Пошук

30.06.2023 22:55   Фота: Мікола Новікаў, Алена Бобр / Catholic.by

Увечары 30 чэрвеня Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, якога Папа Францішак прызначыў сваім Спецыяльным пасланнікам на ўрачыстасцях у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай з нагоды 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Апякункі Беларусі, прыбыў у Будслаў.

Папскі пасланнік пешкі прайшоў да будслаўскай базылікі ад фігуры Маці Божай, што на ўездзе ў мястэчка перад мостам праз Сэрвач, далучыўшыся да групы пілігрымаў з Нарачы пад кіраўніцтвам айцоў кармэлітаў босых.

Арцыбіскупа Гуджэроцці прынялі як аднаго з пілігрымаў і павязалі на шыю традыцыйную жоўтую хусцінку, з якой нарачанцы прайшлі ўжо 26 пешых пілігрымаў у Будслаў.

Высокага ватыканскага іерарха суправаджаў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч і асабісты сакратар Прэфекта айцец Эмануіл Сабадах OFM.

Іх сустрэў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і праводзіў да Маці Божай Будслаўскай.

Перад уваходам у базыліку пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік як усіх пілігрымаў акрапіў пасланніка Папы асвячонай вадой, а маленькая дзяўчынка, якая ішла ў Будслаў з пілігрымкай, падаравала яму цацачнае куранятка.

Перад цудадзейным абразом, каранаваным па распараджэнні святога Яна Паўла ІІ чвэрць стагоддзя таму, яны затрымаліся на некалькі хвілін асабістай малітвы ў цішыні.

Па дарозе арцыбіскуп Гуджэроцці вітаў самых розных людзей, якія прыбылі на Будслаўскі фэст, з многімі размаўляючы як са старымі знаёмымі: на працягу чатырох гадоў свайго служэння ў Беларусі ў якасці Апостальскага нунцыя ён шмат падарожнічаў па нашай краіне і пазнаёміўся з вялікай колькасцю яе жыхароў, прычым не толькі католікаў.

Для святароў, старэйшых асоб, моладзі і дзяцей у папскага пасланніка знайшлося хоць па некалькі словаў падбадзёрвання, падтрымкі, благаслаўлення ці суцяшэння, або прынамсі адкрытая зычлівая ўсмешка і поціск рукі.

Перад Імшой для пілігрымаў, цэлебрацыю якой узначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці звярнуўся да ўсіх удзельнікаў урачыстасці, шчыра прывітаўшы іх ад імя Папы Францішка.

Спецыяльны пасланнік Святога Айца ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы 1 ліпеня а 11-й гадзіне.

На партале Catholic.by вядзецца прамая трансляцыя ўрачыстасцяў у Будславе.

Абноўлена 04.07.2024 11:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.