З нагоды 150-годдя з часу заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанак) Папа Францішак удзяляе ласку юбілейнага адпусту, які можна атрымаць на працягу года з 1 снежня 2024 года да 30 лістапада 2025 года.
Для атрымання адпусту неабходна быць у стане асвячальнай ласкі, гэта значыць пасля споведзі, а таксама прыняць святую Камунію.
Акрамя таго, неабходна выканаць наступныя ўмовы:
- Пабожна прамовіць малітву да Святой Сям’і:
Найсвяцейшая Сям’я, благаславi i сцеражы усе сем’i свету. Захавай iх у еднасцi, звязаных непарыўным саюзам любовi, каб яны заставалiся вернымі атрыманым ласкам i абавязкам свайго паклiкання. Учынi, каб яны жылi паводле Закону і Запаведзяў Божых, каб iх жыццё было адлюстраваннем Твайго жыцця на зямлi i дазволiла iм у будучынi цешыцца Тваiм шчасцем у небе. Амэн.
або:
- Наведаць манаскую капліцу ў адным з дамоў сясцёр назарэтанак для індывідуальнай малітвы або ўдзелу ў любой форме калектыўнай малітвы.
або:
- Узяць удзел у арганізаваных Кангрэгацыяй юбілейных малітвах і літургічных цэлебрацыях, якія адбываюцца таксама па-за манаскімі капліцамі (напрыклад, у парафіяльным касцёле; узяць удзел у юбілейнай пілігрымцы).
Нарэшце, для атрымання адпусту, які можна ахвяраваць за сябе або за кагосьці з памерлых, неабходна памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца.
Пажылыя, хворыя і тыя, хто за імі даглядае, а таксама ўсе, хто па сур’ёзных прычынах не ў стане выйсці з дому, могуць атрымаць поўны адпуст, маючы агіду да кожнага граху з намерам выправіцца як мага хутчэй. Неабходна выканаць тры звычайныя ўмовы, духоўна далучыцца да юбілейных цэлебрацый і малітваў, ахвяруючы міласэрнаму Богу свой боль ці нязручнасці жыцця.
Хто такія назарэтанкі?
Кангрэгацыя Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта — гэта жаночая манаская супольнасць, заснаваная ў Рыме (Італія) у 1875 годзе законніцай з Польшчы благаслаўлёнай Францішкай Сядліскай. 1 верасня 1896 года папа Леў XIII зацвердзіў канстытуцыю Кангрэгацыі.
У 1908 годзе сёстры назарэтанкі распачалі сваё служэнне ў Гродне, даўшы пачатак гісторыі Кангрэгацыі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
1 жніўня 1943 года духоўныя дочкі благаслаўлёнай Францішкі Сядліскай, адзінаццаць сясцёр на чале з настаяцельніцай Марыяй Стэлай, былі расстраляныя гітлераўцамі ў Батароўскім лесе пад Навагрудкам. Яны ахвяравалі сваё жыццё за сем’і і святара, разам з якімі працавалі і маліліся. У 2000 годзе адбылася беатыфікацыя навагрудскіх мучаніц, якую здзейсніў Папа Ян Павел ІІ.
Сёння сёстры назарэтанкі нясуць служэнне таксама ў многіх краінах свету: Англіі, Аўстраліі, ЗША, Ізраілі, Іспаніі, Італіі, Казахстане, Польшчы, Расіі, Украіне, на Філіпінах, у Францыі, а таксама на місіях у краінах Афрыкі. Асноўная іх дзейнасць — служэнне сям’і праз катэхізацыю, арганізацыя малітоўных сустрэч і рэкалекцый для сем’яў, служэнне ў прытулках для сірот, доме для адзінокіх маці, бальніцах, школах, дзіцячых садках, правядзенне фармацыйных сустрэч для моладзі. Дэвіз кангрэгацыі — «Будзь воля Твая».
«Мы молім Бога, які 150 гадоў таму паклікаў благаслаўлёную Марыю ад Пана Езуса Добрага Пастыра, Францішку Сядліскую, да заснавання супольнасці сясцёр, каб яны пашыралі Яго Валадарства паміж сабою і сярод іншых, асабліва ў сем’ях, каб Яго благаслаўленне вяло нас на гэтую справу таксама і сёння, каб мы, верныя сваёй харызме, неслі дух Назарэта ў кожнае сэрца і дом», — адзначаюць сёстры назарэтанкі.
Святкуючы 150-гадовы юбілей, Кангрэгацыя сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта звяртаецца да вернікаў з заахвочваннем: «Сардэчна просім маліцца, каб гэты час стаў для нас сапраўдным часам навяртання і аднаўлення нашай любові да Бога, каб мы з большай адданасцю і руплівасацю адкрывалі сэнс свайго прысвячэння і місіі служэння сям’і і настойліва шукалі новыя шляхі рэалізацыі харызмы ў сучасным свеце. Запрашаем таксама разам з намі выказаць удзячнасць за ўсе дары і ласкі, якія былі ўдзелам Кангрэгацыі на працягу ўсіх гэтых гадоў, за дар паклікання нашых сясцёр, за іх жыццё і служэнне. Будзьма разам любіць Бога, які штодня выказвае нам міласэрнсць і хоча праз нас узбагачаць свет духам Назарэта», — кажуць сёстры назарэтанкі.