Пошук

16.10.2018 09:51   Grodnensis.by / Catholic.by

13 кастрычніка Ордэн духоўных рэгулярных убогіх Маці Божай пабожных школаў (айцы піяры) адзначыў юбілей — 300-годдзе з дня прыбыцця ў Шчучын.

Святкаванне пачалося ў мясцовым касцёле св. Тэрэзы Авільскай урачыстай Імшой падзякі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, які прамовіў гамілію, і дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага.

На ўрачыстасці прысутнічалі таксама правінцыял Польскай правінцыі Ордэна піяраў а. Юзаф Матрас, святары Шчучынскага дэканату і святары-госці, сёстры законныя, прадстаўнікі мясцовай улады, шматлікія вернікі, якія прыбылі, каб дзякаваць за адданае і руплівае служэнне піяраў у Шчучыне.

Вітаючы прысутных, пробашч парафіі і настаяцель супольнасці піяраў у Шчучыне а. Вітольд Пяцельчыц SchP адзначыў, што для піяраў гэта асаблівы дзень, таму яны вельмі цешацца, што так шмат людзей жадаюць адсвяткаваць з імі гэтую дату.

У адрас піяраў прагучала шмат добрых слоў. Прадстаўнікі мясцовых уладаў дзякавалі за вялікі ўклад у духоўнае і культурнае жыццё Шчучына, што дазваляе зберагаць традыцыі і арыентуе людзей на высокія каштоўнасці. Дзякавалі за імкненне дапамагаць ва ўсіх добрых справах.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў піярам удзячнасць за адданае служэнне ў парафіі, праз якое яны вядуць вернікаў да збаўлення, а асабліва за апеку над дзецьмі і моладдзю, што з’яўляецца харызмай іх ордэна.

Пасля Імшы адбылося благаслаўленне мемарыяльнай дошкі на выхадзе з касцёла. Яна стане напамінам для сучасных вернікаў, а таксама для наступных пакаленняў, аб гэтым вялікім юбілеі.

Затым у раённым доме культуры прайшла навукова-гістарычная канферэнцыя «In nomine pietatis et litterae: адукацыйная і культурна-асветніцкая місіі ордэна піяраў на Беларусі», у межах якой выступілі дакладчыкі з нашай краіны і з замежжа.

Прысутныя мелі магчымасць глыбей пазнаёміцца з гісторыяй знакамітай супольнасці. Было адзначана, што піяраў у Шчучын у 1718 г. запрасіў Юрый Юзафовіч-Глябіцкі, звязаны сямейнымі вузамі са славутым родам Сцыпіёнаў. Піяры адразу адкрылі ў Шчучыне школу, якая называлася Collegium Jozefovicianum. Адным з найбольш вядомых выхаванцаў школы быў Ігнат Дамейка, які вучыўся там у 1813-1816 гг.

Таксама адзначалася, што піяры стараліся дастасоўвацца да зменаў, якія адбываліся ў асвеце, дзякуючы чаму іх школы адрозніваліся ад іншых манаскіх школ і перасягалі іх сваім узроўнем. У XVIII i пачатку XIX ст. піярскія школы на тэрыторыі сённяшняй Беларусі належалі да найлепшых. Як у групе выкладчыкаў, так i сярод выхаванцаў гэтых школ былі выбітныя асoбы, у тым ліку «з першых старонак польскай гісторыі».

У межах культурнай часткі святкавання мясцовыя таленты парадавалі прысутных музычнымі нумарамі.

Сёння ў Беларусі піяры служаць у дзвюх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі — у Шчучыне і Лідзе, а таксама ў адной парафіі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — у Чавусах.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.