Пошук

11.06.2018 12:04   Фота: Валянціна Гардзей / Catholic.by

10 чэрвеня ў касцёле св. Юзафа ў Маладзечне адбылося святкаванне 40-й гадавіны прэзбітэрскага пасвячэння ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, Маладзечанскага дэкана.

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Урачыстую Эўхарыстыю з ім канцэлебравалі Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі — выхаванец юбіляра, Біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобл. біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама шматлікія святары.

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, узгадваючы шлях кс. Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага да святарства, падкрэсліў ролю яго пабожных бацькоў і сям’і, а таксама святароў, якіх ён сустрэў у сваім юнацтве. Усе яны, па словах іерарха, спрыялі яго выхаванню такім чынам, што ён, калі пачуў заклік Пана, адказаў на яго «так».

У тыя часы рэалізаваць пакліканне да святарства было нялёгка нават у Латвіі, дзе нарадзіўся і жыў будучы ксёндз прэлат.

Пасля некалькіх гадоў служэння ў роднай Латвіі ксёндз Эдмунд, працягваў арцыбіскуп Кандрусевіч, паказаў сваю місійную сталасць і паехаў служыць у Беларусь, дзе катастрафічна не хапала святароў. Гэта быў складаны час ваяўнічага атэізму і адначасова час пераменаў, якія рыхтаваў Божы Провід. Ксёндз Эдмунд, як сказаў арцыбіскуп, апынуўся ў гэтым віры, калі трэба было праявіць незвычайную мудрасць, кемлівасць і адвагу.

«Ламалася старая камуністычная сістэма, і людзям неабходна было даць адпаведныя духоўныя арыенціры, каб не заблукалі. І ксёндз Эдмунд стаяў на пярэднім фронце барацьбы за духоўнае адраджэнне, — адзначыў іерарх. — Улада пачала масава перадаваць касцёлы парафіям, але пры ўмове, што імі будзе апекавацца святар. Тады кс. Эдмунд пагадзіўся быць пробашчам шматлікіх парафій, якіх, напэўна, было больш за 15».

Уключыўся ён актыўна і ў дабрачынную дзейнасць, бо быў адным з першых, хто прымаў удзел у арганізацыі аздараўляльнай праграмы «Дзеці Чарнобыля». Калі прыйшла пара рамантаваць вернутыя католікам касцёлы і будаваць новыя, дзякуючы высілкам кс. Эдмунда быў пабудаваны касцёл св. Юзафа ў Маладзечне.

Доўгія гады кс. Эдмунд выконваў абавязкі генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, будучы правай рукой кардынала Казіміра Свёнтка. Клапаціўся пра пакліканні да святарства, аб чым найлепей сведчыць вялікая колькасць яго выхаванцаў, якіх было 16. Усе яны сталі святарамі, а Юрый Касабуцкі — біскупам.

Апостальскі Пасад заўважыў руплівасць кс. Эдмунда і ўганараваў яго тытулам папскага прэлата.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што, гледзячы на юбіляра, мы бачым у ім такога ж чалавека, як і кожны іншы. Але адначасова, дадаў іерарх, бачым у ім таго, які дзейнічае моцаю Езуса. Гэта вялікі дар яму самому і Божаму народу.

«У абставінах ваяўнічага атэізму, а потым часу адраджэння веры кс. Эдмунд праявіў сябе як „духоўны бульдозер“, які ламаў старую атэістычную сістэму і на прынцыпах Евангелля будаваў новы духоўны свет, — сказаў пастыр архідыяцэзіі. —

Мінска-Магілёўскі Касцёл дзякуе сёння Богу за ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага. Прыклад яго служэння няхай дапаможа юнакам, якія чуюць голас Пана, які іх кліча пайсці за Ім, бо жніво вялікае, а работнікаў мала».

Арцыбіскуп пажадаў юбіляру Божага благаслаўлення і поспехаў у пастырскай працы на далейшыя гады служэння Касцёлу ў Беларусі.

На заканчэнне Імшы арцыбіскуп паведаміў, што прызначае кс. Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага ганаровым канонікам катэдральнага капітула Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Шматлікія вернікі і святары, у тым ліку прадстаўнік Праваслаўнай Царквы, павіншавалі юбіляра і пажадалі яму Божага благаслаўлення.

 

Абноўлена 11.06.2018 12:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.