Выйшаў у свет падвойны, ліпеньска-жнівеньскі нумар часопіса «Ave Maria» (№ 7–8 (340–341) 2023), кароткі агляд прапануем ніжэй.
На сайце выдання ave-maria.by адзначаецца, што хуткаплынныя дні ўжо аднеслі ў мінулае дзевяцімесячную падрыхтоўку да сёлетняга Будслаўскага фэсту ў межах Вялікай навэнны і ўрачыстае святкаванне 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Аднак плён гэтых падзеяў вернікі Касцёла на Беларусі працягваеюць узрошчваць у сваіх душах.
Менавіта пра гэта — новы, ліпеньска-жнівеньскі нумар часопіса «Ave Maria», дзе занатаваныя цёплыя словы глыбокай пашаны да Маці Божай, якія прагучалі ў межах гэтага святкавання з вуснаў Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага (урывак з гаміліі «Каб спрыяць перамене свету»), і арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча (урывак з рэферата «Марыя — збаўленне свету», прысвечанага юбілею каранацыі абраза).
На старонках часопіса таксама апублікавана Распараджэнне арцыбіскупа Станеўскага аб правядзенні Года падзякі Маці Божай і малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння ўсяго Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.
Ксёндз Андрэй Рылка закранае некалькі надзвычай важных аспектаў малітвы ў артыкуле «Чым адрозніваецца моц малітвы перад цудадзейным абразом і перад яго копіяй» разважае, ад чаго залежыць моц малітвы і ў чым асаблівасць канкрэтнага месца знаходжання цудадзейнага абраза.
Пра сваё перажыванне сёлетняга Будслаўскага фэсту распавядаюць Ян Лысы ў артыкуле «Сонца, месяц і вянок з дванаццаці зорак», Іна Бігель ва ўспамінах «Усё мае свой адпаведны час» і Паліна Грыб у сведчанні «Усмешка Маці Божай Будслаўскай — вясёлка між хмарамі». Данута Бічэль і Антаніна Святоха падзяліліся глыбокім паэтычным перажываннем гэтай знакавай падзеі.
«De Maria nimquam satis» («Пра Марыю ніколі не зашмат») — узгадаў лацінскае выслоўе арцыбіскуп Кандрусевіч у вышэйназваным рэфераце.
Таму цалкам лагічным працягам размовы пра ўшанаванне Маці Божай з’яўляецца разважанне айца Юрыя Кулая OCD «Жэст добрага сына»; артыкул Аліны Новікавай «Табе, Маці, давяраем наш лёс», прысвечаны 260-годдзю касцёла ў Гудагаі і ўрачыстасці Маці Божай Шкаплернай; інтэрв’ю Паліны Грыб з Міхаілам Шульгоўскім «У госці да Валадаркі Азёраў» пра веру сярод маладога пакалення і пра санктуарый Маці Божай у Браславе; аповед Галіны Калевіч «Для Цябе, Маці…» пра Марыю Трапашка, якая піша словы і музыку для духоўных песень, з’яўляецца аўтарам некалькіх зборнікаў; рэпартаж Віктара Ведзеня пра чарговы этап пілігрымкі цудадзейных абразоў Багародзіцы.
Чытачоў таксама чакаюць шматлікія іншыя цікавыя матэрыялы пра жыццё Касцёла ў Беларусі і культ Маці Божай. На апошніх старонках вокладкі прапануюцца «Малітвы да Найсвяцейшай Панны Марыі».