У суботу 28 снежня, напярэдадні свята Святой Сям’і, у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылося ўрачыстае распачацце святкавання юбілею 150-годдзя з часу заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Святой Сям’і з Назарэта.
Напачатку адбылася прэзентацыя супольнасці назарэтанак — адной з найбольш шматлікіх жаночых кангрэгацый, якія дзейнічаюць у Беларусі, славутай тым, што да яе належалі благаслаўлёныя сястра Марыя Стэла і яе паплечніцы, мучаніцы Другой сусветнай вайны з Навагрудка.
Пасля прэзентацыі адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, яго папярэднік на Гродзенскай катэдры біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч і паўтара дзясятка святароў. У святыні прысутнічалі сёстры назарэтанкі, якія нясуць служэнне ў розных парафіях і ўстановах Касцёла на Беларусі, у тым ліку ў Апостальскай нунцыятуры ў Мінску, на чале з правінцыяльнай настаяцельніцай сястрой Філатэяй Цехановіч.
Напачатку біскуп Гуляй звярнуўся да сабраных са словам прывітання. Іерарх, словы якога прыводзіць Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, перадусім адзначыў, што Святая Сям’я з Назарэта, у гонар якой названа кангрэгацыя, з’яўляецца «ўзорам любові, пакоры і даверу Божай волі». Біскуп Гуляй дадаў, што кангрэгацыя была паклікана несці ў свет дух Назарэта — «дух сямейнай еднасці, любові і супакою». Пастыр Касцёла Гродзенскай дяцэзіі падзякаваў назарэтанкам за іх служэнне, адзначыўшы:
«Вы натхняеце нас глыбей жыць Евангеллем і несці Хрыста ў кожны дом і кожнае сэрца».
Іерарх назваў год юбілею кангрэгацыі нагодай узгадаць навагрудскіх назарэтанак мучаніц і іх прыклад, нагодай маліцца за сем’і, «якія сёння так часта сутыкаюцца з цяжкасцямі», і за тых, хто пакліканы ахвяраваць сваё жыццё Богу ў манаскім і святарскім служэнні. Біскуп Уладзімір Гуляй пажадаў, каб у гэты год кожны «змог адчуць сілу Божай любові і дазволіў ёй дзейнічаць у жыцці».
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што Юбілей з’яўляецца добрай нагодай падзякаваць Богу за атрыманыя ласкі, перапрасць за недасканаласці і прасць благаслаўлення на будучае служэнне. Заслужаны іерарх звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што юбілей сясцёр арганічна ўпісваецца ў Юбілейны 2025 год, які праходзіць пад дэвізам «Пілігрымы надзеі».
«Мы з’яўляемся пілігрымамі да вечнай Айчыны, куды кіруемся з надзеяй. У гэтай пілігрымцы асаблівую ролю адыгрываюць кансэкраванаыя асобы, у тым ліку і сёстры назарэтанкі», — заўважыў арцыбіскуп, дадаўшы, што гэтая кангрэгацыя была заснаваная благаслаўлёнай Францішкай Сядліскай як адказ на выклікі часу другой паловы XIX стагоддзя.
«Натхнёная Святым Духам, заснавальніца кангрэгацыі хацела, каб праз яе апостальства Бог прысутнічаў у звычайным жыцці чалавека і асабліва ў сям’і», — зазначыў іерарх. Ён нагадаў, што мэтай супольнасці сясцёр назарэтанак з’яўляецца прысвячэнне Богу, Касцёлу і Святому Айцу, падмацаванае любоўю і ахвярнасцю праз шматвектарнае апостальства, а іх харызма — гэта распаўсюджванне Валадарства Божай любові паміж сёстрамі і іншымі людзьмі праз наследванне Езуса, Марыі і Юзафа, а таксама праз душпастырскую апеку сям’ямі.
Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што назарэтанская духоўнасць караніцца ў евангельскім пасланні любові і выражаецца праз услухоўванне ў голас Бога, які прамаўляе праз людзей і жыццёвыя падзеі.
«Святая Сям’я з Назарэта з’яўляецца ўзорам, які натхняе сясцёр прыгажосцю звычайнага жыцця ў глыбокай веры і блізкасці Бога», — сцвердзіў заслужаны іерарх. Ён таксама звярнуў увагу на дэвіз Кангрэгацыі сясёр назарэтанак: «Будзь воля твая», падкрэсліўшы, што ён нагадвае пра пакорнае прыняцце Марыяй Божай волі, што дазволіла ажыццявіцца Божаму плану збаўлення, у які ўключаны чалавек у асобе Богачалавека Езуса Хрыста.
«Гэты дэвіз таксама прадстаўляе матыў, якім кіруюцца сёстры ў выкананні сваёй місіі. Іх „так“ Богу праз евангельскія парады чыстасці, беднасці і паслухмянасці становіцца „так“ кожнаму паасобнаму чалавеку і сем’ям, якія патрабуюць дапамогі», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Заслужаны іерарх нагадаў, што ў 1908 годзе назарэтанкі прыбылі ў Гродна, а ў 1929 годзе — у Навагрудак і ў сваёй дзейнасці стараліся адказваць на патрэбы мясцовага Касцёла, грамадства і займацца духоўнай фармацыяй моладзі.
«Трагічнай падзеяй стаў дзень 1 жніўня 1943 года, калі ў Батароўскім лесе пад Навагрудкам гітлераўцы растралялі 11 сясцёр, якія ахвяравалі сваё жыццё за 120 вязняў. Яны загінулі, але жыццё засталося. Людзі ставяць помнікі выдатным асобам. Сёстры подзвігам крыві паставілі сабе помнік святасці, які сягае да неба. 4 сакавіка 2000 года падчас іх беатыфікацыі Папа Ян Павел ІІ падкрэсліў, што Бог быў апорай і ўмацаваннем сясцёр у хвіліну таго жудаснага выпрабавання. Ён назваў навагрудскіх мучаніц каштоўнай спадчынай Кангрэгацыі і Касцёла на Беларусі.
Самаадданая і ахвярная любоў сясцёр да бліжняга і надзея на вечнае жыццё сталі сімваламі іх нязломнай веры і духоўнай сілы», — сцвердзіў арцыбіскуп. Ён дадаў, што і ў часы ганенняў сёстры патаемна выконвалі сваю місію пры пабэрнардынскім касцёле ў Гродне: катэхізавалі, рыхтавалі да сакрамэнтаў, наведвалі хворых.
«Калі ў грамадстве панавала прапаганда атэізму, у сясцёр адбывался навучанне праўдам веры і малітва, што давала надзею на лепшую будучыню», — прыгадаў іерарх, адзначыўшы, што пасля атрымання свабоды веравызнання ў 90-я гады мінулага стагоддзя назарэтанкі былі «на першай лінні фронту духоўнага адраджэння».
Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што сёстры займаюцца катэхізацыяй. арганізуюць рэкалекцыі для моладзі, святароў і кансэкраваных асобаў, праводзяць дабрачынную дзейнасць, апякуюцца Домам самотнай маці і хворымі ў шпіталях, а таксама, у адпаведнасці са сваёй харызмай, шмат увагі прысвячаюць сям’і, якая знаходзіцца ў вялікім крызісе.
«Касцёл у Беларусі дзякуе Богу за 150 гадоў існавання іх кангрэгацыі і плённай працы», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, пажадаўшы сёстрам смела ісці ў новую будучыню, у пілігрымку надзеі з благаслаўленнем Езуса, пад апекаю Марыі і святога Юзафа.
Пасля Камуніі прысутныя сёстры назарэтанкі аднавілі свае манаскія абяцанні.
Напрыканцы Імшы словы ўдзячнасці выказалі прадстаўнікі Асацыяцыі Святой Сям’і і настаяцельніца Беларускай правінцыі назарэтанак сястра Філатэя Цехановіч, словы якой перадае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі.
Настаяцельніца адзначыла: «Бог паклікаў Францішку Сядліскую заснаваць супольнасць сясцёр назарэтанак, каб яны пашыралі Яго Валадарства паміж сабою і сярод іншых, асабліва ў сем’ях. Мы молім Бога, каб Яго благаслаўленне вяло нас на гэтую справу і сёння, каб мы, верныя сваёй харызме, неслі дух Назарэта ў кожнае сэрца і дом».
Па словах сястры Філатэі, год юбілею кангрэгацыі заахвочвае назарэтанак задумацца над адносінамі з Езусам, аднавіць свой шлях веры, зноў адчыніць дзверы сваіх сэрцаў Богу і Яго любові, шукаць Божай мудрасці і разумення пры роздуме над Божым словам, малітве і разважанні, а перш за ўсё дзякаваць Богу за Яго ласкі, атрыманыя супольнасцю за час яе існавання.
«Няхай Бог благаславіць нас, каб гэты год стаў для нас асаблівым часам ласкі, калі мы засяродзімся на Ім, Яго дарах і любові, а таксама выкажам удзячнасць за Яго апеку», — сказала настаяцельніца.
Сястра Філатэя выказала ўдзячнасць усім, хто ўдзельнічаў свяце і прычыніўся да яго правядзення, а таксама папрасіла аб малітве, каб год юбілею стаў для назарэтанак «сапраўдным часам навяртання і аднаўлення любові да Бога», каб яны з большай адданасцю і запалам адкрывалі сэнс свайго прысвячэння і місіі служэння сям’і, шукалі новыя шляхі да рэалізацыі сваёй харызмы.
Завяршылася свята супольным абедам у будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.