Пошук

19.12.2019 15:55   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

19 снежня ў мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены прайшла пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У перадкаляднай сустрэчы ўзяў удзел Апостальскі нунцый Габар Пінтэр, які неўзабаве завяршае сваё служэнне ў нашай краіне.

Прадстаўнік папы Францішка ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, у якой маліўся разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, яго дапаможнымі біскупамі Юрыем Касабуцкім і Аляксандрам Яшэўскім SDB, а таксама са шматлікімі святарамі і кансэкраванымі асобамі з усёй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У прамоўленым падчас Эўхарыстыі Божым слове арцыбіскуп Кандрусевіч распавёў пра служэнне Апостальскага нунцыя Габара Пінтэра ў Беларусі, адзначыўшы яго вялікі ўнёсак у развіццё Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне ў апошнія гады.

Правёўшы паралель з евангельскім тэкстам, у якім апавядалася пра аб’яўленне ў святыні святару Захарыі арханёла Габрыэля, які прадказаў нараджэнне святога Яна Хрысціцеля — Папярэдніка Хрыста, арцыпастыр заўважыў:

«Тры з паловай гады таму да супольнасці беларускіх католікаў Бог рашэннем папы Францішка скіраваў свайго „арханёла Габрыэля“, якім стаў Апостальскі нунцый Габар Пінтэр. Тады пасля паўгадовай адсутнасці прадстаўніка Папы ў нашай краіне мы з вялікаю радасцю ўспрынялі гэтую навіну».

Пры гэтым арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу на тое, што Апостальскі нунцый Габар Пінтэр, які родам з Венгрыі і на ўласным вопыце адчуў цяжкія наступствы пераследу веры прасавецкімі атэістычнымі рэжымамі, цудоўна зразумеў асаблівасці становішча Касцёла ў Беларусі ў часы яго адраджэння пасля трох пакаленняў ганенняў, менталітэт нашых людзей, а таксама стан духавенства.

У гаміліі кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату асабліва падкрэсліў як плённае ўзаемадзеянне паміж Каталіцкім Касцёлам у Беларусі і дзяржаўнымі структурамі, так і нявырашаныя да гэтага часу праблемы ў двухбаковых адносінах:

«Дзеючае заканадаўства аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях у Рэспубліцы Беларусь безнадзейна састарэла і патрабуе змен.

Няма пагаднення паміж Беларуссю і Святым Пасадам. Няма падобнага пагаднення або, прынамсі, шырокай дамовы паміж Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і дзяржавай. Праяўляецца адкрытая дыскрымінацыя замежных святароў, якія ўсё яшчэ патрэбныя для вядзення нармальнай душпастырскай дзейнасці ў беларускім Касцёле».

Разам з тым арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што прадстаўнік папы Францішка ў нашай краіне актыўна дзейнічаў з мэтаю вырашэння як унутраных праблем Касцёла, так і дзеля паляпшэння яго адносін з дзяржавай і грамадствам. Сярод яго заслугаў перад мясцовым Касцёлам арцыпастыр узгадаў, што дзякуючы намаганням Апостальскага нунцыя Габара Пінтэра распачаўся такі патрэбны працэс рэформы фармацыі да святарства, а таксама быў створаны і зацверджаны Святым Пасадам каардынацыйны орган кіраўнікоў і дэлегатаў манаскіх супольнасцяў Беларусі.

Звяртаючыся да свайго сабрата ў біскупскім служэнні, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сказаў:

«Вялікую ўвагу Вы прысвячалі развіццю адносін паміж Касцёлам і дзяржавай і вырашэнню існуючых праблем у гэтай сферы. Мне не аднойчы даводзілася быць сведкам Вашых высілкаў. Вы „не абгортвалі праблемы ў вату“ і не скруглялі вострых вуглоў, але адкрыта пра іх казалі. Ваша падтрымка — гэта падтрымка прадстаўніка Папы, што з’яўляецца вельмі важным для нас. Мы са сваімі праблемамі не былі пакінутыя сам-насам», — сцвердзіў іерарх.

«Вы ўвайшлі ў беларускае грамадства і Касцёл адкрытым і даступным усім „народным біскупам“, калі так можна выказацца, і такім застанецеся ў нашай памяці. Для нас Вы былі нунцыем, прадстаўніком Папы, але з намі — хрысціянінам і братам», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, пажадаўшы Апостальскаму нунцыю Габару Пінтэру Божай дапамогі на новым месцы служэння ў далёкім Гандурасе.

Падчас арганізацыйнай часткі сустрэчы арцыбіскуп Кандрусевіч перадусім падзякаваў сваім супрацоўнікам за пастырскае служэнне, асабліва насычанае ў перыяд Адвэнту: за рэкалекцыі, споведзь, наведванне хворых.

Іерарх падкрэсліў, што ў тыя дні, якія яшчэ застаюцца да святаў, неабходна прыкласці намаганні для таго, каб усе вернікі маглі прымірыцца з Богам і Касцёлам і духоўна падрыхтавацца да прыйсця Збаўцы.

Пастыр Мінска-Магілёўскага Касцёла адзначыў, што сёлета адвэнтавае чуванне моладзі ў Мінску прайшло на высокім узроўні, за што шчыра падзякаваў адказнаму за яго правядзенне ксяндзу Андрэю Бураку і ўсім, хто прычыніўся да яго падрыхтоўкі, правядзення і арганізацыі прыезду моладзі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што ў свята Святой Сям’і 29 снежня адбудзецца афіцыйнае завяршэнне Пастырскага года, які ў Касцёле на Беларусі быў прысвечаны сям’і як радасці і надзеі моладзі. З гэтай нагоды ў гэты дзень у мінскім касцёле святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) адбудзецца ўрачыстая святая Імша, на якую збяруцца сем’і, а таксама ўдзельнікі сямейных рухаў і тыя, хто працуе ў душпастырстве сем’яў.

Ксёндз Кірыл Бардонаў прадставіў план мерапрыемстваў душпастырства моладзі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на 2020 год. Яго адметнасцю стала Малітоўная сустрэча моладзі, запланаваная на май у Маладзечне.

Старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ ксёндз доктар грэміяльны канонік Ян Крэміс прадставіў святарам і кансэкраваным асобам 2-е выданне «Малітвы вернікаў», выпраўленае і дапоўненае, якое было падрыхтавана Секцыяй і ўхвалена арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Літургічная кніга ўбачыла свет у выдавецтве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Pro Christo.

Пасля завяршэння арганізацыйнай часткі сустрэчы ўсіх яе ўдзельнікаў чакаў смачны пачастунак, падчас якога святары і кансэкраваныя асобы падзяліліся аплаткамі і абмяняліся святочнымі пажаданнямі на Божае Нараджэнне.

 

 

Абноўлена 19.12.2019 16:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа