Пошук

16.12.2019 17:57   Тэкст: Ірэна Ахрамовіч, Мікола Гракаў / Фота: Юлія Ахрамовіч, Ніна Бабіч / Catholic.by

У ноч з 14 на 15 снежня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылося малітоўнае чуванне моладзі, якое прайшло пад дэвізам «Быць, як Марыя і Юзаф, з’яднанымі ў Хрысце».

Адвэнтавая сустрэча моладзі, у якой узялі ўдзел больш за пяць соцень юнакоў і дзяўчат з трох дыяцэзій, распачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Перад Эўхарыстыяй у бабінцы касцёла праходзіла рэгістрацыя ўдзельнікаў.

Пры запісе маладыя людзі атрымлівалі ад валанцёраў адмысловыя бранзалеты, на якіх былі змешчаны заклікі з літаній да Найсвяцейшай Панны Марыі і да святога Юзафа.

Дзяўчатам прызначаліся ўпрыгожанні з марыйнымі заклікамі, а хлопцам — з малітоўнымі зваротамі да святога Апекуна Касцёла.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама прайшоў рэгістрацыю і разам з іншымі ўдзельнікамі атрымаў бранзалет. На пачатку святой Імшы арцыпастыр прачытаў змешчаны на ім надпіс: «Клапатлівы абаронца Хрыста», і папрасіў удзельнікаў чування маліцца, каб гэта сапраўды было так.

Пасля Эўхарыстыі адбылося традыцыйнае дзяленне аплаткамі. Напэўна, калі б не скончыліся аплаткі, яно працягвалася б да самай раніцы!

Але чуванне — гэта таксама час разважання і супольнай малітвы.

Паколькі ў Касцёле на Беларусі пастырскі год, які ўжо завяршаецца, быў прысвечаны сям’і як крыніцы радасці і надзеі моладзі, адвэнтавая моладзевая сустрэча была прасякнута сямейнай тэматыкай.

Падрыхтаваная моладдзю з мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены сцэнка была прысвечана актуальнай у наш час праблеме «грамадзянскага шлюбу» і модных сёння «адносін без абавязкаў».

Каб асэнсаваць убачанае і зрабіць для сябе высновы, удзельнікі чування засяродзіліся ў супольнай ружанцовай малітве. Разважанні Радасных таямніцаў жыцця Езуса Хрыста і Багародзіцы падрыхтавала моладзь з парафіі Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы.

Тэматычную канферэнцыю падчас чування правялі малады салезіянскі святар Артур Ляшнеўскі SDB і сястра салезіянка Юлія Клявец FMA.

Ксёндз Артур распавёў пра святога Юзафа як прыклад для хлопцаў. Ён падкрэсліў, што мужчына становіцца мужчынам толькі тады, калі бярэ на сябе адказнасць. Таксама адметнай рысай мужчыны з’яўляецца рызыка. У жыцці треба не баяцца глядзець страху ў вочы: только ў такім выпадку чалавек зможа яго пераадолець.

Сястра Юлія, са свайго боку, вызначыла тры асноўныя характарыстыкі для дзяўчат: унутраная прыгажосць, адданне сябе іншым і давер. Гэтаму будучыя жонкі і матулі могуць найлепш павучыцца ў Нябеснай Маці Марыі.

Малітву Вяночка да Божай Міласэрнасці праводзіла моладзь з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы. Падчас малітвы маладыя людзі разважалі над адносінамі ў сваіх сем’ях і Божай Міласэрнасцю, якая заўсёды нам спадарожнічае. У якасці разважанняў да Вяночка прагучалі сведчанні людзей, якія ў дзяцінстве і маладосці спазналі розныя цяжкасці і ў Божай Міласэрнасці знайшлі дапамогу.

Моладзь малілася за сваіх бацькоў, за сваіх будучых сужонкаў, за будучыню, каб годна падрыхтавацца да сямейнага жыцця і захаваць чысціню да шлюбу.

Падчас перапынку ў касцёле працавала «Пошта Арханёла Габрыэля». Кожны меў магчымасць падпісаць паштоўку з віншаваннямі са святам, каб потым Арханёл Габрыэль прынёс добрую вестку іншаму чалавеку. На жаль, у час электроннай камунікацыі людзі ўсё менш пішуць адно аднаму паштоўкі, хоць гэта гэта — цудоўны спосаб падзяліцца радасцю, каб яна разыходзілася па ўсім свеце. Кожны, хто падпісаў паштоўку сам, таксама атрымае па пошце віншаванне з Божым Нараджэннем ад незнаёмца ці незнаёмкі, каб зноў занурыцца ў непаўторную атмасферу чування.

Перапынак стаў не толькі кароткім адпачынкам, але і момантам разважання над заклікам, які кожны меў на сваёй руцэ. У гэтым удзельнікам дапамог падрыхтаваны арганізатарамі плакат «Вы — сябры мае». На ім юнакі і дзяўчаты ўпісвалі свае імёны на адпаведных малюнках. Плакат стаў сімвалам еднасці моладзі з Хрыстом. Кожны можа ўбачыць сябе побач з Хрыстом, прычым не ў адзіноце, а ў вялікай супольнасці сяброў і адзінаверцаў.

Не марнуючы часу, маладыя людзі з розных мясцін знаёміліся, размаўлялі і падмацоўвалі сілы гарбатай з салодкім пачастункам, каб далей чуваць.

Апошнім пунктам праграмы адвэнтавага чування стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Яе падрыхтавала і правяла моладзь з мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы. Дружным спевам удзельнікі чування праслаўлялі ўсемагутнага Бога, шукаючы адпаведнага месца, у якое Ён зможа прыйсці, каб пасяліцца.

Напрыканцы адарацыі адбыліся акты прысвячэння: дзяўчаты даручылі Богу свае сэрцы, каб яны сталі месцам нараджэння Езуса ў гэтым свеце, а хлопцы выказалі сваё жаданне пайсці за Хрыстом, каб бараніць Яго Любоў. Атрыманае благаслаўленне стала выразам Божай ласкі, якая дапаможа ім вытрываць у добрых намерах і стаць сапраўды шчаслівымі і радаснымі людзьмі, а іх сэрцы зробіць жывым Бэтлеемам нашага часу.

Абноўлена 18.05.2020 13:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця