і справядлівасць у свеце, дбаем пра годнасць чалавека. Праз нас Бог уваходзіць у гісторыю, каб сваёй ласкай і супакоем напоўніць зямлю», — сцвердзіў кіраўнік беларускага епіскапату, адзначыўшы пры гэтым што Божы план заключаецца ў перамене чалавечага жыцця, «каб замест трагедый, падобных мучаніцкай смерці навагрудскіх сясцёр назарэтанак, мы будавалі цывілізацыю жыцця і любові».

«Падмуркам перамены чалавека з’яўляецца факт, што Бог першы нас палюбіў і ніколі не адмаўляўся ад гэтай любові. У логіку гэтай любові ўпісваецца ахвяра жыцця навагрудскіх сясцёр мучаніц», — сказаў арцыбіскуп.

Ён асабліва падкрэсліў, што «навагрудскі лес з яго трагедыяй, разам з Асвенцімам, Трасцянцом, Курапатамі і шматлікімі падобнымі месцамі ў Беларусі, Еўропе і ва ўсім свеце, заклікае пакласці канец логіцы, якая вядзе да знішчэння жыцця, годнасці і свабоды чалавека.

«Мы ўспамінаем былыя падзеі і цяжкія старонкі нашай гісторыі не для таго, каб зноў раздзіраць незагоеныя раны, а для таго, каб на памылках мінулага выхоўваць новыя пакаленні і каб падобнае ніколі не паўтарылася», — сцвердзіў іерарх.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў сваю гамілію малітвай:

«Усемагутны і міласэрны Божа! Праз заступніцтва навагрудскіх благаслаўлёных мучаніц сяёсцёр назарэтанак адары нас ласкай, каб дзякуючы нашаму хрысціянскаму сведчанню і ахвярнаму служэнню Богу і людзям мы таксама прынеслі багаты духоўны плён, каб наша краіна магла паспяхова супрацьстаяць небяспечным выклікам сучаснасці і была вядомай у свеце як краіна моцнай веры, надзеі і любові. Амэн».

 

Гэтыя словы, прамоўленыя на месцы, дзе пралілася кроў нявінных ахвяраў нацызму, прагучалі як прысяга з Божаю дапамогаю зрабіць усё магчымае, каб на нашай зямлі больш ніколі не гінулі людзі ў імя варожых жыццю і чалавечай годнасці ідэалогій.

Абноўлена 29.07.2018 10:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця