Пошук

16.12.2024 13:31   Тэкст: Ірэна Ахрамовіч / Фота: Лізавета Бубенька / Catholic.by

У ноч з 14 на 15 снежня, у Трэцюю нядзелю Адвэнту, якая ў касцёльнай традыцыі называецца Gaudete — «Радуйцеся», — моладзь з парафій Мінска і іншых мясцін Беларусі сабралася ў сталічнай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі на традыцыйнае адвэнтавае чуванне.

Тэма сёлетняга чування гучала: «ЕруШалом — горад супакою».

«Ерузалем — гэта не толькі геаграфічны пункт, але стан душы, дзе супакой становіцца рэальнасцю», — адзначыў на пачатку чування адказны за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак. Святар падкрэсліў, што супакой пачынаецца з асабістай сустрэчы з Богам і павінен пранікаць у сем’і, супольнасці і ўвесь свет.

Чуванне распачалося святой Імшой, цэлебрацыю якой ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Напачатку адбылася працэсія святла: былі запаленыя свечкі, што сталі сімвалам жадання ўдзельнікаў несці святло і супакой у свет.

Імшу ўпрыгожыў спевамі моладзевы салезіянскі хор з парафіі святога Яна Хрысціцеля са сталічнага мікрараёна Серабранка.

Гамілію прамовіў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які звярнуў увагу на выклікі сучаснага свету і ролю хрысціянскай радасці ў пераадоленні розных жыццёвых цяжкасцяў.

«У часы, калі грэх становіцца нормай, калі адбываецца падмена паняццяў і каштоўнасцяў, усё цяжэй супрацьстаяць граху. Хрысціянская радасць павінна быць у сэрцы, каб змяняць і навяртаць гэты свет да лепшага», — падкрэсліў іерарх.

Пасля Імшы юнакі і дзяўчаты абменьваліся каляднымі пажаданнямі, дзяліліся аплаткамі са святарамі і іерархамі, перадаючы адзін аднаму знак супакою, што стала адметнай рысай гэтага чування.

Наступным пунктам праграмы стала сцэнічная пастаноўка, якую падрыхтавала тэатральная група пад мастацкім кіраўніцтвам сястры Кацярыны Грынчык MSF з парафіі святога Казіміра ў Маладзечне. Сцэнка «Цуды Езуса» нагадала пра сілу веры і ласкі, здольнай перамяніць жыццё кожнага чалавека.

Пасля сцэнкі ўдзельнікі маглі падзяліцца з прысутнымі невялічкімі сведчаннямі пра цуды са свайго жыцця.

Сваім калядным цудам падзяліўся і арцыбіскауп Юзаф Станеўскі, які распавёў гісторыю пра цуд на Божае Нараджэнне, што адбыўся падчас яго службы ў войску.

Каля ясляў у архікатэдры было створана адмысловае месца, дзе кожны мог укленчыць, паразважаць пра свае надзеі і думкі, даверыць іх Езусу. Побач былі падрыхтаваныя падарункі з Божым словам, якія маглі ўзяць усе ахвотныя.

Чуванне працягнулася канферэнцыяй ксяндза Андрэя Лысага, хрыстусоўца, які расказаў пра час чакання і надзеі.

«Час надзеі — гэта час цярплівага чакання, гэта час вялікага Адвэнту. Кожны Адвэнт скончыцца святам Божага Нараджэння. Жадаю, каб кожны з нас дачакаўся сапраўднага Божага Нараджэння ў тым вечным горадзе Ерузалеме, калі пройдзем праз браму вечнасці, каб мы там сустрэліся ў супакоі з Богам і ў адной супольнасці праслаўлялі Божую міласэрнасць», — выказаў пажаданне святар.

Канферэнцыя завяршылася малітвай псальмамі, пасля якой моладзь узяла ўдзел у Ружанцы, праведзеным супольнасцю Душпастырства моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам».

Падчас перапынкаў удзельнікаў частавалі гарачай гарбатай і цёплым булёнам, што дапамагала сагрэцца ў доўгую адвэнтавую ноч. Асаблівым момантам чування стала малітва «Езу, Ты гэтым займіся» айца Даліндо Руотала, якая стала часам глыбокага даверу і перадачы сваіх цяжкасцяў Езусу.

Пасля малітвы моладзь абмянялася знакам супакою і адмысловымі жэтонамі з надпісам «Супакой табе».

Закдючным пунктам чування стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую правяла моладзь архікатэдральнай парафіі. Час цішыні і спевы стварылі атмасферу асабістай сустрэчы з Богам. Завяршылася чуванне благаслаўленнем і пажаданнямі радаснага чакання Божага Нараджэння.

Гэтая ноч стала для моладзі нагодай адчуць сябе сапраўднымі пілігрымамі надзеі, якія нясуць супакой і радасць у свет напярэдадні Юбілею Святога 2025 года.

 

Абноўлена 16.12.2024 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа