28 чэрвеня з Нарачы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат) выйшла 26-я пешая пілігрымка ў Будслаў.
Яе ўдзельнікі на працягу ўсёй дарогі ідуць па тэрыторыі аднаго дэканату. Іх шлях пралягае па берагах прыгожых азёраў Мядзельшчыны, у тым ліку самага вялікага возера ў Беларусі — непаўторнай Нарачы.
Перад тым, як рушыць у дарогу, удзельнікі пілігрымкі сабраліся апоўдні на святую Імшу ў нарачанскім касцёле святога Андрэя, апостала.
Цэлебрацыю ўзначаліў дэкан Мядзельскі ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, пробашч парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры.
Вітаючы пілігрымаў, ён заахвоціў іх узяць сабе добрую інтэнцыю — малітоўны намера, з якім яны пойдуць да Маці Божай.
Гамілію прамовіў айцец Аляксандр Стока OCD, пробашч парафіі Маці Божай з Гары Кармэль у Мядзелі. Ён распавёў гісторыю з уласнага жыцця, якім чынам удзел у пілігрымцы ў падлеткавым узросце дапамог яму адкрыць сваё пакліканне.
Усяго ў трохдзённую дарогу ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай з Нарачы вырушылі больш за 120 пілігрымаў. Самаму старэйшаму з іх 70 гадоў, а самаму малодшаму — усяго паўтара гадкі.
У пілігрымцы, якую вядуць душпастыры нарачанскай парафіі айцы кармэліты босыя, да Маці Божай разам ідуць вернікі з Брэста, Вароны, Мінска, Мядзела, Нарачы і са Свіра. Нарачанскі пробашч айцец Павел Ляліта OCD цэлебраваў Імшу аб добрай дарозе для іх, а айцец Павел Герман OCD благаславіў перад выхадам і акрапіў асвячонаю вадою.
У момант акраплення, якое адбывалася ў касцёле, на двары пачалася моцная залева. Але ўжо літаральна праз некалькі хвілін дождж сціх, і пілігрымы са спевам рушылі ў дарогу.
…Іх песні луналі між сосен і над водамі возера Нарач, па беразе якога пралягаў першы адрэзак шляху ў Будслаў.
Іх чулі нават тыя, хто ў летні сезон адпачывае на курортах Нарачанскага краю, і са здзіўленннем прыслухоўваліся да словаў: «Маці, Ты ў Будславе нас сустракай».