Пошук

04.07.2023 22:22   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Мікола Новікаў, Алена Бобр / Catholic.by

1 ліпеня цэлебрацыю галоўнай святой Імшы сёлетняга фэсту ў Будславе ўзначаліў Прэфект дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Спецыяльны пасланнік Папы Францішка на юбілейных урачыстасцях у гонар 25-годдзя з часу каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.

Высокі ватыканскі іерарх, які раней на працягу чатырох гадоў нёс служэнне Апостальскага нунцыя ў нашай краіне і неаднаразова наведваў Нацыянальны санктуарый, прыбыў у Беларусь 28 чэрвеня з выключна рэлігійнай місіяй — быць прадстаўніком Папы на Будслаўскім фэсце.

30 чэрвеня арцыбіскуп Гуджэроцці пешкі як пілігрым увайшоў у Будслаў, дзе памаліўся перад цудадзейным абразом, каранаваным 25 гадоў таму кардыналам Казімірам Свёнткам па распараджэнні Папы святога Яна Паўла ІІ, а таксама прывітаў усіх пілігрымаў.

На наступны дзень Спецыяльны пасланнік Святога Айца зноў пешкі падышоў да будслаўскай базылікі ў суправаджэнні Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча і свайго асабістага сакратара айца Эмануіла Сабадаха OFM. Перад святыняй яго сустракалі ўсе каталіцкія біскупы Беларусі, з якімі ён ужо меў магчымасць сустрэцца ў Апостальскай нунцыятуры двума днямі раней, а таксама пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Сардэчныя словы прывітання высокаму госцю скіравала сям’я з будслаўскай парафіі, а маленькі хлопчык падараваў яму букецік блакітных валошак. Прыціскаючы яго да грудзей, папскі Легат увайшоў у святыню, дзе пэўны час, укленчыўшы, маліўся перад абразом Маці Божай Будслаўскай.

У сакрыстыі касцёла адбылася сустрэча Прэфекта Гуджэроцці з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады Беларусі, на якой абмяркоўваліся пытанні адбудовы святыні пасля пажару, што здарыўся тут два гады таму. Пасля сустрэчы яе ўдзельнікі прайшлі да палявога алтара, дзе адбылося спецыяльнае памятнае гашэнне паштовай маркі, прысвечанай юбілею каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.

Адтуль папскі спецпасланнік прайшоў да месца, дзе былі размешчаны ганаровыя госці, і прывітаўся з дыпламатамі і прадстаўнікамі розных веравызнанняў, якія прыбылі на ўрачыстасць.

У сакрыстыі, абсталяванай на час фэсту ў парафіяльным Доме пілігрыма, арцыбіскуп Гужэроцці апрануў арнат, які напярэдадні падаравалі Нацыянальнаму санктуарыю супрацоўнікі майстэрні літургічнага адзення «Sacris vestibus», што ўжо шмат гадоў дзейнічае ў Маладзечне пад патранатам Меншых Братоў Капуцынаў.

Прыгожая святарская шата белага колеру з вышытай Маці Божай Будслаўскай упершыню выкарыстоўвалася на святой Імшы, цэлебрацыю якой на палявым алтары ўзначаліў арцыбіскуп Гуджэроцці.

У доўгай працэсіі каля сотні святароў на чале з папскім Легатам і ўсімі каталіцкімі біскупамі Беларусі пад спеў у гонар Багародзіцы ў выкананні хору мінскага катэдральнага касцёла пад кіраўніцтвам Сафіі Голуб з акампанементам маэстра Уладзіміра Неўдаха прайшлі да алтара, дзе Спецыяльнага пасланніка Папы Францішка і ўсіх прысутных прывітаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пасля прывітальнага слова арцыпастыра Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прычытаў ліст Папы Францішка, якім Святы Айцец менаваў арцыбіскупа Гуджэроцці сваім Спецыяльным пасланнікам на юбілейных урачыстасцях у гонар Маці Божай Будслаўскай. Калі ліст быў прачытаны, арцыбіскуп Гуджэроцці распачаў святую Імшу, у якой бралі ўдзел тысячы прысутных у Будславе вернікаў і тых, хто духоўна далучыўся да прамой трансляцыі ўрачыстасці на партале Catholic.by.

За ўвесь час трансляцыю, якая даступная ў запісе, паглядзелі больш за дзесяць тысяч чалавек у Беларусі і з замежжа.

У прамоўленай гаміліі папскі Легат напачтаку растлумачыў, што ён з’яўляецца супрацоўнікам Папы ў Рымскай Курыі, якога Святы Айцец скіраваў у Беларусь у якасці свайго Спецыяльнага пасланніка, бо аб гэтым яго папрасіў Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату. Ён нагадаў, што ягоная місія прымеркавана да 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай — «старадаўняй і надзвычай прыгожай іконы, падараванай Папам».

«Яна прайшла доўгае падарожжа, каб трапіць сюды, на гэтую благаслаўлёную зямлю Беларусі, як і вы прайшлі доўгі шлях, каб прыбыць сюды. Гэта значыць, што кожны з вас — маленькая ікона», — сцвердзіў іерарх. Ён узгадаў, што каранаваў цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай «чалавек, якога Касцёл ніколі не забудзе, бо ён быў чалавекам веры, бо ніколі не губляў надзеі, нават калі быў пасланы ў зняволенне, і якога Папа Ян Павел ІІ пажадаў зрабіць кардыналам святога Касцёла. Кардынал Казімір Свёнтэк быў чалавекам з надзвычайнымі здольнасцямі, які адзначыўся ў справе адраджэння Каталіцкага Касцёла на гэтай зямлі разам са шматлікімі іншымі сведкамі веры, і некаторыя з іх сёння ўсё яшчэ з намі: і з аднаго, і з другога боку ад алтара. Дзякуй ім, бо тое, што мы сёння тут, — гэта іх заслуга», — сцвердзіў арцыбіскуп Гуджэроцці. Ён пажадаў пэўны момант паглядзець у вочы сабраным людзям, зазначыўшы, што гэта — сапраўдны «лек для душы».

Ён адзначыў, што Папа Францішак жадаў быць разам з беларускім народам у гэты дзень і асабіста абняць кожнага, дзякуючы за сведчанне веры, а таксама што ў асобе папскага Легата ў Будславе прысутнічаюць усе вернікі паўсюднага Касцёла, якіх у свеце мільярд трыста мільёнаў.

«Усе яны вас абдымаюць і кажуць вам „дзякуй“ за тое, што вы захавалі веру», — дадаў ватыканскі іерарх, якога Папа Францішак прасіў перадаць удзельнікам Будслаўскага фэсту сваё прывітанне і асабістае благаслаўленне, «каб святая Багародзіцы, чыя выява тут знаходзіцца, адарыла вас міласэрнасцю і супакоем, якія паходзяць толькі ад Пана Бога».

Спецпасланнік Святога Айца адзначыў, што Папам быць вельмі складана, асабліва ў цяперашні час, тым больш чалавеку, якому ўжо 86 гадоў, і папрасіў усіх прысутных паабяцаць яму ніколі не забывацца маліцца за Папу, на што ўдзельнікі цэлебрацыі адказалі воклічамі і гучнымі воплескамі.

«А цяпер я павінен расказаць вам адзін маленькі сакрэт, які асаблівым чынам растлумачыць прычыну, па якой Папа вас так моцна любіць. Я быў Апостальскім нунцыем, так, як сёння арцыбіскуп Антэ, на гэтай зямлі. Я наведваў пэўную парафію, і адна пажылая жанчына, якая з цяжкасцю хадзіла, прачытала мне ліст для Папы: вельмі прыгожы ліст. Я даў яго перакласці і зрабіў фота жанчыны, якая яго чытала.

На наступнай сустрэчы з Папам я паказаў пераклад ліста і фатаграфію. Ён затрымаўся, паглядзеў, у яго вачах былі слёзы, і ён сказаў мне: „Гэтая жанчына — святая“. Потым ён пайшоў у свой кабінет, узяў картку, пачаў пісаць ёй пасланне і даў мне гэтую картку. <…> Праз дзень я ўбачыў Папу на лесвіцы, і ён мне сказаў: „Але ж гэтая жанчына не разумее па-італьянску. Таму я дашлю тэкст па-беларуску“. Я выехаў, думаючы: „Хто ведае, ці гэты тэкст дойдзе…“

Праз тыдзень Папа тэлефануе мне ў Мінск і кажа: „Прыйшла гэтая картка для спадарыні?“ Я адказваю: „Не, Святы Ойча, бо дыпламатычная пошта для Беларусі трапіла ў Зімбабвэ“. Ён кажа: „Дык колькі ж нам давядзецца чакаць?“ — „Залежыць ад жыхароў Зімбабвэ“.

Праз тры тыдні дайшла. Я паехаў у тую парафію, перадаў дакумент жанчыне, а яна мне сказала: „Але за што мне такі гонар? Праўда, што трыццаць гадоў мне даводзілася праходзіць шмат кіламетраў штонядзелі , каб вучыць дзяцей катэхезе. Я ведаю, што мяне маглі і забіць. Але ж колькі жанчын рабілі тое самае, што і я?!“

І некаторыя з іх цяпер тут, — сказаў Прэфект Гуджэроцці, паказваючы на сабраны перад алтаром натоўп, — І іх вы павінны ўшанаваць моцнымі апладысментамі», — заахвоціў іерарх, што прысутныя і выканалі, пасля чаго ён працягнуў аповед.

«З Беларусі мяне перавялі ва Украіну, а з Украіны — у Вялікабрытанію.

Штораз, калі я сустракаў Папу, ён пытаўся ў мяне: „Як маецца Ядзвіга Пастэрнак?“ Я сказал: „Святой Отец, как Вы не забываете имя?“ А он ответил: „Потому что она святая женщина белорусская!“ — дадаў па-руску іерарх. — Але гэта яшчэ не канец. Калі Папа выклікаў мяне ў мой дзень нараджэння, на свята Маці Божай Ружанцовай, ён мне сказаў: „Цяпер вяртайся ў Рым і працуй дзеля Усходніх Касцёлаў“. Я адказаў: „Святы Ойча, але Вы ўпэўнены? Такая вялікая адказнасць, а мне ўжо шэсцьдзесят сем гадоў“. —

„Не перажывай, — сказаў ён мне, — на нябёсах цябе абараняе Ядзвіга Пастэрнак“.

Я ведаю, што ў гэты момант яна ўсміхаецца на нябёсах. І я ўпэўнены, што гэта ўжо абвяшчэнне святой на зямлі: Папа, раней за ўсе працэсы, ужо вырашыў, што гэтая жанчына — святая. Цяпер вы ведаеце, чаму ён пазнаёміўся з беларускім народам так блізка. Разумееце, чаму ў вачах кожнай жанчыны гэтай краіны ён бачыць аблічча Ядзвігі Пастэрнак.

Потым ён у мяне запытаўся: „А гэтая спадарыня яшчэ жыве?“ Я кажу: „Ваша Святасць, я больш не жыву ў Беларусі, я не ведаю“. — „Дык даведайся“.

Я пайшоў паглядзець відэа, якое гэтая жанчына, калі была ўжо вельмі пажылой, даслала мне са шпіталя на Божае Нараджэнне. Яна выказвала мне калядныя віншаванні, каб я перадаў іх Папу. Але ёй не хапала паветра, і яна змагла прачытаць толькі два сказы. Я паказаў Папу гэтае відэа. Яно было вельмі кранальным. Побач знаходзілася медсястра ў высокай белай шапачцы, і я сказаў: „Ваша Святасць, праз некалькі дзён пасля таго, як яна скіравала гэтае пасланне, яна памерла“. Нейкі час Папа захоўваў маўчанне, а потым мы працягнулі размову.

Сёння тут вы маеце новую заступніцу, якая стаіць побач з гэтым цудадзейным абразом Маці Божай. Ядзвіга Пастэрнак, якая са сваёй вёскі ішла многія кіламетры і захоўвала Найсвяцейшы сакрамэнт у шафе ў сваёй спальні.

Гэта — вера беларускага народа. Гэта — надзея. Вы — моцныя. Працягвайце верыць у Бога, нягледзячы ні на якія цяжкасці. Гэта дасць вам суцяшэнне, таму што бабуля Ядзвіга Пастэрнак прыйдзе, наведае вас і дакранецца да вашых сэрцаў», — скаазаў арцыбіскуп Гуджэроцці.

«Цяпер вернемся да іконы найласкавейшай Маці і Яе Сына, які з іконы вас благаслаўляе. Яна заўсёды паказвае вам шлях збаўлення — Хрыста Пана, свайго Сына. Папа кажа народу: „У няшчасцях і расчараваннях штодзённага жыцця, калі да Яе прыбягаюць з енкам пакуты, гэты народ будзе выслуханы“.

Вы чулі сённяшняе Евангелле. Чаму Марыя ідзе да Альжбеты? Яны абедзве цяжарныя, а традыцыйна лічыцца, што цяжарная жанчына не павінна рабіць вялікіх высілкаў.

Яна пайшла, таму што людзі шукаюць адно аднаго, таму што не хочуць быць самотнымі, таму што ім неабходна быць разам, таму што яны маюць патрэбу адно ў адным, жадаюць дзяліцца з іншымі, жадаюць салідарнасці, жадаюць быць разам, ісці разам, як у вашай пілігрымцы, праходзячы шляхамі, лясамі, азёрамі гэтай такой прыгожай зямлі, спяваючы і молячыся ўсе разам.

Менавіта гэта і ёсць чалавечае жыццё, гэта цывілізацыя, гэта і ёсць быць народам.

Ідучы, вы адчувалі пах вашай зямлі. Не прыміце гэта за жарт, але калі я думаю пра гэтую зямлю, я думаю пра вашую бульбу. Вы ведаеце, што вашая бульба стала вельмі вядомай нават за мяжой <…>.

Гэтая сувязь з зямлёй для мяне азначае капаць бульбу», — прамовіў па-беларуску папскі пасланнік. — Я думаю пра тое, што адбываецца з вашай бульбай. Я пакаштаваў лёс бульбы. Ведаеце, які? Які заканчваецца ў руках вашых матуль і бабуль, калі з яе атрымліваюцца дранікі. Я марыў пра дранікі з таго часу, як выехаў адсюль.

Колькі разоў, адпаведнаю парою едучы вашымі дарогамі, праз вашыя вёскі, я пытаўся: „Куды едзеш?“ І многія людзі: сяляне, рабочыя, а таксама студэнты, выкладчыкі ўніверсітэтаў казалі мне: „Гэта час бульбы, і мы едзем капаць бульбу“, — па-беларуску сказаў іерарх. — Бачыце дарагія браты і сёстры: капаць — гэта вельмі важны дзеяслоў, таму што адносіцца не толькі да бульбы. Ён адносіцца і да нашай душы.

Кожны з вас пакліканы капаць у глыбіні сябе, каб зразумець сябе паасобку і як народ, каб адкрыць, адкуль паходзіць вашая надзея, якую ніхто ў вас не можа забраць.

Ведаеце чаму? Таму што яна выціснутая ў вашых сэрцах. Там ёсць Божае аблічча, таму што вы былі створаныя паводле вобразу і падабенства Бога. Там запісана непарушная годнасць кожнай чалавечай істоты, якую асабіста любіць Пан Бог. Таму і вы разам з Марыяй, магчыма, сярод слёз і смуткаў, у пошуках міру і спакою, у жаданні быць разам, каб маліцца, спяваць і танчыць, можаце разам з Ёю сказаць: „Велічае душа мая Пана, таму што глянуў на пакору сваёй Слугі, з гэтага часу і заўжды ўсе пакленні, усе народы будуць казаць Мне: шчаслівая.

Так, дарагія браты і сёстры, таму што вы шчаслівыя, бо да вас працягвае рукі Дзяцятка Адкупіцель з іконы, бо Яго Найсвяцейшая Маці глядзіць на вас сваім позіркам, поўным пяшчоты.

Каралева супакою, якая была ўкаранаваная, не перастае ўмацоўваць вас і заклікаць да надзеі кожнага з вас, бязмежна любімага. Кожны з вас недатыкальны і важны ў вачах Пана Бога. Кожны адораны бясконцый годнасцю, якую ніхто і нішто ніколі не зможа знішчыць, таму што Бог — Ваш абаронца, Бог адказвае за кожнага з вас. Гэта — наша хрысціянская надзея. Падзякуем Богу за гэты дар веры, бо ў адваротным выпадку наш лёс быў бы вельмі сумным.

Маці Божая Будслаўская, Каралева любові, Ты была простай дзяўчынай. Бог шмат папрасіў у Цябе, і Ты адказала сваё „так“. Ты прыгатавала Твае дранікі, і карміла Сына Божага гэтымі дранікамі ўвесь час, што Ён заставаўся з Табою. Вось чаму яны сакральныя, бо дранікі — гэта штосьці накшталт сакрамэнту.

Ты прыняла апошні ўздых Твайго Сына пад крыжам, разам з апосталамі атрымала Святога Духа, які перамог свет і ўсе яго беды. З таго часу ўсе пакаленні называюць Цябе шчаслівай; усе людзі, усе вы, тут сабраныя, якіх Бог абараняе на векі вечныя. Амэн», — завяршыў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сваю гамілію.

На заканчэнне святой Імшы да прысутных са словам звярнуўся Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які падзякаваў Папу Францішку за вялікую любоў да вернікаў Касцёла на Беларусі і за скіраванага ім на юбілейныя ўрачыстасці Спецыяльнага пасланніка.

Біскуп Буткевіч адзначыў, што скіраваныя ім словы сталі заахвочваннем больш «цаніць тое, што мы маем», і дапамаглі «лепш зразумець сваю годнасць як Божага народа».

Са словам да прысутных звярнуўся таксама ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, які павіншаваў прысутных са святам і з юбілеем з часу каранацыі цудадзейнага абраза, адзначыўшы, што «вобраз Маці — гэта прыгажосць і міласэрнасць, а самае галоўнае — любоў да ўсіх сваіх дзяцей».

 

Потым да арцыбіскупа Гуджэроцці з чулымі і пранікнёнымі словамі звярнулся дзеці з будслаўскай парафіі, якія сёлета прынялі Першую святую Камунію: «Ваш шлях, як шлях многіх пілігрымаў, прывёў Вас сёння да падножжа алтара Маці Божай Будслаўскай; да месца, якое абрала наша Матуля, каб з’явіцца людзям зямлі беларускай.

Наша Маці Божая Будслаўская штодня чакае сваіх дзяцей, аздараўляе і суцяшае кожнае засмучанае сэрца, апякуецца нашай краінай, каб у Беларусі панавалі дабрабыт, лад і мір. У гэты дзень просім таксама Маці Божую Будслаўскую, каб заўсёды ахінала Вас сваёй пяшчотай і любоўю, а Яе ўмілаваны Сын апекаваўся Вамі і вёў па жыццёвым шляху.

Няхай Яе поўны пяшчоты позірк і мацярынская ўсмешка нагадае Вам сёння Вашу дарагую маму, якая адышла ў вечнасць тады, калі Вы неслі служэнне Апостальскага нунцыя ў Беларусі і часта бывалі ў нашым Нацыянальным санктуарыі, дзе заўсёды знаходзілі суцяшэнне і падтрымку. У Будславе вы не ў гасцях, а ў доме Матулі, якая саграе цяплом свайго Сэрца ўсіх сваіх дзяцей», — сказала дзяўчынка, а хлопчык папрасіў арцыбіскупа перадаць словы ўдзячнасці і прывітання Папу Францішку. На памяць Спецыяльнаму прадстаўніку Святога Айца быў падараваны спіс абраза Маці Божай Будслаўскай.

Арцыбіскуп Станеўскі заінтанаваў папулярны спеў у гонар Маці Божай Будслаўскай, а потым паведаміў, што так, як на працягу Вялікай навэнны ў Будславе праходзіла падрыхтоўка да юбілейных урачыстасцяў, так на працягу наступнага года кожную суботу месяца ў Нацыянальным санктуарыі будуць адбывацца малітоўныя сустрэчы падзякі.

На заканчэнне адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, перад якім арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прачытаў адмысловы Акт прысвячэння Маці Божай Будслаўскай. Завяршыліся юбілейныя ўрачыстасці Эўхарыстычнай працэсіяй з копіяй цудадзейнага абраза і заключнае благаслаўленне, якое Найсвяцейшым Сакрамэнтам удзяліў усім прысутным арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Больш фота з Будслаўскага фэсту — на старонках Catholic.by у сацыяльных сетках.

Абноўлена 07.07.2023 15:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа