У другой палове дня 29 чэрвеня ў Апостальскай нунцыятуры ў Мінску Прэфект дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сустрэўся з каталіцкімі біскупамі Беларусі.
Напярэдадні Папскі Легат прыбыў у нашу краіну ў якасці Спецыяльнага пасланніка Папы Францішка для ўдзелу ў святкаваннях, прысвечаных 25-й гадавіне каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.
У сустрэчы ўзялі ўдзел Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, усе дзеючыя іерархі мясцовага Касцёла, а таксама Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Арцыбіскуп Гуджэроцці запэўніў біскупаў нашай краіны ў асаблівай блізкасці Святога Айца, які памятае пра католікаў у Беларусі, ведае пра тыя складанасці, якія перажывае сёння мясцовы Касцёл, і моліцца аб тым, каб з Божаю дапамогаю іх удалося як мага хутчэй пераадолець.
Спецыяльны пасланнік Папы Францішка пацвердзіў, што пастыры Касцёла ў Беларусі і іх вернікі заўсёды могуць разлічваць на дапамогу і падтрымку Святога Айца, якога ён прадстаўляе. Па словах Клаўдыё Гуджэроцці, гэтаму служыць таксама Апостальская нунцыятура — пастаяннае прадстаўніцтва Святога Пасаду ў нашай краіне.
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/left.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/right.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)