Пошук

14.06.2018 08:00   Catholic.by
© charter97.org

13 чэрвеня, ва ўспамін св. Антонія Падуанскага, у Гродне з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адзначылі 400-годдзе асвячэння касцёла Адшукання Святога Крыжа — так званага пабэрнардынскага — і 40-годдзе святарства яго шматгадовага пробашча кс. прэлата Антонія Ханькі.

© Radzima.org
У гэты дзень у чатырохсотгадовых мурах старажытнай святыні, пабудаванай духоўнымі сынамі св. Францішка з супольнасці бэрнардынаў, якія адзначыліся асаблівай руплівасцю ў евангелізацыі народаў Вялікага Княства, ва ўспамін самага славутага францішканскага прапаведніка св. Антонія, разам сабраліся чатыры святары, якія ўжо 40 гадоў нясуць святло Евангелля сваім суайчыннікам.

Па запрашэнні гаспадара і імянінніка кс. прэлата Антонія да супольнай малітвы ў велічным касцёле, які ўжо чатыры стагоддзі ўзносіцца ў неба на высокім пагорку над Нёманам, далучыліся яшчэ тры пачэсныя юбіляры: кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч парафіі св. Юзафа ў Маладзечне, кс. прэлат Антоній Гей, пробашч парафіі св. Юзафа ў Брэсце, і кс. Юзаф Занеўскі SDB, пробашч катэдральнага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маскве.

© grodnensis.by

Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што менавіта з гэтымі святарамі ён распачынаў сваё біскупскае служэнне на Беларусі і ў Расіі і што менавіта яны сталі тады яго апорай і дапамогай у адказнай і няпростай справе адраджэння веры пасля дзесяцігоддзяў барацьбы з рэлігіяй.

У гэтай вайне цемры са святлом знішчаліся святары і простыя вернікі, а таксама руйнаваліся святыні. Ад рук бязбожных савецкіх уладаў загінуў і найстарэйшы касцёл у Гродне — гатычная фара Вітаўта. Але другая па ўзросце гродзенская святыня — пабэрнардынскі касцёл Адшукання Святога Крыжа, асвячаны 13 мая 1618 г. Віленскім біскупам Яўстахам Валовічам, —на працягу чатырох стагоддзяў нязменна заставалася месцам яднання чалавека з Богам.

«Колькі пакаленняў гродзенцаў — і не толькі — сустракалася тут з Богам! Колькі людзей адшукала тут страчаную надзею! Колькі іх кленчыла тут, на гэтай выцертай чалавечымі каленямі каменнай падлозе, схіляючы галовы перад Хрыстом, скрытым у Найсвяцейшым Сакрамэнце на алтары! Як шмат малітваў і вызнанняў пачулі за чатыры стагоддзі гэтыя старадаўнія сцены і канфесіяналы!» — усклікаў арцыбіскуп.

Ён звярнуў увагу на тое, што нават у самыя неспрыяльныя савецкія часы толькі ў гэтым адзным касцёле на ўсё Гродна заставаўся святар. Святыня тады стала таксама прытулкам для сясцёр назарэтанак, якія былі вымушаны дзейнічаць у падполлі. Менавіта няспынная прысутнасць святара, перадусім адданага пастыра кс. прэлата Міхала Арановіча, а таксама самаахвярнае служэнне сясцёр зрабілі старажытны касцёл непераможным бастыёнам хрысціянства, які выстаяў у гады ваяўнічага атэізму, — падкрэсліў арцыпастыр.

Дзякуючы перабудове і сацяльна-палітычным пераўтварэнням, што адбыліся напрыканцы мінулага стагоддзя, пабэрнардынскі касцёл распачаў новую старонку сваёй багатай гісторыі, у якую арганічна ўпісалася размешчаная побач са святыняй у мурах старадаўняга бэрнардынскага кляштара Вышэйшая духоўная семінарыя — першая касцёльная навучальнай ўстанова ў незалежнай Беларусі, якая пачала падрыхтоўку каталіцкага духавенства. Як зазначыў арцыбіскуп, будаўніцтва жывога Касцёла адбываецца праз служэнне біскупаў і святароў з удзелам вернікаў. Прычым святары з’яўляюцца найбліжэйшымі памочнікамі біскупаў у гэтай справе.

«Ксенжа прэлаце Антоні, — з трымценнем у голасе звярнуўся да юбіляра арцыбіскуп Кандрусевіч, — у той час, калі шалеў атэізм, ты прыйшоў на вялікае жніво Касцёла на Беларусі. Ты — духоўны сын і вучань вялікага святара, ксяндза Пятра Барташэвіча, які дапамог табе пачуць Божы голас паклікання да святарства і суправаджаў цябе на шляху падрыхтоўкі.

Кс. прэлат Антоній Ханька © slowo.grodnensis.by

Ты стаў першым прэзбітэрам, які быў афіцыйна пасвячаны ў Беларусі пасля Другой сусветнай вайны. <…> 13 чэрвеня 1978 г. на тваёй прыміцыі ў Жалудку здавалася, што там сабралася ўся каталіцкая Беларусь. З якой надзеяй людзі глядзелі на цябе! Ты быў першай ластаўкай вясны Касцёла ў нашым спакутаваным краі».

Кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі
Менавіта на плечы кс. Антонія Ханькі і яшчэ некалькіх, пераважна пажылых ужо тады святароў, легла няпростая задача абвяшчаць веру ў цяжкія часы. Калі ж распалася савецкая імперыя зла і была ўтворана Гродзенская дыяцэзія, адданы святар стаў яе канцлерам і заставаўся на гэтай пасадзе правай рукой біскупа Аляксандра Кашкевіча на працягу 25-і гадоў.

Кс. прэлат Антоній Гей
Звяртаючыся да ўсіх дастойных юбіляраў, арцыбіскуп напрыканцы сказаў:

«Вы прысвяцілі сваё жыццё абвяшчэнню Евангелля і асвячэнню чалавека праз святыя сакрамэнты, якія з’яўляюцца бачнымі знакамі нябачнай Божай ласкі, неабходнай для збаўлення. Вы прысвяцілі сябе справе мудрага кіравання Божым народам дзеля таго, каб дапамагаць людзям знайсці Бога і не згубіць Ягонай ласкі. Таму нездарма 40-гадовы юбілей святарства адбываецца ў касцёле Адшукання Святога Крыжа.

Ваша душпастырская праца — гэта цяжкі крыж, які вы несяце ўжо 40 гадоў, паказваючы яго людзям як знак збаўлення — знак, які яднае з Богам».

Кс. Юзаф Занеўскі SDB
Пажадаўшы найстарэйшым святарам і надалей ісці з крыжам Хрыста да людзей, якія прагнуць заўсёды жывой і актуальнай евангельскай весткі, арцыпастыр выказаў ім пажаданне, каб св. Антоній выпрошваў для іх патрэбныя ласкі, каб весці людзей да Бога — адзінай крыніцы шчасця.

 

Абноўлена 14.06.2018 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа