Пошук

Рэліквіі благаслаўлёных сясцёр мучаніц у навагрудскім санктуарыі © dialog1994.by

28 і 29 ліпеня ў Навагрудку праходзілі памятныя мерапрыемствы на ўшанаванне 75-годдзя мучаніцкай смерці адзінаццаці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак. Кульмінацыяй урачыстасці стала св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр.

Увечары напярэдадні шматлікія вернікі і пілігрымы маліліся на месцы расстрэлу сясцёр у Батароўскім лесе пад Навагрудкам. Малітва працягвалася ўсю ноч таксама ў фарным касцёле, дзе спачываюць рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак, мучаніц.

На пачатку св. Імшы прадстаўнік Святога Айца прывітаў удзельнікаў памятных мерапрыемствах, перадусім Гродзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча, настаяцельніцу Правінцыі благаслаўлёных Мучаніц з Навагрудка с. Марыю Блашчык, духавенства, сясцёр, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, дыпламатычнага корпуса.

Потым ён звярнуўся да ўсіх прысутных, якія сабраліся ў фарным касцёле, каб ушанаваць 75-я ўгодкі мучаніцкай смерці благаслаўлёных назарэтанак:

«Гэтае месца святое, бо яно захоўвае памяць аб мучаніках. Яны сведчаць нам пра тое, што хрысціяне перамагаюць не ўладай, зброяй, грошамі, дамовамі. Гэта не героі, а людзі, адзіная сціплая сіла якіх — вера і любоў. Яны не забіраюць жыццё ў іншых, а дораць сваё, як гэта зрабіў Езус, які не думаў пра сябе і не ўцёк з Ерузалема.

Мучанікі нагадваюць нам пра Касцёл: бедны, пакорны і чалавечны».

У сваёй гаміліі Нунцый засяродзіўся на словах з Паслання св. апостала Паўла да Рымлянаў: «Хто адлучыць нас ад любові Хрыста?» (пар. Рым 8, 35).

«Гэтымі словамі апостал Павел кажа нам пра славу нашай веры ў Езуса: Хрыстус не толькі ўваскрос з мёртвых і ўзнёсся ў Неба, але і злучыў нас з сабою, зрабіўшы ўдзельнікамі вечнага жыцця. Ён перамог, і Яго перамога — таксама і наша. Сёння мы адзначаем гэтую перамогу ў жыцці сястры Марыі Стэлы і дзесяці сясцёр назарэтанак. Усе яны жылі і памерлі дзеля Хрыста і цяпер валадараць з Ім у радасці і славе. Разам з апосталам Паўлам яны кажуць, што Бог, праз смерць і ўваскрасенне свайго Сына, даў нам самую вялікую перамогу», — адзначыў прадстаўнік Святога Айца.

Іерарх падкрэсліў, што сёння перамога мучанікаў, іх сведчанне моцай Бога працягвае прыносіць плён у Беларусі, у Касцёле, які атрымлівае ўзмацненне ад іхняй ахвяры.

«Ушанаванне благаслаўлёных сясцёр з Навагрудка запрашае нас, католікаў і не толькі, вяртацца ў тыя часы, каб памятаць пра вялікія рэчы, якія Бог учыніў у гэтай зямлі, і берагчы, як скарб, спадчыну веры і любові, перададзеную нам нашымі продкамі», — сказаў іерарх.

Ён звярнуў увагу на тое, што мучаніцтва — гэта ласка выбраных.

«Не ўсе становяцца мучанікамі. Гэтыя сёстры сярод тэрору вайны праз малітву, ахвяру, салідарнасць падзялілі лёс пераследаваных людзей. Бог паклікаў усю іхнюю супольнасць да асаблівай місіі. Аб’яднаныя любоўю, яны разам пайшлі на смерць і разам узнесеныя да хвалы алтара», — зазначыў Апостальскі нунцый.

Па яго словах, гэтая гісторыя раскрывае перад намі важнасць, годнасць і прыгажосць жыцця з верай у Хрыста. Але веру нельга навязваць сілай.

«Евангелле кажа, што вера, для абароны і распаўсюджвання якой ужываецца меч, вельмі слабая. Тым часам, як паказала гісторыя, яна становіцца мацнейшай менавіта ў часы пераследу. <…> Здараецца, што словам „мучанік“ называюць і тых, хто памірае за „справу“, напрыклад, за ідэю, за рэвалюцыю, нават за „святую вайну“, распаленую фанатыкамі. Аднак найчасцей падобныя „мучанікі“ з’яўляюцца прычынай яшчэ большых пакутаў для іншых. Сапраўдны „мучанік“ (што па-грэцку значыць „сведак“) зносіць пераслед і пакуты проста за тое, што з’яўляецца хрысціянінам — сведкам Хрыста», — сказаў прадстаўнік Папы.

Пры гэтым ён адзначыў, што нашыя часы — гэта таксама часы мучанікаў, узгадаўшы, што і сёння тысячы хрысціянаў у розных краінах церпяць пераслед за веру.

«Вялікая колькасць хрысціянаў сёння перажывае так званае „белае“ мучаніцтва, пераслед і ганенні без праліцця крыві, проста стараючыся жыць верай і быць вернымі вучэнню Касцёла ва ўсё больш бязбожным свеце. Не трэба дзівіцца гэтаму пераследу, як прадказваў Езус, а трэба радавацца, як радаваліся благаслаўлёныя сёстры з Навагрудка, бо вялікая будзе ўзнагарода ў небе. Калі мы паверым Божаму Слову і будзем наследаваць прыклад мучанікаў — сведкаў Хрыста — у нашым штодзённым жыцці, то зможам перажыць тую ўзнёслую свабоду духа і радасць, з якімі яны прымалі цярпенні і смерць», — сцвердзіў іерарх.

«Дарагія браты і сёстры, — сказаў на заканчэнне арцыбіскуп Габар Пінтэр, — дзякую вам за вашую прысутнасць і малітву ў гэтым святым месцы.

Ушаноўваць памяць пра сведкаў веры — гэта вялікі дар. Гэта дар для жыхароў Навагрудка, для прыбываючых сюды пілігрымаў і для ўсіх хрысціянскіх супольнасцей Беларусі.

Благаслаўлёныя сёстры працягваюць сведчыць, што супраць здзекаў, гвалту, несправядлівасці трэба змагацца сілай любові, і праз цярпенне прыносіць супакой свету».

Сваю гамілію прадстаўнік папы Францішка завяршыў малітвай:

«Пане, праз заступніцтва благаславёных сясцёр назарэтанак з Навагрудка зрабі нас годнымі сведкамі Евангелля і Тваёй любові, прыладамі дабра і прымірэння ў нашых асяроддзях, будзь побач з тымі, каго пераследуюць за веру ў Цябе, учыні, каб хутчэй запанаваў у свеце супакой і справядлівасць. Амэн».

© grodnensis.by

На заканчэнне Імшы быў прачытаны дэкрэт, якім фарны касцёл Перамянення Пана ў Навагрудку абвешчаны санктуарыем благаслаўлёных сясцёр-мучаніц Марыі Стэлы і паплечніц. Такім чынам, на беларускай зямлі з’явіўся яшчэ адзін маяк веры, які будзе паказваць шлях да Хрыста новым пакаленням нашых суайчыннікаў.

Абноўлена 30.07.2018 01:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа